Роднае слова ў фармаце ІТ

- 10:57Людзі адукацыі

Якімі атрымаюцца ўрокі мовы, інфарматыкі і літаратуры ў аднаго настаўніка, да таго ж яшчэ і журналіста па адукацыі? Вопыт сярэдняй школы № 1 Новалукомля Чашніцкага раёна паказвае: калі гэта шчыра захоплены сваёй справай прафесіянал, навучэнцам вельмі пашанцавала. А калі і яркая творчая асоба, чалавек цікавы і цікаўны — пашанцавала ўдвая.

Жыццё парадніла Алену Мацарскую з Віцебшчынай дзякуючы шчаслівай выпадковасці. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, дзе яна вучылася па накіраванні, малады спецыяліст вярнулася працаваць на радзіму, у Крупскі раён. Там пазнаёмілася з будучым мужам, а потым услед за ім пераехала ў Новалукомль. Па першай спецыяльнасці Алена Анатольеўна — настаўнік беларускай мовы і літаратуры, дзіцячы і юнацкі журналіст. Другую — настаўніка інфарматыкі — давялося асвойваць у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Для філолага даволі нетрывіяльны паварот, але яна не тое каб не шкадуе — наадварот, удзячная лёсу.

— Стаць настаўніцай для мяне з дзяцінства было вялікай марай, а далей і мэтай, — расказвае Алена Мацарская. — У шэсць гадоў дома арганізавала “школу” для малодшых братоў. Потым гульня перарасла ў больш сур’ёзную справу: вучылася ў педагагічным класе і дапамагала ім з дамашнімі заданнямі, падцягвала па тых прадметах, якія цяжэй даваліся. Перад паступленнем ва ўніверсітэт сур’ёзна задумалася: ці патрэбна мне гэта, столькі ж ёсць у свеце прывабных прафесій… І ніводнага сумнення, пярэчання ў душы не зварухнулася. Добра, што мара спраўдзілася. Люблю сваю справу, люблю школу і работу з дзецьмі, люблю эксперыментаваць і шукаць у методыцы сваё, адметнае. Вось з інфарматыкай сапраўды выйшла нечакана. Заўсёды чамусьці была ўпэўнена, нібыта я гуманітарый. Спецыяліст у сучасным соцыуме павінен быць мабільны, але каб настолькі?! Аднак зраслося. Выкладаю, здавалася б, зусім розныя прадметы, і мне гэта падабаецца. Ды й не такія яны розныя і несумяшчальныя, як высветлілася. Гаворка нават не аб міжпрадметных сувязях: тут момант узаемапранікнення значна больш важны.

Улічваючы інфарматызацыю адукацыйнага працэсу і захапленне моладзі ІТ-гаджэтамі, нельга не пагадзіцца. Вучні Алены Анатольеўны толькі напачатку здзіўляліся, што на ўроку інфарматыкі атрымліваюць заданне падрыхтаваць прэзентацыю да ўрока літаратуры. Ці асвойваюць асновы работы з неабходнымі ІТ-рэсурсамі, электроннымі падручнікамі, а на практыцы замацоўваюць навыкі на ўроках мовы і літаратуры. Цяпер толькі з захапленнем чакаюць, якую новую незвычайную задачу паставіць перад імі няўрымслівы настаўнік, чым здзівіць і зацікавіць так, што не адарвацца. Ва ўсіх пачынаннях педагога падтрымлівае кіраўніцтва школы. Яе дырэктар Іна Сыроўчанка нярэдка выступае суаўтарам ініцыятыў і нязменна самым актыўным і шчырым “балельшчыкам”, калі настаўнік і яе вучні ўдзельнічаюць у конкурсах, творчых спаборніцтвах. Справай гонару для “групы падтрымкі” з’яўляецца належнае матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне: два сучасныя камп’ютарныя класы — яскравае пацвярджэнне гэтага.

У метадычнай скарбонцы Алены Мацарскай ёсць распрацоўкі інтэграваных урокаў. Падыходы да іх, як заўсёды, нестандартныя: напрыклад, засваенне падкрэсліванняў і стыляў (інфарматыка) арганічна спалучыліся з вывучэннем членаў сказа (родная мова). Яшчэ большую прастору для педагагічнай творчасці раскрываюць гурткі. Першы з іх — журналісцкі гурток “Заранак”. Назва асабіста знакавая для педагога: падчас вучобы ў педагагічным універсітэце ёй вельмі падабалася аднайменная факультэцкая газета, захацелася прыўнесці часцінку творчай энергіі, незабыўнага студэнцкага жыцця ў жыццё школьнае. Другі гурток — “Інфармаша”, яго таксама наведваюць з ахвотай. Разам з настаўніцай дзеці здымаюць і манціруюць відэаролікі, спасцігаюць майстэрства фатаграфавання, напісання артыкулаў і эсэ, сакрэты мастацкага чытання, сачыняюць вершы і казкі; у планах на перспектыву — блізкае знаёмства з мультымедыйнай журналістыкай. Спрабуюць сілы ў розных конкурсах, алімпіядах, канферэнцыях — ад раённых да рэспубліканскіх. Толькі ў мінулым навучальным годзе паўдзельнічалі ў 23 з іх. “Ураджай” прызавых месцаў, пераможных дыпломаў сабралі багаты.

Галоўным плёнам тут Алена Анатольеўна лічыць набыццё вопыту. Хаця, безумоўна, не меншае значэнне мае вопыт калектыўнай працы і асабістага поспеху, які акрыляе навучэнцаў. І, канечне ж, дзяцей прывабліваюць заслужана атрыманыя ўзнагароды. Настаўніца натхняе вучняў на новыя здзяйсненні самым эфектыўным спосабам — на ўласным прыкладзе. Дасягненняў у педагога нямала, і ўсё дае падставы для ўпэўненасці: самыя высокія вяршыні чакаюць наперадзе. Прызам за перамогу ў адным з рэспубліканскіх конкурсаў для Алены Мацарскай і класа, дзе яна працуе класным кіраўніком, стала летняя паездка ў Мінск, вандроўка па памятных мясцінах сталіцы і захапляльны квест, падрыхтаваны турыстычнай кампаніяй “Вежа”. Дарэчы, узгаданы клас — яе найпершыя памочнікі, яны нават прыйшлі ў школу, што называецца, на адной хвалі. Выпускнікі пачатковых класаў адчувалі сябе дарослымі, гатовымі да сур’ёзных і адказных спраў: велізарны патэнцыял, які толькі і чакаў, каб быць рэалізаваным. А педагог якраз вярнулася з дэкрэтнага водпуску і літаральна дыхала работай, новымі планамі і задумамі! Прайшло некалькі гадоў, аднак у гэтай вялікай кампаніі і яе лідара, варта ім сабрацца разам, і цяпер па-асабліваму загараюцца вочы. Прычым можна не сумнявацца: новыя ідэі не прымусяць сябе чакаць.

Новых задум і планаў у настаўніцы на зайздрасць шмат. Аб’ядноўвае літаратурна-лінгвістычны, інфармацыйны і журналісцкі пачаткі яе работы заўсёды роднае слова. Па-беларуску Алена Мацарская вядзе ўсе вучэбныя і гуртковыя заняткі, выхаваўчыя мерапрыемствы. І першы ўрок у Дзень ведаў яна як класны кіраўнік традыцыйна праводзіць на беларускай мове.

— Родная мова і літаратура — стрыжань, аснова асноў, на гэтым я грунтую сваю дзейнасць. Інфарматыка, ІТ-тэхналогіі — эфектыўны інструмент, якім неабходна авалодаць кожнаму, — разважае педагог. — Ніколі не “штампую” ўрокі і педагагічныя прыёмы. Стараюся даведацца, што ў прадмеце і жыцці ўвогуле прыцягвае канкрэтнага вучня, і менавіта на гэтым акцэнтую работу. Мэтанакіраванасць для сучасніка — важная асабістая якасць; задача настаўніка, класнага кіраўніка — зацікавіць, паказаць як мага больш дастойных жыццёвых арыенціраў, даць паспрабаваць сябе ў розных відах дзейнасці, каб навучэнец вызначыўся ў сваіх інтарэсах і схільнасцях. Немагчыма дабіцца вялікага поспеху ва ўсім адначасова, але трэба вучыць дзяцей знаходзіць адпаведную пастаўленай задачы інфармацыю з кніг, перыёдыкі, інтэрнэт-крыніц, выкарыстоўваць яе для асабістага развіцця. Фарміраваць з маленства любоў да Айчыны, працавітасць, сумленнасць і прыстойнасць. Вучыць у любой жыццёвай сітуацыі заставацца людзьмі, ставіць правільныя мэты і дасягаць іх.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.