Рэсурсы для забеспячэння якасці адукацыі

Дзейнасць сістэмы адукацыі Ваўкавыскага раёна накіравана на захаванне якаснай і даступнай адукацыі. Асаблівая ўвага ўдзяляецца захаванню здароўезберагальнага працэсу, бяспечных умоў пры арганізацыі адукацыйнага працэсу, у тым ліку ва ўмовах распаўсюджвання COVID-19. Гэта адзначыў начальнік упраўлення адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама Міхаіл Баляслававіч Сяменчык.

— Міхаіл Баляслававіч, раскажыце аб кадравым патэнцыяле раёна і адпаведных дасягненнях. Ці ёсць актуальныя для вас пытанні?

— У новым навучальным годзе адукацыйны працэс у раёне забяспечваюць звыш 1500 педагагічных работнікаў. Стабільна вышэйшы за абласны паказчык колькасці педагогаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю (амаль 83 працэнты). 7 педагогаў раёна маюць кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Паказчык замацавання маладых спецыялістаў пасля адпрацоўкі двух гадоў таксама вышэйшы, чым абласны, — каля 80 працэнтаў. Асаблівую ўвагу ўстановам адукацыі сёння трэба звярнуць на мэтанакіраваную работу па заключэнні дагавораў аб мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў (рабочага, служачага) па запатрабаваных спецыяльнасцях, падрыхтоўцы неабходных кадраў. 

На базе 20 устаноў адукацыі сёння рэалізуюцца 3 эксперыментальныя і 18 інавацыйных праектаў. Арганізавана работа 3 абласных рэсурсных цэнтраў і 22 раённых. Ваўкавыскі раённы вучэбна-метадычны кабінет і педагогі раёна прымалі актыўны ўдзел у стварэнні адзінага рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу. У гэтай рабоце было задзейнічана 55 педагогаў з 13 устаноў адукацыі. У раёне вялася работа па падрыхтоўцы матэрыялаў па 18 вучэбных прадметах для абласнога адукацыйнага партала “Віртуальная школа”. Варта адзначыць зладжаную работу адміністрацыі і педагогаў сярэдняй школы г.п.Краснасельскі пры ўдзеле ў аглядах-конкурсах кабінетаў. За тры гады чатыры кабінеты ўстановы прызнаны лепшымі ў вобласці.

— Якія тэндэнцыі ў развіцці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі вы можаце адзначыць? 

— У раёне больш за палову вучняў 10—11 класаў 17 устаноў адукацыі вывучаюць прадметы на павышаным узроўні. Арганізавана вывучэнне асобных прадметаў на павышаным узроўні на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў 9 установах. Расце колькасць профільных груп прафесійнай накіраванасці: педагагічнай (9 груп), аграрнай (7 груп), спартыўна-педагагічнай (у сярэдняй школе г.п.Краснасельскі). Ёсць станоўчая дынаміка ў адкрыцці класаў з беларускай мовай навучання ў рускамоўных установах. У гімназіі № 2 Ваўкавыска арганізавана вывучэнне кітайскай мовы як вучэбнага прадмета. У раёне створана мадэль прафесійнага навучання з улікам запытаў вучняў, наяўнасці матэрыяльна-тэхнічнай базы і кадравых рэсурсаў. У мінулым навучальным годзе прафпадрыхтоўка вучняў 10—11 класаў ішла па 9 прафесіях: швачка, кухар, памочнік выхавальніка, сакратар, сталяр, муляр, тынкоўшчык, слесар па рамонце аўтамабіляў, трактарыст-машыніст катэгорыі “А”. 

Усе ўстановы адукацыі працягваюць укараняць сэрвіс “Электронны журнал / электронны дзённік”. Таму вельмі актуальныя пытанні выкарыстання ў адукацыйным працэсе сучасных ІКТ, а таксама сістэмная работа па павышэнні IT-кампетэнтнасці спецыялістаў. Праводзіцца работа па аснашчэнні ўстаноў сучаснымі тэхнічнымі сродкамі навучання. Пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Беларусі ва ўстановы пастаўлены 2 кабінеты біялогіі, па адным кабінеце фізікі, хіміі, інфарматыкі. 

Сярод дасягненняў сістэмы магу адзначыць, што сёлета 100-бальныя вынікі на ЦТ атрымалі вучань сярэдняй школы № 2 Ваўкавыска Кірыл Прыгожын (руская мова), вучаніцы гімназіі № 1 Вольга Марцінчык і сярэдняй школы № 8 з польскай мовай навучання Караліна Макавецкая (біялогія). На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах вучні Ваўкавыскага раёна заваявалі 5 дыпломаў: вучні гімназіі № 2 (іспанская мова, руская мова), сярэдняй школы № 7 (геаграфія), сярэдняй школы № 2 г.п.Рось (гісторыя). Вучаніца гімназіі № 2 Ваўкавыска Віялета Мазалеўская заваявала дыплом І ступені на Рэспубліканскім конкурсе даследчых работ. Павялічылася колькасць перамог на абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Крышталёвая Альфа”. 

— Сёння вялікая ўвага ўдзяляецца выхаваўчай рабоце… 

— Сапраўды, у Год народнага адзінства прыярытэтнымі кірункамі ў рабоце з’яўляюцца ідэалагічнае, грамадзянскае, патрыятычнае і прававое выхаванне. За эфектыўную работу па рэалізацыі Комплекснай праграмы выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі ў Гродзенскай вобласці на 2016—2020 гады ўпраўленне адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама ўзнагароджана дыпломам. Вынікам сістэмнай работы з’явілася паспяховае прадстаўленне вопыту раёна на XIX Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі. Так, Краснасельскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі ўзнагароджаны дыпломам Міністэрства адукацыі за актыўны ўдзел у выставе. 

Установы адукацыі працягваюць работу па фарміраванні ў вучняў уменняў аналізаваць інфармацыю аб сацыяльных з’явах і працэсах, весці дыскусію па праблемах развіцця сучаснага грамадства, у тым ліку шляхам рэалізацыі інфармацыйна-адукацыйнага праекта “ШАГ”. У мэтах павышэння псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў у 2021/2022 навучальным годзе будзе працягнута рэалізацыя праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”. Удасканальваюцца формы і метады краязнаўчай, турыстычна-экскурсійнай дзейнасці. Калегіяй Міністэрства культуры ганаровае званне “народны” прысвоена краязнаўчаму музею сярэдняй школы № 1 г.п.Рось. Забяспечана педагагічная падтрымка маладзёжнага лідарства. У верасні 2020 года адбыліся выбары ў раённы Маладзёжны парламент V склікання. Рэалізуецца раённы праект “#Моладзь ВТеме.by”. Новы імпульс нададзены раённаму валанцёрскаму руху “Тэрыторыя дабра”, які аб’ядноўвае больш за 900 вучняў, 30 валанцёрскіх і 49 цімураўскіх атрадаў. Створаны 124 мабільныя групы, якія аказваюць дапамогу пажылым людзям. Развіваецца сетка новых сучасных аб’яднанняў па інтарэсах. Нашы вучні праходзяць навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. 

Ёсць і спартыўныя дасягненні. На базе пяці ўстаноў адукацыі функцыянуюць 7 спецыялізаваных па спорце класаў. З 2018 года ў вучылішчы алімпійскага рэзерву пераведзены 16 вучняў раёна, 10 з іх прысвоены спартыўны разрад кандыдата ў майстры спорту, 5 вучняў маюць спартыўнае званне майстра спорту. Паспяхова выступаюць каманды Ваўкавыскага раёна ў абласной спартакіядзе школьнікаў у валейболе (юнакі), дзюдо, лёгкай атлетыцы, плаванні, шашках, настольным тэнісе. У складзе зборнай вобласці 7 вучняў раёна прынялі ўдзел у Рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў, з іх 5 сталі прызёрамі спартакіяды. 

У сістэме адукацыі Ваўкавыскага раёна сёння дастаткова рэсурсаў (кадравых, інфармацыйных, матэрыяльных) для вырашэння задач па забеспячэнні якасці адукацыі. Слоган работы, які мы выбралі на гэты навучальны год, — “Кожны з нас — частка адзінага цэлага, аднаго вялікага МЫ — беларускага народа”.

Надзея ЦЕРАХАВА.