Эпідэміялагічная сітуацыя, якая склалася ва ўсім свеце, унесла пэўныя карэктывы ў дзейнасць усіх устаноў і арганізацый. У крыху іншым рэжыме функцыянуе цяпер і Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі.
— Прыярытэтная ўвага ў нашай установе адукацыі зараз удзяляецца выкананню ўсіх неабходных мер па прафілактыцы вірусных захворванняў. Захаванне простых правіл гігіены дазваляе істотна знізіць рызыку інфіцыравання рэспіраторнымі інфекцыямі, у тым ліку і інфекцыяй COVID-19. У МДАІРА строга выконваюцца ўсе рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя. Правілам № 1 медыцынскія работнікі называюць захаванне гігіены рук. Таму ва ўсіх месцах агульнага карыстання, кожным кабінеце і аўдыторыі ўстаноўлены дазатары з антысептычнымі сродкамі. Правілам № 2 з’яўляецца вільготная ўборка памяшкання, пастаянная дэзынфекцыя паверхняў. У інстытуце праводзіцца апрацоўка дзвярных ручак, поручняў, сталоў, крэслаў, камп’ютарнай клавіятуры, тэлефонных апаратаў, аргтэхнікі, рэгулярна ажыццяўляецца праветрыванне памяшканняў. Правіла № 3 — сацыяльнае дыстанцыянаванне. Для яго выканання супрацоўнікі інстытута сталі часцей выкарыстоўваць у вырашэнні працоўных пытанняў унутраны камп’ютарны месенджар. І ён набыў вялікую папулярнасць. Аказалася, што віртуальныя зносіны нічым не саступаюць рэальным, — расказаў рэктар МДАІРА М.М.Жудро.
З улікам штодзённых рэалій цяпер пабудавана і работа па павышэнні кваліфікацыі педагогаў. Супрацоўнікі інстытута вельмі паспяхова сталі выкарыстоўваць інструменты інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Правядзенне заняткаў па павышэнні кваліфікацыі пераведзена ў анлайн-рэжым. Педагогі рэгіёна аддалена слухаюць лекцыі, адказваюць на пытанні выкладчыкаў і метадыстаў, выконваюць тэсты, удзельнічаюць у дыскусіях. Пасля заканчэння навучання, як звычайна, настаўнікі атрымліваюць пасведчанне аб праходжанні павышэння кваліфікацыі. Да таго ж лепшыя настаўнікі вобласці атрымалі магчымасць трансліраваць свой вопыт анлайн.
— Акрамя гэтага, мы распрацавалі віртуальны партал для навучэнцаў і педагогаў вобласці. Інстытутам была праведзена вялікая работа па арганізацыі навучання з выкарыстаннем ІКТ. На працягу некалькіх тыдняў лепшыя педагогі Магілёўшчыны ўдзельнічалі ў анлайн-мерапрыемствах, асноўнай мэтай якіх было стварэнне матэрыялаў у дапамогу настаўніку па арганізацыі дыстанцыйнага адукацыйнага працэсу, — адзначыў Міхаіл Міхайлавіч.
Нягледзячы на няпростую эпідэміялагічную сітуацыю, у МДАІРА плануюць працягваць выконваць усе пастаўленыя перад установай задачы, усебакова дапамагаць педагогам у арганізацыі якаснага навучання і выхавання.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытутам развіцця адукацыі.