Рэзалюцыя па забароне новых відаў зброі масавага знішчэння прынята абсалютнай большасцю галасоў

- 10:46Інфармацыйная гадзіна

Беларуская рэзалюцыя “Забарона распрацоўкі і вытворчасці новых відаў зброі масавага знішчэння і новых сістэм такой зброі: даклад канферэнцыі па раззбраенні” атрымала падтрымку ў ААН, паведамілі ў прэс-службе МЗС.

Па ініцыятыве Беларусі Першы камітэт 72-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН прыняў абсалютнай большасцю галасоў (173 галасы “за” пры адсутнасці тых, хто ўстрымаўся, і тры галасы “супраць”) рэзалюцыю “Забарона распрацоўкі і вытворчасці новых відаў зброі масавага знішчэння і новых сістэм такой зброі: даклад канферэнцыі па раззбраенні”.

Беларусь рэгулярна (на трохгадовай аснове) уносіць гэты дакумент на разгляд Першага камітэта ААН. Рэзалюцыя накіравана на пашырэнне ідэі прадухілення гонкі ўзбраенняў і ўдасканаленне міжнародна прызнаных працэдур, якія даюць магчымасць адсочваць сітуацыю з магчымай распрацоўкай новых відаў зброі масавага знішчэння.

Адобраны дакумент адлюстроўвае прыхільнасць дзяржаў — членаў ААН да палітыкі прадухілення з’яўлення новых відаў зброі масавага знішчэння і прадугледжвае прыняцце адпаведнага механізма рэагавання з прыцягненнем патэнцыялу канферэнцыі ААН па раззбраенні.

Суаўтарамі беларускай рэзалюцыі выступілі 35 дзяржаў свету, якія прадстаўляюць рэгіёны Еўропы, Афрыкі, Азіі, Лацінскай Амерыкі, што сведчыць аб шырокім міжнародным адабрэнні ініцыятыў Беларусі ў сферы бяспекі, раззбраення і нераспаўсюджвання.