У Беларусі плануюць удасканаліць падыходы да арганізацыі і фінансавання навукова-даследчай і інавацыйнай дзейнасці. Гэта прадугледжана рэзалюцыяй II З’езда вучоных Беларусі.
II З’езд вучоных Беларусі прайшоў у Мінску 12—13 снежня. Па выніках пленарнага пасяджэння 13 снежня была падрыхтавана рэзалюцыя з’езда. Аднак потым яе тэкст дапрацоўваўся рэдакцыйнай камісіяй, цяпер грамадскасці прадстаўлены канчатковы варыянт. У рэзалюцыі абазначаны меры для планамернай пабудовы інтэлектуальнай эканомікі і далейшага развіцця навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці ў Беларусі.
“З’езд вучоных Рэспублікі Беларусь прымае рашэнне: у мэтах далейшага развіцця навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, інтэлектуалізацыі беларускай эканомікі лічыць неабходным удасканаленне праграмна-мэтавых і праектных падыходаў да арганізацыі і фінансавання навукова-даследчай і інавацыйнай дзейнасці, уключаючы адзіную сістэму доўгатэрміновага прагназавання інавацыйнага цыкла”, — сказана ў рэзалюцыі.
Таксама ў тэксце дакумента асаблівае значэнне надаецца канцэнтрацыі фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў і доследна-канструктарскіх работ на прыярытэтных напрамках, забеспячэнню актыўнага ўзаемадзеяння акадэмічнай, універсітэцкай, галіновай і карпаратыўнай навукі, шырокаму развіццю эфектыўных форм кааперацыі навукі, вытворчасці і адукацыі.
Акрамя таго, неабходны актыўны і сістэмны ўдзел вучоных у навуковым забеспячэнні ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага і інавацыйнага развіцця краіны, далейшае ўдасканаленне сістэмы падрыхтоўкі навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі, выкарыстанне прагрэсіўных форм і метадаў матывацыі да эфектыўнай работы вучоных і камерцыялізацыі правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці.
Згодна з рэзалюцыяй з’езда, плануецца рэалізаваць маштабныя меры па прыцягненні і замацаванні таленавітай моладзі ў навукова-інавацыйнай сферы, удзеле моладзі ў стварэнні і развіцці асноўных навуковых школ сусветнага ўзроўню, а таксама актывізаваць удзел беларускіх вучоных у глабальных і рэгіянальных навукова-даследчых, адукацыйных і інавацыйных працэсах. Асаблівая ўвага ўдзяляецца неабходнасці павышэння ролі і зацікаўленасці канструктараў, інжынераў, тэхнолагаў і вытворча-тэхнічнага персаналу ў інавацыйным развіцці вытворчага сектара эканомікі і паляпшэнні якасці прадукцыі, якая выпускаецца.