Робім акцэнт на індывідуальнай рабоце

- 11:02Сацыяльны ракурс

Сярэдняя школа № 91 Мінска імя Хасэ Марці для сталіцы зусім не вялікая — 334 навучэнцы. Пры гэтым 124 яе вучні — дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, пераважная большасць якіх маюць праблемы са слыхам. Праўда, спецыфіка школы не толькі ў гэтым. Да бягучага навучальнага года тут вучылася пэўная частка выхаванцаў дзіцячага дома № 4, будынак і тэрыторыю якога цудоўна бачна з вокнаў школы. Але цяпер дзіцячы дом расфарміраваны, а яго былыя выхаванцы знайшлі прытулак у прыёмных і апякунскіх сем’ях. Зразумела, некаторыя з іх і зараз вучацца ў 91-й школе. Карацей, спецыфіка навучальнай установы (першая агульнаадукацыйная школа ў Беларусі, дзе былі адкрыты класы для дзяцей, у якіх ёсць праблемы са слыхам, а пазней — класы з інтэграваным навучаннем) застаецца. А значыць, і работа педагагічнага калектыву на чале з дырэктарам Таццянай Іванаўнай Мадудзінай мае асаблівасці. Безумоўна, гэта тычыцца і работы сацыяльнага педагога школы Марыны Вячаславаўны Шаплыка.

Адарваць дзіця ад неспрыяльнага асяроддзя

Прызнаюся, мяне здзівіла, калі адказ на пытанне пра асаблівасці работы сацыяльнага педагога ў такой не зусім звычайнай школе Марына Вячаславаўна пачала з таго, што школа адносна маленькая. “У нас ёсць магчымасць пастаяннай індывідуальнай работы, — заўважыла мая суразмоўніца, — ведаем кожнага, што называецца, у твар: і вучняў, і бацькоў”. М.В.Шаплыка наогул увесь час выкарыстоўвае займеннік “мы”, маючы на ўвазе сваіх калег, перш за ўсё, напэўна, намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Надзею Леанідаўну Фёдараву і псіхолага Ганну Аляксандраўну Цішук, чый кабінет знаходзіцца побач, адразу за сцяной.
— Самыя беспраблемныя нашы дзеці — гэта тыя хлопчыкі і дзяўчынкі, у якіх ёсць парушэнні слыху, — заўважае Марына Вячаславаўна. — І гэта зразумела, бо бацькі, як правіла, вельмі клапоцяцца пра іх, удзяляюць максімум увагі. А вось у рабочых інтэрнатах (вы, напэўна, бачылі іх, калі ішлі да нас) ёсць нядобранадзейныя сем’і, няпоўныя сем’і са сваімі праблемамі. Ну і пэўная частка былых выхаванцаў дзіцячага дома не самы просты кантынгент — яны ж з розных сем’яў, з розным мінулым, розным станам здароўя.
Галоўнае, па словах спецыяліста, — адарваць дзіця, чые паводзіны выклікаюць нараканні, ад неспрыяльнага сацыяльнага асяроддзя, ад вуліцы. Напрыклад, заняўшы нейкімі агульнашкольнымі справамі. У навучальнай установе ёсць нават такая практыка: праблемныя навучэнцы, якіх удалося вярнуць да нармальнага жыцця, або проста старшакласнікі выступаюць перад малодшымі школьнікамі (у вачах малых яны маюць пэўны аўтарытэт). Тут і атмасфера асаблівага даверу, і ўласны вопыт спрацоўваюць. “Атрымліваецца ў старшакласнікаў вельмі нядрэнна, — заўважае спецыяліст, — у чацвёртай чвэрці плануем працягнуць гэтую работу”.
А быў і такі выпадак: жанчына, якая развялася з мужам-п’яніцам, вымушана была жыць з ім і яго маці з надзвычай цяжкім характарам у адной кватэры. Пакутавалі і жанчына, і дзве яе дачкі-школьніцы. Праблему ўдалося вырашыць праз Савет грамадскага пункта аховы правапарадку, членам якога з’яўляецца кіраўнік школы і ў рабоце якога, канечне, актыўна ўдзельнічае сацыяльны педагог. Пытанне гэтай сям’і школа вынесла на савет, а вырашыць яго дапамагла мясцовы дэпутат — і жанчыне з дзецьмі выдзелілі пакой у інтэрнаце. Дзяўчаты, якія ўжо скончылі школу, дагэтуль дасылаюць лісты са шчырымі падзякамі ў сваю навучальную ўстанову.
Савет грамадскага пункта, на думку М.В.Шаплыка, — наогул дзейсны інструмент работы ў сацыяльным кірунку. Узаемадзеянне з рознымі арганізацыямі ў рабоце з дзецьмі і іх сем’ямі, у прафілактыцы правапарушэнняў не спыняецца ў школе ніколі. Да прафілактычнай работы далучаюцца нават курсанты Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў, якія знаёмілі школьнікаў з відамі адказнасці непаўналетніх, з новымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь. Напрыклад, у той частцы, што тычыцца злоўжывання і распаўсюджвання курыльных сумесей.
— Двое вучняў школы зараз стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, у адносінах да дваіх прызнана, што яны знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Прычым у адным з выпадкаў гаворка ідзе пра аднаго і таго ж чалавека. Праўда, на пачатак года ў статусе СНС знаходзіліся шасцёра дзяцей, чацвярых мы змаглі з гэтага статусу вывесці, — гаворыць Марына Вячаславаўна. — Калісьці ж было і дзесяць, і больш дзяцей на ўліку ў ІСН. Так што вынік нядрэнны. Хаця, аналізуючы нашу работу, бачу, што мы яшчэ недастаткова зрабілі. Калі ёсць праблема ў нашага вучня, імкнёмся вырашыць яе ўсімі магчымымі сродкамі.

“Я не баялася — было цікава”

Сацыяльным педагогам мая суразмоўніца стала яшчэ ў 1999 годзе — даволі хутка пасля ўвядзення гэтай пасады ў навучальных установах краіны. На той час М.В.Шаплыка працавала настаўніцай гісторыі (яна скончыла гістарычны факультэт Сімферопальскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В.Фрунзэ) у сярэдняй школе № 5 Полацка, куды лёс прывёў яе мужа-ваеннага. Нягледзячы на частыя пераезды, звязаныя са службай галавы сям’і, Марыне Вячаславаўне шанцавала заставацца ў любімай прафесіі. Вось толькі спецыяльнасць змяніць прыйшлося. А сацыяльным педагогам у Полацку яна працавала, ведучы паралельна класнае кіраўніцтва ў адзінаццатым класе. Гаворыць, што менавіта як класнаму кіраўніку давялося шмат працаваць і з цяжкімі падлеткамі, і з праблемнымі сем’ямі, таму пэўны вопыт сацыяльна арыентаванай дзейнасці за плячыма быў.
— Да сацыяльнай работы прыйшла абсалютна асэнсавана, — заўважае жанчына. — Нейкі час назірала за тым, як працуе малады сацыяльны педагог у нашай школе. Хутка яна перайшла на іншую работу, а я паспела зацікавіцца, таму рашэнне заняцца гэтай справай не было для мяне спантанным. І брацца за новую работу не баялася — было цікава.
Між тым у першы год работы на новага сацыяльнага педагога, па яе ж прызнанні, звалілася нямала праблем, пачынаючы з таго, што на той час яшчэ не існавала дакладнай нарматыўнай базы для работы такіх спецыялістаў, не было рэкамендацый. На гарадскім метадычным аб’яднанні такія дакументы педагогі распрацоўвалі самі, наладжвалі цеснае супрацоўніцтва з дзяржаўнымі органамі і грамадскімі арганізацыямі.
— Школа была няпростая, шмат складаных дзяцей, — узгадвае Марына Вячаславаўна, — таму часта даводзілася сустракацца з супрацоўнікамі інспекцыі па справах непаўналетніх, бываць у судах на пасяджэннях па пазбаўленні бацькоўскіх правоў.
У 2004 годзе сям’я перабралася ў Мінск. М.В.Шаплыка пачала шукаць работу з абсалютнай упэўненасцю ў тым, што хоча працаваць менавіта сацыяльным педагогам.
— Увесь час работы ў Полацку мне было надзвычай цікава займацца новай тады яшчэ справай, — тлумачыць сваю прафесійную ўстаноўку педагог. — Найбольшае задавальненне атрымлівала, калі бачыла станоўчыя вынікі, камусьці дапамагала. У Мінску знайшла некалькі варыянтаў магчымай работы. Калі прыйшла ў 91-ю школу і пагаварыла з дырэктарам, зразумела, што хачу застацца тут, хаця Таццяна Іванаўна расказала пра ўсе цяжкасці работы ў гэтай школе, не хаваючы нічога. На той момант нямала дзяцей знаходзіліся на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, узровень правапарушэнняў быў даволі высокі. Скажу шчыра, мяне гэта зацікавіла, складаных дзяцей я не баялася ніколі. А падкупіла, уразіла тое, што гэта школа, дзе ўсе дзеці роўныя, незалежна ад стану іх псіхічнага і фізічнага здароўя.
Першы год на новым месцы для педагога быў складаным не толькі з-за прывыкання да новых умоў і няпростай сітуацыі, але і таму, што даводзілася наладжваць супрацоўніцтва з партнёрамі з розных раёнаў горада, вывучаць патрабаванні і спецыфіку кожнай структуры. Цяпер, маючы вялікі вопыт работы сацыяльным педагогам, курсы павышэння кваліфікацыі ў Віцебску, базавыя курсы ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, іншыя шматлікія курсы, Марына Вячаславаўна з поўным правам адчувае сябе сталым спецыялістам. Тым не менш заўважае, што самае цікавае ў яе рабоце тое, што кожны дзень можа прынесці нешта новае, а ўдасканальвацца неабходна пастаянна.

Мы — сям’я

— Сацыяльны педагог сёння — гэта чалавек, які прызваны аб’ядноўваць намаганні сям’і, школы, грамадскасці для дапамогі дзецям і іх бацькам, — гаворыць М.В.Шаплыка.
За доўгі час работы ў якасці сацыяльнага педагога мая гераіня, канечне, выпрацавала сваю сістэму, заснаваную на розных формах работы. Першай М.В.Шаплыка называе ўзаемадзеянне з рознымі структурамі, уключаючы і псіханеўралагічны дыспансер, і Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, і шмат іншых устаноў. Другой — індывідуальную і групавую работу з навучэнцамі, якія патрабуюць асаблівай увагі, з іх татамі і мамамі. Цяпер, пасля расфарміравання дзіцячага дома, на адно з першых месцаў выходзіць работа з замяшчальнымі сем’ямі.
Так, па суботах у школе дзейнічае кансультацыйны клуб для бацькоў “Дзіця ў сям’і”. Тэмы пасяджэнняў вызначаюцца загадзя, і пад кожную з іх у школу запрашаюць бацькоў, якім будзе асабліва цікава чарговая тэма. На пасяджэннях сацыяльны педагог і педагог-псіхолаг разбіраюць жыццёвыя сітуацыі, адказваюць на пытанні, даюць практычныя рэкамендацыі. Бывае, што ў клуб запрашаюць спецыялістаў, зноў жа арыентуючыся на пэўную праблему. Часцей за ўсё школу наведваюць супрацоўнікі сацыяльна-педагагічнага цэнтра Савецкага раёна сталіцы. Супрацоўнікі СППС школы рабілі спробу арганізаваць і тэлефон даверу для бацькоў, але аказалася, што маці і таты вучняў ахвотней кантактуюць са спецыялістамі непасрэдна, прыходзячы ў школу.
Спецыялісты СПЦ удзельнічаюць і ў такой важнай школьнай справе, як работа ўніверсітэта педагагічных ведаў для бацькоў. На практыцы ўніверсітэт уяўляе сабой вялікія бацькоўскія сходы, тэмы якіх аб’яўляюцца загадзя. Гэта можа быць, напрыклад, інфармацыя пра заканадаўчыя акты, якія тычацца сям’і, дзяцей. Так, у свой час шмат увагі ва ўніверсітэце ўдзялілі Дэкрэту № 18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”. У сходах на гэтую тэму, зразумела, удзельнічалі і супрацоўнікі праваахоўных органаў. Часта ва ўніверсітэце педагагічных ведаў спецыялісты абмяркоўваюць і асветніцкія тэмы, якія тычацца выхавання. На адным з апошніх сходаў гаварылі пра прафілактыку ўжывання спайсаў.
Супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва час ад часу расказваюць бацькам дзяцей з АПФР аб ільготах, на якія яны маюць права. У хуткім часе па запыце бацькоў плануецца сустрэча з прадстаўнікамі сацыяльных службаў, дэфектолагамі, прысвечаная выхаванню дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Да таго ж сёлета школа ўдзельнічае ў праекце “Быць здаровай — гэта класна” разам з Цэнтрам гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, а таксама накіроўвае хлопцаў і дзяўчат у Цэнтр псіхалагічнай дапамогі “Ювентус” у рамках праграмы маральна-палавога выхавання. З цэнтрам, дарэчы, распрацаваны цэлы план сумесных дзеянняў. Супрацоўнічае сацыяльна-псіхолага-педагагічная служба школы і з грамадскай арганізацыяй “Дзеці не для насілля”, культурна-асветніцкай установай “АСЕТ”, 1-й дзіцячай паліклінікай, іншымі ўстановамі.
Канечне, я магу пералічыць не ўсе планы, дзеянні, кірункі, апісаць не ўсю работу ў сацыяльным напрамку, якая вядзецца ў школе. Ды яно і не трэба. Ужо з таго, што паспела расказаць, думаю, зразумела: ёсць сістэма, ёсць пастаянства, ёсць сумесныя намаганні ў такой рабоце. Ёсць дасягненні, і не абыходзіцца без пэўных няўдач. Але ж вядома, што не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва сярэдняй школы № 91 імя Хасэ Марці.