Кожны чалавек сам вызначае тую часцінку дабра, якую ён можа аддаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Менавіта людзі неабыякавыя, са светлай душой і шчодрым сэрцам становяцца валанцёрамі. Навучыцца быць валанцёрам нельга, гэта стан душы, жаданне быць карысным людзям і браць на сябе адказнасць за іх.
Амаль такімі словамі пачаўся штогадовы дабрачынны канцэрт “Мы разам”, які ўжо некалькі гадоў праводзіцца ў Рэчыцкім раённым ліцэі. Па традыцыі ён быў прымеркаваны да Сусветнага дня валанцёра, а арганізатарамі сталі валанцёры атрада “Клопат” і Урад ліцэйскай рэспублікі.
Атмасфера свята захапіла з першай хвіліны: вясёлыя скамарохі частавалі гасцей рознымі прысмакамі, дарэчы, выпечанымі членамі апякунскага савета. На імправізаваным кірмашы можна было выйграць магніты і каляндарыкі, выканаўшы шэраг заданняў, а на забаўляльнай пляцоўцы, арганізаванай інспектарам групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС Віктарам Кійко, праводзіліся конкурсы па бяспецы жыццядзейнасці. Удзельнікі групы “Трэці рэгіён” правялі майстар-клас па брэйк-дансе.
У вялікай зале практычна не было свабодных месцаў! Публіка бурна апладзіравала кожнаму нумару. Са сцэны гучалі песні на рускай, англійскай, беларускай мовах, танцавальныя калектывы радавалі ўсіх сваім яркім мастацтвам.
Навучэнка 10 “В” класа Кацярына Жаўняк выканала песню “Мой маленькі аркестр”, а акампанаваў ёй народны ансамбль народных інструментаў “Капрыс” пад кіраўніцтвам Святланы Волкавай. Вельмі кранальны сумесны нумар атрымаўся ў актывістаў валанцёрскага атрада “Клопат” з дзецьмі з сацыяльна-педагагічнага цэнтра.
Душэўныя песні спявалі дуэты Настассі Здрок і Віктара Кійко, Вольгі Навіцкай і яе дачкі Дар’і, навучэнцаў ліцэя Ірыны Калацэй і Вікторыі Фінавай.
Выразныя, адпрацаваныя прыёмы паказалі майстры з секцыі каратэ пад кіраўніцтвам Аляксандра Цыбулькіна. Музычныя нумары падарылі прысутным навучэнцы 10-х класаў і іх класныя кіраўнікі Наталля Раманава і Ірына Яўсеенка. Танцавальны калектыў “Канфеці” пад кіраўніцтвам Аксаны Машуковай сумесна з навучэнцамі ліцэя прадставіў танец “Кошкі”.
Адным з самых кранальных нумароў стала выступленне настаўнікаў ліцэя са сваімі маленькімі дзецьмі, а таксама сумесная песня настаўнікаў ліцэя і бацькоў, членаў папячыцельскага савета — “Анёлы надзеі” прагучала гімнам усім, хто верыць у дабро і робіць яго.
У межах канцэрта члены папячыцельскай рады правялі акцыю па зборы добраахвотных ахвяраванняў для Рэчыцкага сацыяльна-педагагічнага цэнтра і педыятрычнага аддзялення Рэчыцкай цэнтральнай раённай бальніцы для непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, шпіталізаваных у педыятрычнае аддзяленне.
Старшыня папячыцельскай рады Алена Вішнеўская і дырэктар ліцэя Ірына Петкун уручылі сертыфікаты на атрыманне грошай дырэктару Рэчыцкага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Пятру Галаўко і намесніку галоўнага ўрача па дзяцінстве і родадапамозе Рэчыцкай цэнтральнай раённай бальніцы Наталлі Нікалайчык. Частка сабраных грошай была пералічана на разліковы рахунак для аперацыі маленькай гамяльчанкі Кіры Куруленка.
Ірына МАЕЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Рэчыцкага раённага ліцэя.