Рэцэпты цікавых канікул

Рэспубліканскі семінар-нарада па падвядзенні вынікаў летняй аздараўленчай кампаніі 2015 года адбыўся ў НДЦ “Зубраня”. Стартавала мерапрыемства выступленнем выхаванцаў лагераў. У канцы творчага нумара дзеці сталі побач адно з адным, трымаючы літары, якія склаліся ў словы “Дзякуй за лета!”. Тым самым яны выказалі сваю ўдзячнасць усім, хто падарыў ім цудоўны адпачынак летам гэтага года.

Шчаслівыя дзіцячыя ўсмешкі, новыя ўражанні, добрыя сябры, сустрэчы ля кастра і цікавыя падарожжы — такія жыццярадасныя карціны малюе свядомасць, калі думаеш пра аздараўленне ў летніках. Але для таго, каб менавіта такім быў дзіцячы адпачынак, неабходна зладжаная і напружаная работа мноства людзей розных прафесій. Таму ўдзел у семінары-нарадзе прынялі прадстаўнікі розных структур: Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Міністэрства ўнутраных спраў, Рэспубліканскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, упраўленняў адукацыі аблвыканкамаў, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, раённых і гарадскіх аддзелаў адукацыі, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, кіраўнікі і супрацоўнікі выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі, а таксама іншыя спецыялісты, якія працавалі над тым, каб летняе аздараўленне прайшло на высокім узроўні. Шырокае прадстаўніцтва розных дзяржаўных структур зрабіла работу семінара максімальна змястоўнай і плённай.Пацвярджаючы важнасць дзіцячага аздараўлення для нашай дзяржавы, да ўдзельнікаў Рэспубліканскага семінара-нарады звярнуўся з відэапрывітаннем міністр адукацыі нашай краіны. Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў адзначыў, што аздараўленчая кампанія 2015 года прайшла паспяхова, і падзякаваў за гэта ўсім, хто займаўся арганізацыяй дзіцячага адпачынку і аздараўлення. Таксама Міхаіл Анатольевіч пажадаў прысутным плённай работы на семінары-нарадзе, бо іх чакала важная місія: не толькі падвесці вынікі мінулага лета, але і абмеркаваць планы на лета наступнага года.

Летнія тэндэнцыі мовай лічбаў

Падрабязней аб статыстычных даных па летнім аздараўленні, дасягненнях і праблемах у гэтай сферы паведаміў Віктар Віктаравіч Якжык, намеснік міністра адукацыі.
“Штогод аздараўленчая кампанія ў выхаваўча-аздараўленчых установах адукацыі ахоплівае больш за трэць усіх школьнікаў нашай краіны, — адзначыў Віктар Віктаравіч, — таму відавочна, што выхаваўчае асяроддзе летнікаў уздзейнічае на якасць выхаваўчай работы з дзецьмі ўвогуле. І сёлета з пастаўленымі задачамі органы кіравання адукацыяй і выхаваўча-аздараўленчыя ўстановы справіліся”.
У аздараўленчай кампаніі сезона 2015 года назіраліся наступныя тэндэнцыі: павялічылася колькасць аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем дзяцей; актывізавалася работа па аздараўленні дзяцей у лагерах па профілях, кірунках дзейнасці, лагерах працы і адпачынку; ажыццяўляўся бесперапынны маніторынг кампаніі ўсімі зацікаўленымі службамі.
Летнім аздараўленнем у 2015 годзе былі ахоплены 32,7% дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў. У 6058 аздараўленчых лагерах адпачылі 362 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак, што складае 105,2% ад запланаванай лічбы. 152,1 тысячы дзяцей аздараўляліся ў 1563 кругласутачных лагерах (з іх 152 — стацыянарныя). 209,9 тысячы школьнікаў бавілі час у 4495 дзённых лагерах.
Каторы год запар звяртае на сябе ўвагу тэндэнцыя павелічэння долі аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем дзяцей. У параўнанні з мінулым летам іх колькасць узрасла з 57,1% да 58% ад агульнай колькасці. Гэта тычыцца ўсіх рэгіёнаў краіны, акрамя Мінскай вобласці, дзе такая тэндэнцыя не назіраецца. А між тым большы аздараўленчы эфект даюць усё ж загарадныя кругласутачныя летнікі. Асабліва важныя яны для юных жыхароў буйных гарадоў, бо знаходжанне ў лагеры ў горадзе цяжка назваць азда-раўленнем. Сёння сустракаюцца выпадкі, калі кругласутачныя лагеры запаўняюцца не поўнасцю, арганізоўваюцца толькі тры змены, нават калі ёсць магчымасць праводзіць больш. Для паляпшэння сітуацыі прапаноўваецца больш рацыянальна выкарыстоўваць базу кругласутачных лагераў, каардынаваць дзеянні раённых і гарадскіх структур, ствараць міжраённыя лагеры.
А вось у арганізацыі работы лагераў па профілях і кірунках дзейнасці адзначаецца станоўчая дынаміка. Аб’ёмы аздараўлення ў іх растуць. Рэгіёнамі праводзілася мэтанакіраваная работа па вырашэнні гэтай задачы. Сёлета была арганізавана дзейнасць 4098 профільных лагераў, атрадаў, змен, у тым ліку 1474 лагераў з кругласутачным і 2624 з дзённым знаходжаннем дзяцей. Усяго ў іх пабывала 177,3 тысячы школьнікаў ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў, што склала 48,9% ад агульнай колькасці аздароўленых у летніках.

Інавацыі і ініцыятывы

Стварэнне валанцёрскіх педагагічных атрадаў для высокаматываваных навучэнцаў педагагічных класаў — інавацыя летняй аздараўленчай кампаніі. Для НДЦ “Зубраня” гэта стала традыцыйнай і эфектыўнай практыкай. Гэты кірунак набывае папулярнасць па ўсёй краіне. Пры гэтым падрыхтоўчая работа з валанцёрамі праводзіцца не толькі летам, але і на працягу ўсяго года, як, напрыклад, у Палацы дзіцячай творчасці Баранавіч. Гэты вопыт можа быць выкарыстаны пры падрыхтоўцы валанцёраў для работы ў летніках. Штогод у полі зроку арганізатараў аздараўленчай кампаніі — дзеці, якія апынуліся ў складаных жыццёвых сітуацыях. Усімі формамі занятасці і аздараўлення гэтая катэгорыя дзяцей ахоплена амаль цалкам. Так, мінулым летам 4,7 тысячы дзяцей-інвалідаў і 14,8 тысячы дзяцей-сірот пабывалі ў летніх лагерах, аздараўліваліся 13 тысяч школьнікаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, і больш за 19 тысяч дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У далейшым неабходна актыўна працаваць з гэтымі катэгорыямі дзяцей.
Павялічылася і колькасць дзяцей, якія правялі частку летніх канікул у лагерах працы і адпачынку. Гэты від аздараўлення выкарыстоўваецца ўжо трэці год. Сёлета ў 963 ЛПА адпачывалі і працавалі 17 тысяч падлеткаў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў. 119 такіх лагераў працавалі кругласутачна, і ў іх пабывалі 2,7 тысячы школьнікаў, у 844 ЛПА было арганізавана дзённае знаходжанне, і выхаванцаў у іх было 14,3 тысячы.
Вырашаны пытанні нарматыўна-прававога забеспячэння дзейнасці лагераў працы і адпачынку. А вось праблема стварэння працоўных месцаў з цікавымі відамі работ застаецца актуальнай. Яе вырашэнне патрабуе нестандартнага падыходу і праяўлення ініцыятывы. Так, напрыклад, у Лідскім раённым цэнтры творчасці быў рэалізаваны праект ЛПА “Тэатр юнага гледача”: дзеці, якія займаліся на працягу навучальнага года ў тэатральным гуртку, падчас знаходжання ў лагеры выязджалі з платнымі праграмамі ў аздараўленчыя лагеры рэгіёна.
Важна, што на карысць агульнай справы розныя структуры былі гатовы працаваць разам. Далучэнне сацыяльных партнёраў да рэалізацыі праграм змен і міжведамаснае ўзаемадзеянне з дзяржаўнымі структурамі ажыццяўляліся ў рабоце большасці лагераў.
Чацвёртае лета запар арганізоўваецца выезд супрацоўнікаў флагмана дзіцячага аздараўлення ў нашай краіне НДЦ “Зубраня” ў летнікі ў рамках метадычных акцый “Летні інфабус” і “Рады дапамагчы”. У 30 лагерах былі праведзены заняткі для педагогаў і кіраўнікоў, прапанаваны пэўныя рэкамендацыі па ўдасканаленні падрыхтоўкі студэнтаў-практыкантаў, майстэрства педагогаў.
Плённае ўзаемадзеянне ўсіх зацікаўленых структур дазволіла эфектыўна рэалізаваць рэспубліканскую акцыю “Лета на карысць”. Мноства мерапрыемстваў, якімі была насычана акцыя, знайшлі сваё адлюстраванне і на старонках нашай газеты.

Дыялог пра галоўнае і абмен вопытам

Далей работа семінара-нарады праходзіла ў нетрадыцыйным фармаце. Спецыялісты розных ведамстваў бралі ўдзел у своеасаблівым ток-шоу: у свабоднай форме абмяркоўвалі розныя аспекты арганізацыі аздараўленчай кампаніі, адказвалі на пытанні вядучых і калег. Адначасова быў арганізаваны інтэрактыў: сярод удзельнікаў семінара праводзілася апытанне па актуальных пытаннях.
Так, былі абмеркаваны пытанні выканання санітарных норм і правіл, медыцынскага суправаджэння, гарантавання бяспекі дзяцей у летніках, метадычнага і кадравага забеспячэння лагераў, сацыяльнага партнёрства ў рамках летняй аздараўленчай кампаніі і многія іншыя.
Знайшоўся на мерапрыемстве час не толькі для сур’ёзнай размовы, але і для прыемных момантаў. На сцэне актавай залы “Зубраняці” за высокі прафесіяналізм і эфектыўную работу па арганізацыі аздараўлення дзяцей і падлеткаў нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі” быў узнагароджаны Валерый Мікалаевіч Шчамель, загадчык аддзела па арганізацыі метадычнай работы ў выхаваўча-аздараўленчых установах адукацыі Рэспублікі Беларусь установы адукацыі НДЦ “Зубраня”. Грамату Міністэрства адукацыі атрымалі спецыялісты, якія таксама праявілі свае лепшыя якасці падчас арганізацыі і правядзення аздараўленчай кампаніі.
На мерапрыемстве былі падведзены вынікі Рэспубліканскага фестывалю “Лета — пара спартыўная”. І яшчэ адзін конкурс атрымаў сваё завяршэнне падчас семінара. Прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага этапу агляду-конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер.
Усе ўдзельнікі семінара мелі магчымасць пазнаёміцца з распрацоўкамі пераможцаў конкурсу на лепшы лагер і іншымі цікавымі праектамі ў другі дзень работы семінара-нарады. Іх увазе была прапанавана выстава метадычных матэрыялаў НДЦ “Зубраня”. Свой вопыт арганізацыі аздараўлення і адпачынку прадставілі і рэгіёны на выставе “Рэцэпты нясумных канікул”.

Курс на лета-2016!

Лета-2015 было надзвычай насычаным і плённым. Абмяркоўваць пытанні дзіцячага адпачынку і аздараўлення ў мінулым сезоне можна бясконца, аднак час ідзе, і ўжо надыходзіць час рыхтавацца да летняй аздараўленчай кампаніі 2016 года. Зыходзячы з падведзеных вынікаў былі пастаўлены і задачы на будучыню.
Віктар Віктаравіч Якжык заклікаў усіх удзельнікаў працэсу арганізацыі летняга аздараўлення дзяцей звярнуць увагу на наступныя пытанні. Стратэгія далейшага развіцця сістэмы дзіцячага аздараўлення адлюстравана ў распрацаваным праекце Канцэпцыі сістэмы адпачынку і аздараўлення дзяцей у Рэспубліцы Беларусь. Праект канцэпцыі атрымаў адабрэнне ўпраўленняў адукацыі ўсіх рэгіёнаў і іншых ведамстваў. Важна звярнуць увагу на стан матэрыяльна-тэхнічнай базы. Неабходна распрацаваць план развіцця сеткі выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі на 2016—2020 гады, каб правесці рэвізію і мець кантроль над сітуацыяй. Таксама выказана прапанова стварыць у кожнай вобласці ўстановы, дзе дзеці маглі б адпачываць круглы год. Прагучаў заклік больш поўна выкарыстоўваць прыродна-рэкрэацыйныя рэсурсы мясцовасці і актыўней арганізоўваць экскурсійныя падарожжы. Патрабуе ўдасканалення работа з актывам дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў з мэтай узмацнення іх ролі ў летніках. І яшчэ адна прапанова на будучыню: у наступным годзе правесці навукова-практычную канферэнцыю “Педагагічнае ўзаемадзеянне ў сістэме адпачынку і аздараўлення дзяцей”, у рамках якой абмеркаваць пытанні фарміравання сацыяльных кампетэнцый ва ўмовах выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.