Рэсурсы беражом — выдатна жывём

У Міжнародны дзень энергазберажэння школьнікі Міншчыны чарговы раз даказалі, што яны ўсведамляюць значнасць эканоміі энергарэсурсаў і гатовы не толькі словамі, але і справамі падтрымліваць гэтую ідэю.

Фота да матэрыяла: Рэсурсы беражом —  выдатна жывём.З 2008 года Міжнародны дзень энергазберажэння адзначаецца 11 лістапада па ініцыятыве Міжнароднай экалагічнай сеткі “Школьны праект па выкарыстанні рэсурсаў і энергіі” (SPARE). Яго асноўная ідэя і задача — прыцягнуць увагу грамадскасці да рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў і развіцця аднаўляльных крыніц энергіі. Гэты дзень адзначаецца ў многіх краінах рознымі асветніцкімі і прапагандысцкімі мерапрыемствамі. У “зялёнае братэрства” ўліліся і школьнікі Мінскай вобласці. Сёлета па традыцыі прайшлі тэматычныя канферэнцыі, выставы, брэйн-рынгі, вучэбныя заняткі, квесты.

У Барысаўскім раёне мерапрыемствы прайшлі ва ўсіх без выключэння ўстановах дашкольнай, агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі. Гэта заняткі і гутаркі на тэму “Беражы энергію”, эўрыстычныя заняткі “Святло, газ, ваду беражом — выдатна жывём”, радыёлінейкі па тэмах “Зберажом энергію разам”, “Эканомія ў побыце”, таксама выставы літаратуры, акцыі, інфармгадзіны і многае іншае. Былі выпушчаны бюлетэні, памяткі па энергазберажэнні. Мерапрыемствы выйшлі і за межы ўстаноў адукацыі. Так, удзельнікі клуба “Юныя інспектары дарожнага руху” сярэдняй школы № 20 Барысава адправіліся на вуліцы горада, каб нагадаць яго жыхарам пра неабходнасць рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў. Навучэнцы раздавалі лістоўкі з парадамі і паведамілі сустрэчным карысную інфармацыю па тэме. Да акцыі падключыліся і самыя маленькія жыхары раёна — дашкольнікі. Яны пачалі дзень з тэматычнай ранішняй гімнастыкі, удзельнічалі ў даследчай рабоце на тэму “Дзе жыве электрычнасць”, а таксама ў дыдактычных гульнях.

Займальная хвілінка на ўроках матэматыкі “Пра ашчаднасць — у лічбах”, відэакруіз на ўроку фізікі “Атамная энергетыка і радыяцыйная бяспека”, парад прапаноў на ўроках працоўнага навучання “Беражлівым быць модна” чакалі навучэнцаў сярэдняй школы № 7 Барысава. Таксама для іх прайшоў квест “Энергамарафон” і зносіны-эксперымент “Энергазберажэнне ў школе і дома”. Акцэнтам правядзення Міжнароднага дня энергазберажэння ва ўстанове стаў калектыўны выраб артбука “Зберажом энергію — захаваем планету”.

У Нясвіжскім раёне хлопчыкі і дзяўчынкі дэманстравалі свае творчыя здольнасці і дасведчанасць аб энергазберажэнні ў конкурсах малюнкаў, насценгазет і плакатаў. У Цэнтры дзіцячай творчасці для навучэнцаў быў арганізаваны відэалекторый “Фіксі-парады: як берагчы электраэнергію”. Значныя маштабы набыла конкурсна-гульнявая праграма “Падарожжа з Фіксікамі ў Энергалэнд”, якая не абмежавалася толькі ўстановай, а прайшла і на вуліцах Нясвіжа. Тут жа пазней адбылася акцыя “Берагу святло”.

Актыўнымі былі ў гэтыя дні і юныя случчане. Напрыклад, у гімназіі № 1 Слуцка прайшлі інтэрактыўныя тэматычныя ўрокі: навучэнцы падрыхтавалі і абаранілі прэзентацыі па тэмах энерга- і рэсурсазберажэння, прынялі ўдзел у віктарынах, папрацавалі ў творчых майстэрнях па выпуску плакатаў, лістовак, вырабаў з другаснай сыравіны. Не сумавалі і іх аднагодкі з Дзяржынскага раёна — навучэнцы гімназіі Фаніпаля адправіліся на экскурсію на завод вымяральных прыбораў “Энергамера”, дзе даведаліся шмат цікавага пра энергазберажэнне. А ў гімназіі Дзяржынска на класных гадзінах навучэнцы дзяліліся лайфхакамі па захаванні энергіі ў побыце.

Падчас шматлікіх мерапрыемстваў і акцый можна было пераканацца, што дзеці могуць быць прыкладам для сваіх бацькоў. Іх цвёрдая пазіцыя і гатоўнасць дзейнічаць дае ўсім нам надзею на тое, што наша планета мае будучыню.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена МАІРА.