Рэцэпт адаптацыі пачынаючых педагогаў

Раённая школа пачынаючага настаўніка ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі — адна са структур, дзе навічкі могуць атрымаць такую неабходную ім падтрымку. У Заводскім раёне сталіцы паспелі пераканацца ў эфектыўнасці падобнага вопыту. На працягу двух навучальных гадоў такую школу прайшлі больш за сорак чалавек. Работа будзе працягнута і ў далейшым, для таго каб аб’ядноўваць маладых спецыялістаў, перадаваць ім вопыт і прывіваць любоў да прафесіі.

Кіраўнік раённай школы С.І.Багдановіч з маладымі спецыялістамі.

Гарантаваць дапамогу і падтрымку

Школа пачынаючага настаўніка Заводскага раёна працуе на базе сярэдняй школы № 92 Мінска. У гэтай установе даўно склалася традыцыя: у абавязковым парадку замацоўваць маладых спецыялістаў за вопытнымі, высокакваліфікаванымі  педагогамі, якія выкладаюць той жа прадмет. Аднак адчувалася, што гэтага недастаткова. Кіраўніцтва школы апошнім часам заўважыла: моладзі яшчэ неабходны як мінімум  больш актыўныя зносіны паміж сабой, магчымасць абмеркаваць агульныя праблемы, а нярэдка і парады псіхолага. Сваім назіраннем падзяліліся з метадыстам Мінс­кага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Тамарай Аркадзьеўнай Бялькевіч, і яна прапанавала на раённым узроўні арганізаваць школу для навічкоў. З яе лёгкай рукі неўзабаве з’явілася падобная структура. Т.А.Бялькевіч з першага дня кансультуе па ўсіх пытаннях, дапамагае арганізоў­ваць эфектыўнае ўзаемадзеянне розных адукацыйных структур горада і раёна і рабіць працу з маладымі спецыялістамі больш дасканалай.

У 2018/2019 навучальным годзе ў раённай школе сабраліся 28 маладых спецыялістаў, у 2019/2020 — 18. Гэта былі разнапрофільныя педагогі з ўстаноў адукацыі Заводскага раёна. Непасрэдным кіраўніком школы стала настаўніца матэматыкі вышэйшай кваліфікацыйнай  катэгорыі сярэдняй школы № 92 Святлана Іосіфаўна Багдановіч, педагагічны стаж якой складае 40 гадоў. Яна з ахвотай узялася за справу, бо для яе гэта таксама новы, цікавы і карысны вопыт.

—   Праца з маладымі настаўнікамі — гэта зусім іншы кірунак, чым звычайная вучэбная дзейнасць, — дзеліцца ўражаннямі С.І.Багдановіч. — Мне яна нагадвае працу са студэнтамі. Яны задаюць глыбокія, часам абсалютна нечаканыя і новыя пытанні. Так што і сама па-новаму пачынаю на нешта глядзець. Безумоўна, асабліва радуе, калі ў моладзі  ёсць зацікаўленасць, жаданне набыць прафесіяналізм. Аднак, на жаль, з самага пачатку так бывае не заўсёды. Але гэта не значыць, што ўсё дарэмна і праз некаторы час сітуацыя не зменіцца. Імкнёмся не толькі дзяліцца вопытам і адказваць на ўсе пытанні, што ўзнікаюць, але і прыві­ваць любоў да прафесіі. І часта гэта атрымліваецца!

Святлана Іосіфаўна разумее важ­насць пастаўленай задачы. Па ўласным вопыце ведае, наколькі неабходны дапамога і падтрымка на старце педагагічнай дзейнасці. Падкрэслівае, што якасць адукацыі вызначаецца кампетэнтнасцю настаўніка. Але прафесіяналізм, вядома ж, прыходзіць з часам, яго трэба спярша напрацаваць. Між тым пачынаючыя педагогі з першых дзён выконваюць тыя ж абавязкі і нясуць такую ж адказнасць, як і вопытныя. Вучні і іх бацькі не ро­бяць для іх ніякіх скідак. Справіцца з усім навічкі могуць, варта толькі не панікаваць і хай і не хутка, але рухацца наперад.

Лякарства ад стрэсу

Як жа арганізавана работа раённай школы пачынаючага настаўніка ў Заводскім раёне? Сустрэчы тут ладзяцца раз у чвэрць. Аднак без увагі маладых настаўнікаў не пакідаюць ніколі, наладжана пастаянная сувязь з імі. Для гэтага, напрыклад, была створана група ў Vіber. Тут можна ў любы час пакінуць сваё пытанне ці ўнесці прапанову.

На першым пасяджэнні, якое арганізоўваецца ў пачатку новага навучальнага года, праводзяцца гутарка і анкетаванне. Важна пазнаёміцца, зразумець, якая дапамога найбольш актуальная для моладзі, якія пытанні яе востра хвалююць. Менавіта даныя анкетавання дапамагаюць выбіраць тэмы для далейшых сустрэч.

Таксама на першым пасяджэнні стала традыцыяй правядзенне круглага стала з псіхолагам сярэдняй школы № 92 Ірынай Васільеўнай Кляпіцкай на тэму “Павышэнне псіхалагічнай кампетэнцыі пачынаючага педагога”. Затым псіхолаг рэгулярна ладзіць розныя мерапрыемствы, а пры неабходнасці праводзіць індывідуальныя кансультацыі. Асабліва гэта важна для тых, хто працуе першы год, які з’яўляецца часам адаптацыі да педагагічнага і вучнёўскага калектываў. Парады псіхолага дапамагаюць навічкам хутчэй справіцца з цяжкасцямі, выпрацаваць свой індывідуальны стыль зносін з дзецьмі.

— Асноўная мая задача як псіхолага — дапамагчы маладому чалавеку адаптавацца да новага віду дзейнасці (вучэбная дзей­насць мяняецца на працоўную), не даць “перагарэць” на старце, — тлумачыць педагог-псіхолаг І.В.Кляпіцкая. — Увагі патрабу­юць многія аспекты. Трэба і асвоіцца ў новым калектыве, і пабудаваць правільныя ўзаемаадносіны з адміністрацыяй і калегамі, вучнямі і бацькамі. Таксама важна ўмела прэзентаваць сябе, свае веды і навыкі, навучыцца вырашаць міжасабовыя праблемы. Акрамя таго, правільна арганізоўваць свае ўрокі трэба яшчэ і з пункту гледжання псіхалогіі. Паступова ўсе гэтыя пытанні разглядаюцца.

Намеснік дырэктара І.І.Шкумат.

Псіхолаг падкрэслівае, што адной з асаблівасцей педагагічнай дзейнасці з’яўляецца высокая эмацыянальная і псіхічная напружанасць, што можа прывесці да развіцця сіндрому эмацыянальнага выгарання. Таму маладому спецыялісту неабходна разві­ваць эмацыянальную ўстойлівасць, захоўваць добрую фізічную і псіхічную форму. Пачы­наць можна з простых, але эфектыўных прыёмаў: не адносіцца занадта крытычна  да сваіх памылак. Варта не моцна перажываць з-за іх, а спакойна прааналізаваць і зрабіць высновы на будучыню. Таксама важна навучыцца арганізоўваць свой час, кіраваць ім. Пры неабходнасці трэба ўмець ветліва, але пераканаўча адмаўляць. Яшчэ адна парада псіхолага маладым: стварыць на сваім працоўным месцы як мага больш камфортныя ўмовы.

Асноўныя формы работы з маладымі спецыялістамі, якія выкарыстоўваюцца педагогам-псіхолагам, — гэта асветніцкія міні-лекцыі, семінары, інтэрактыўныя гутаркі і семінары-практыкумы ў рамках як раённай школы пачынаючага настаўніка, так і псіхолага-педагагічнага суправаджэння ў школе. Усе гэтыя формы работы даюць магчы­масць павышаць псіхалагічную кампетэнтнасць маладых спецыялістаў у вырашэнні складаных педагагічных задач, дапамагаюць фарміраваць у іх разуменне псіхалагічнай сутнасці праблемы.

Важна разгледзець з пачынаючымі настаўнікамі найбольш актуальныя пытанні. Гэта могуць быць як тэмы, прапанаваныя самімі педагогамі, так і тыя, што, па меркаванні псіхолага, найбольш часта сустракаюцца ў настаўнікаў-пачаткоўцаў. І.В.Кляпіцкая вылучыла для сябе аспекты, якім абавязкова трэба ўдзяліць увагу. Яны знайшлі адлюстраванне ў наступных тэмах: “Павышэнне псіхалагічнай кампетэнцыі пачынаючага педагога”, “Праблемы маладога настаўніка ў перыяд адаптацыі ў школе”, “Чаму вучань становіцца цяжкім?”, “Індывідуальныя асаблівасці дзіцяці”, “Як пазбе­гнуць канфліктных сітуацый з вучнямі” і “Рэкамендацыі маладым педагогам па прафілактыцы сіндрому эмацыянальнага выгарання”.

— У паспяховай адаптацыі пачынаючага педагога вельмі многае залежыць не толькі ад яго самога, але і ад калектыву, у які ён трапіў, — тлумачыць Ірына Васільеўна. — Каб маладыя спецыялісты не адчувалі эмацыянальнага дыскамфорту, ім, вядома ж, патрэбны разуменне, дапамога і падтрымка калег. Чым больш сяброўская, добрая атмасфера будзе ва ўстанове адукацыі, тым хутчэй навічок прывыкне да перамен. Як псіхолаг я стараюся ўносіць сваю важкую лепту ў фарміраванне станоўчага клімату ў педагагічным калектыве.

Праблемы і іх вырашэнне

Кіраўнік раённай школы пачынаючага настаўніка С.І.Багдановіч адразу ўзяла сабе за правіла: ніхто не павінен заставацца сам-насам з нявырашанымі пытаннямі. Безумоўна, ход кожнай сустрэчы да дробязей прадумваецца загадзя. Аднак усе пытанні, якія паступаюць ад удзельнікаў, разбіраюцца неадкладна.

— Для мяне самыя злабадзённыя і важныя тыя пытанні, з якімі прыйшлі маладыя настаўнікі, — гаворыць Святлана Іосіфаўна. — Акрамя таго, спачатку абавязкова ўдзя­ляем асаблівую ўвагу вядзенню ўнутранай дакументацыі. Таксама адна з ключавых тэм — “Параўнанне традыцыйнага ўрока з сучасным”. Праводжу трэнінгі, тлумачу, якія педагагічныя патрабаванні прад’яўляюцца да сучаснага ўрока. Акцэнт раблю на практычнай частцы. Безумоўна, для разумення лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць.

Адным з упадабаных стаў майстар-клас па арганізацыі ўрока. На ім ўсё разбіраецца паэтапна, на прыкладах паказваецца, як можна мадэляваць кожную з частак у сучасным уроку. Затым маладыя спецыялісты спрабуюць самастойна скласці план заняткаў па сваім прадмеце. А ў канцы ўсім абавязкова трэба абмяняцца сваімі думкамі, уражаннямі і ідэямі.

Рэгулярна ладзяцца сустрэчы з вопытнымі педагогамі. Маладым настаўнікам асабліва падабаецца наведваць майстар-класы прадметнікаў. Таксама яны праглядаюць відэафрагменты ўрокаў, якія спецыяльна здымаюць у школе.

— Пачынаючыя настаўнікі падкрэслілі, што ім і далей хочацца бачыць як мага больш менавіта практычных момантаў, — расказвае С.І.Багдановіч. — У такім выпадку ім зручна ўзяць нешта за арыенцір і адаптаваць да сябе. Убачанае мы падрабязна аналізуем і абмяркоўваем. А ў канцы кожнай сустрэчы праводзіцца рэфлексія. Усе ўдзельнікі дзеляцца ўражаннямі, гавораць, што для іх было новым, пра што хацелася б даведацца яшчэ.

Святлана Іосіфаўна зрабіла выснову: перыядычна неабходна праводзіць круглыя сталы. Яны дапамагаюць адчуць сябе больш разняволена і даюць магчымасць разам абмеркаваць усе хвалюючыя пытанні. Не варта таксама забывацца пра размовы за гарбатай у канцы мерапрыемстваў. Яны вельмі збліжаюць, дапамагаюць больш даведацца адзін пра аднаго.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ірына Іванаўна Шкумат вельмі задаволена тым, што на базе ўстановы адукацыі працуе раённая школа пачынаючага настаўніка. Хочацца, каб моладзь трымалася разам і бачыла: праблемы кожнага не ўнікальныя, у многіх існуюць падобныя.

— На маю думку, наша самая галоўная мэта на сённяшні дзень — навучыць маладога настаўніка хутка рэагаваць на тыя перамены, якія адбываюцца ў адукацыі, — акцэнтуе ўвагу Ірына Іванаўна. — Мне як намесніку дырэктара перш-наперш хочацца зразумець, якія прафесійныя страхі  ёсць у навічка. Ведаючы гэта, можна адразу аказаць дапамогу.

У Ірыны Іванаўны багаты вопыт: на пасадзе намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце яна ўжо 17 гадоў. Адзначае, што за гэты час галоўныя страхі ў маладых педагогаў не мяняюцца. Аднак усё ж пэўная розніца ёсць. Так, раней нашмат больш палохала вядзенне класнага журнала і іншай унутранай дакументацыі. Быў страх нешта не так запісаць, няправільна аформіць. Зараз жа да гэтага адносяцца спакайней. Цяпер больш палохае знаходжанне агульнай мовы з бацькамі. А вось з вучнямі маладым педагогам, як правіла, удаецца ўстанавіць кантакт без асаблівых праблем. Аднак у сярэдняй школе № 92 стараюцца пры магчымасці не даваць пачынаючым настаўнікам старшыя класы. Паколькі розніца ва ўзро­сце не вельмі вялікая, не кожнаму ў такой сітуацыі ўдаецца выбудаваць правільныя адносіны і, адпаведна, падтрымлі­ваць дысцыпліну ў класе. Таксама ў маладых настаўнікаў заўсёды ёсць пытанні наконт метадычна правільнай арганізацыі ўрока, адсочвання часавых рамак яго этапаў. Яны могуць добра валодаць тэорыяй, але ім варта дапамагчы прымяніць свае веды на практыцы.

Адна з распаўсюджаных праблем — страх публічных выступленняў. Многім пераадолець гэты бар’ер дапамагае паступовае, нярэзкае ўключэнне ў такую дзейнасць. Аднак у некаторых усё ж такі гэты страх застаецца. У такім выпадку важна не ламаць чалавека, а зразумець, які ў яго патэнцыял, і дапамагчы развівацца менавіта ў тым кірунку. Так, нехта можа спрабаваць сябе ў прафесійных конкурсах, дзе трэба выступаць перад даволі шырокай аўдыторыяй, а хтосьці — паспяхова займацца даследчай дзейнасцю з вучнямі…

 — Пераканана: суправаджэнне маладога педагога павінна весціся не два гады, а да пяці. Гэта аптымальны тэрмін для прафесійнага росту, — каменціруе І.І.Шкумат. — У большасці выпадкаў ранейшыя памылкі вяртаюцца, калі мы абрываем суправаджэнне праз два гады і адпраўляем настаўнікаў у самастойнае плаванне. Хаця бываюць і выключэнні. Часам маладыя педагогі адаптуюцца вельмі хутка. Так, у адной з настаўніц гісторыі на трэцім годзе працы я ўбачыла ўрокі, якія адпавядалі ўжо нават не другой, а першай катэгорыі. Пазней яна адчула сябе яшчэ больш упэўнена і вырашыла, што хоча
вы­к­ладаць у каледжы. Мяне радуе, што чалавек, які рабіў першыя крокі ў нас, стаў прафесіяналам і працуе ў сферы адукацыі.

Сёлета восенню маладыя спецыялісты Заводскага раёна ўжо трэці год запар зноў сустрэнуцца ў школе пачынаючага настаўніка. Адны працягнуць пераймаць вопыт, а іншыя зробяць самыя першыя прафесійныя крокі. Той, хто працуе другі год, будзе рыхтаваць свае ўрокі і паказваць, які прагрэс у яго назіраецца. Яшчэ Сенека заўважыў: калі мы вучым іншых — вучымся і самі.

Таццяна ШЫМКО.