Робаты — не фантастыка, а захапленне!

70 каманд навучэнцаў і студэнтаў Віцебшчыны прынялі ўдзел у І адкрытым першынстве вобласці па робататэхніцы Robotics — 2019.

Турнір сабраў каля 200 аматараў робататэхнікі з устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі, агульнай сярэдняй адукацыі Віцеб­ска і Наваполацка, Дубровенскага, Полацкага, Талачынскага і Аршан­скага, Бешанковіцкага, Верхнядзвінскага, Докшыцкага, Ушацкага раёнаў, а таксама ВДУ імя П.М.Машэрава, Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Арганізатарамі першынства з’яўляюцца галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама і абласны палац дзяцей і моладзі, месцам правядзення сталі пляцоўкі УДА «ВАПДіМ».

— Больш за ўсё ўдзельнікаў зарэгістравалася з Віцебска, Полацкага і Дубровенскага раёнаў, — расказаў загадчык аддзела тэхнічнай творчасці абласнога палаца дзяцей і моладзі Аляксандр Грачэнка. — Мэта спаборніцтваў — актывізацыя дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі тэхнічнага профілю, распрацоўка і ўкараненне інавацыйных, эфектыўных форм і метадаў развіцця навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў у практыку работы ўстаноў адукацыі, памнажэнне навуковага патэнцыялу рэгіёна, пашырэнне культурнага асяроддзя, развіццё духоўнай свядомасці маладых беларусаў. Ва ўсіх трох катэгорыях асабістага першынства («Канструяванне і праграмаванне (Праекты LEGOWeDo)», «Кегельрынг» і «РобаСумо») былі прадстаўлены навучэнцы адукацыйнага цэнтра «Айціландыя», дзіцячай інжынернай школы «Робавіта» і нашага палаца. Кожная каманда складалася з трох чалавек: навучэнцаў і трэнера-выкладчыка. Падобныя спаборніцтвы мы арганізавалі ўпершыню і можам канстатаваць: робаты — гэта ўжо не фантастыка, а масавае маладзёжнае захапленне, якое штодня набывае новых прыхільнікаў. У прыватнасці, я ўпэўнены, што новы Robotics не за гарамі і ён будзе яшчэ больш маштабным і цікавым. 

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.