Роднай мовы гук чароўны

Вучні 1 “Б” класа з беларускай мовай навучання Казлоўшчынскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна пазнаюць родную мову не толькі на вучэбных занятках, але і на пазаўрочных мерапрыемствах, якія імкнуся праводзіць цікава і запамінальна. Уласным прыкладам вучу валодаць культурай мовы, з павагай адносіцца да слова, сур’ёзна ставіцца да чытання як крыніцы ведаў.

Распаўсюджванне чытання і кнігі сярод вучняў лічу адной са сваіх асноўных задач. Прыцягненне да чытання — вельмі складаная справа. Прымусіць чытаць — немагчыма, заразіць чытаннем — можна. Фарміраваць у дзяцей патрэбу да чытання дапамагаюць супрацоўнікі мясцовай бібліятэкі. Наша агульная мэта — з дапамогай гульнёвых формаў прыцягнуць дзяцей да чытання. Цеснае супрацоўніцтва пачалося са свята “Мы чытальнікамі сталі”, пасля якога наш клас стаў пастаянным госцем мясцовай бібліятэкі.

Чарговы раз завіталі дзеці на мерапрыемства “Роднай мовы гук чароўны”, якое пачалося з віктарыны “Пытанні для кемлівых”. Першакласнікі пазнаёміліся з выставай, якую склалі кнігі вядомых беларускіх пісьменнікаў. Асобная паліца “Чараўнік слова” — кнігі В.Віткі. Лічылкі, калыханкі, казкі “дзядулі ўсіх беларускіх дзяцей” правялі хлопчыкаў і дзяўчынак вясёлымі сцяжынкамі па роднай мове. Асабліва захапіў вучняў конкурс загадак В.Віткі. Пазнаёміліся з беларускім штомесячным часопісам для дзяцей “Вясёлка”, галоўным рэдактарам якога ў свой час быў В.Вітка. Маленькія чытачы зазірнулі ў дзіцячы куток “Цудоўная крынічка”, дзе знайшлі кнігі сучасных беларускіх аўтараў для дзяцей. Завяршылася мерапрыемства акцыяй “З вершам у кішэні”. Работнікі бібліятэкі прапанавалі юным чытальнікам невялікія лісты паперы з вершамі беларускіх аўтараў, якія яны ўзялі з сабой, каб перачытаць дома з бацькамі.

Ганна ШУНДРЫК,
настаўніца пачатковых класаў
Казлоўшчынскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна.