Рэзідэнты “Вялікага каменя” пачынаюць асваенне тэрыторыі парка

- 11:30Інфармацыйная гадзіна

У 2018 годзе 10 рэзідэнтаў Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень” плануюць пабудаваць свае прадпрыемствы. Аб гэтым заявіў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Мікалай Снапкоў.

“Паводле нашай інфармацыі, усе рэзідэнты парка збіраюцца будавацца. Думаю, ужо ў гэтым годзе, прынамсі мы ставім такую задачу, што 10 рэзідэнтаў павінны пабудавацца, а 25 — пачаць будаўніцтва (сваіх прадпрыемстваў. Заўв. БелТА.)”, — сказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

Мікалай Снапкоў адзначыў, што сітуацыя, у якой на паперы рэзідэнт ёсць, а на самай справе будаўніцтва яшчэ не пачалося, беларускі бок непакоіць. “Таму на савеце акцыянераў, які адбыўся ў сакавіку, мы для сябе вызначылі дакладны алгарытм дзеянняў. Ёсць пэўны часавы рэгламент, калі яны павінны пачаць будавацца і запусціць вытворчасць на поўную магутнасць. Калі гэта будзе выконвацца, то яны рэзідэнтамі застануцца. Калі не, то проста не будуць займаць зямлю, таму што на гэты момант попыт высокі”, — дадаў ён.

Індустрыяльны парк — адзін з элементаў усебаковага стратэгічнага супрацоўніцтва з Кітаем, які застанецца наступным пакаленням. “Можна сказаць, што цяпер пачатак яго бурнага развіцця. 354 га, першая зона асваення — гэта крыху менш як 20 працэнтаў ад таго, што будзе выкарыстана рэзідэнтамі. Прэзідэнт даў дакладны імпульс, што тут павінны быць прадпрыемствы, якія будуць фарміраваць эканоміку будучыні”, — рэзюмаваў Мікалай Снапкоў.