Робат у школе

Школа робататэхнікі дзейнічае ў сярэдняй школе № 7 Навагрудка другі год, і за гэты час стала вельмі папулярнай сярод навучэнцаў. Аб тым, як працуе гэтая незвычайная школа, чаму вучацца ў ёй дзеці, расказвае кіраўнік школы робататэхнікі настаўніца пачатковых класаў Н.В.АЎСЯНАЯ.

— “Камп’ютар — карысць для дзіцяці? Яшчэ чаго! Што там можа быць добрага?”, — так часта кажуць на бацькоўскіх сходах таты і мамы. Якім чынам дзецям можна праводзіць карысна час за камп’ютарам, пры гэтым цікава вучыцца, быць канкурэнтаздольным у сучасным свеце, а мне размаўляць са сваімі выхаванцамі на адной мове? З пошуку адказаў на гэтыя пытанні пачалося маё знаёмства з адукацыйнай робататэхнічнай платформай LEGO Education WeDo, — гаворыць Надзея Войцехаўна. — І ўжо другі год нашы вучні займаюцца праграмаваннем спецыяльных мадэлей робатаў з канструктара LEGO. Школа робататэхнікі дазваляе дзецям праводзіць час ля камп’ютара з карысцю, пазнаваць новае аб навакольным свеце, ствараючы і ажыўляючы розныя мадэлі і канструкцыі.

WeDo адпавядае адукацыйнаму стандарту, а метадычныя матэрыялы набору ўжо “са скрынкі” гатовы да выкарыстання, развіваючы камунікатыўныя навыкі, навыкі творчага і крытычнага мыслення, каманднай работы. Калектыўная праца настаўніка і навучэнцаў наладжвае партнёрскія адносіны, сумесны пошук агульных рашэнняў, развівае садружнасць, сутворчасць, суперажыванне.

WeDo дапамагае вучням зразумець, якую важную ролю тэхналогія адыгрывае ў штодзённым жыцці. Заўсёды стараюся знаходзіцца ў курсе інфармацыйных навінак, а зацікаўленасць маіх выхаванцаў у робататэхніцы не дазваляе і мне стаяць на месцы. Перад кожнымі заняткамі рыхтуюся: разбіраюся з маторамі і прымушаю робата можна ехаць наперад, потым — рабіць павароты. Калі робат сканструяваны, выконвае каманды руху, можна падключыць датчык і зрабіць так, каб робат ехаў на святло або, наадварот, “уцякаў” ад яго. А далей ідзе мая любімая задача — растлумачыць і паказаць на практыцы дзецям, як робат можа рухацца пры дапамозе праграмавання.

У маі гэтага года прайшла курс Arduino. Arduino — папулярная платформа для распрацоўкі электронных прылад. UMDOM прапануе набор плат для навучання інтэгральных схем і праграмавання. Вучэбныя наборы падыходзяць як для пачаткоўцаў, так і для прафесіяналаў.

Дзеці даведваюцца аб тэхналогіях робататэхнікі, якія выкарыстоўваюцца цяпер ва ўсіх сучасных галінах дзейнасці — ад сельскай гаспадаркі да аховы здароўя, вытворчасці, транспарту. Гэта ў сваю чаргу стане ключавым фактарам у выбары далейшай прафесіі. Самае важнае, на мой погляд, заключаецца ў тым, што дзеці вучацца думаць, а не зубрыць, знаходзяць рашэнні разам з камандай, у калектыве, што развівае здольнасці да ўзаемадзеяння, а таксама практыка-арыентаванае навучанне.

У школе робататэхнікі займаюцца навучэнцы 2—4 класаў з 7-й школы, а таксама з іншых навучальных устаноў горада. На летнія канікулы спланавалі вучэбныя заняткі па Arduino з навучэнцамі 5—8 класаў. І ўжо з новага навучальнага года пачнецца поўны курс заняткаў па гэтым курсе.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *