“Якая прыгожая, мілагучная, мяккая і ў той жа час яскравая, звонкая, моцная мова чуецца на ўроках у пачатковай школе!”, “Пасля прагляду конкурсных урокаў хацелася сказаць настаўніку: “Слухаеш — слухаць хочацца”. І насуперак Станіслаўскаму гаварыць: “Веру!” — такія ўражанні пакінулі ў журы ўрокі педагогаў, прадстаўленыя на мінскі гарадскі конкурс “Сучасны ўрок беларускай мовы на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Заснавальнікам гэтых спаборніцтваў выступіў камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, арганізатарам — Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і ўдзельнікаў конкурсу гэтымі днямі прайшла ў актавай зале гімназіі № 23.
“Сёлета конкурс праводзіўся ўпершыню. Ідэя яго правядзення ўзнікла не толькі дзеля таго, каб прадэманстраваць узор сучаснага ўрока беларускай мовы, а і для прапаганды творчых пошукаў, задумак і прафесійных знаходак настаўнікаў пачатковых класаў, выяўлення ўзораў лепшага педагагічнага вопыту, папулярызацыі беларускай мовы ва ўмовах рускамоўнага асяроддзя, — адзначае метадыст аддзела пачатковай адукацыі МГІРА Галіна Браніславаўна Шпакоўская. — Справа ў тым, што сёння праводзіць урокі беларускай мовы даволі складана — адсутнічае беларускамоўнае асяроддзе, настаўнікі самі недакладна валодаюць беларускай мовай — ва ўмовах білінгвізму мы ўсё ж такі думаем па-руску. І правядзенне шматлікіх прафесійных конкурсаў (“Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”, “Акадэмія ўрока” і інш.) паказвае, што не вельмі ахвотна нашы педагогі, якія працуюць у пачатковых класах, выбіраюць для прадстаўлення менавіта ўрокі беларускай мовы. А таму мы вырашылі, каб нейкім чынам узняць беларускую мову на больш высокі ўзровень, прапанаваць настаўнікам правесці конкурсныя ўрокі менавіта ў сваіх класах, бо яны добра ведаюць дзяцей, іх магчымасці, і далі ім магчымасць выбраць на першым этапе любую тэму, якую яны могуць прэзентаваць”.
Конкурс праводзіўся на добраахвотнай аснове сярод педагогаў пачатковых класаў у два этапы. Першы этап прайшоў у лістападзе — снежні мінулага года на ўзроўні ўстаноў адукацыі ў асабістым класе (дарэчы, упраўленні адукацыі, спорту і турызму адміністрацый Фрунзенскага і Партызанскага раёнаў правялі раённыя конкурсы), другі этап — на гарадскім узроўні (складаўся з двух тураў і прайшоў з 3 лютага па 25 сакавіка).
На першым туры гарадскога этапу 54 настаўнікі з 53 устаноў адукацыі горада (адзін урок быў інтэграваны і праводзіўся двума педагогамі) прадставілі ўрок беларускай мовы ў асабістым класе ў відэазапісе, а таксама план-канспект гэтага ўрока і самапрэзентацыю. Сярод удзельнікаў — як вопытныя настаўнікі са стажам работы больш за 20 гадоў, так і маладыя спецыялісты.
На працягу ўсяго конкурсу працавала кампетэнтнае журы ў складзе супрацоўнікаў НІА, АПА, МГІРА, настаўнікаў-практыкаў на чале з рэктарам Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, кандыдатам педагагічных навук, дацэнтам Таццянай Іванаўнай Мароз.
На другім этапе конкурсу журы вызначыла “цудоўную дзявятку”, якая прадэманстравала майстэрства непасрэдна ў сваіх установах адукацыі ў веданні методыкі правядзення ўрокаў, рэалізацыі творчых задумак пры выкладанні беларускай мовы. Акрамя таго, што канкурсанты праводзілі ўрокі, яны яшчэ і рабілі іх самааналіз. Па водзывах журы, часта тыя метады і прыёмы, што выкарыстоўваліся на першым уроку, можна было бачыць і на другім, а гэта сведчыць пра работу настаўнікаў у сістэме.
“Калі мы глядзелі ўрокі, то ў першую чаргу звярталі ўвагу на рэалізацыю зместу вучэбнага матэрыялу: як забяспечана практычная накіраванасць, як адпавядае змест вучэбных заняткаў узроставым асаблівасцям дзяцей, — адзначае Г.Б.Шпакоўская. — Мы прасочвалі дзейнасць настаўніка і вучняў на ўроку. Важна было паглядзець, наколькі дакладна валодае настаўнік педтэхнікамі, методыкай выкладання прадмета, наколькі метады і прыёмы работы працуюць на пастаўленыя мэты. Журы таксама засяроджвала ўвагу на тым, як рацыянальна арганізавана вучэбная дзейнасць (якімі спосабамі дзеці засвойваюць матэрыял, як праводзяць самаацэнку, узаемаацэнку, як каменціруюць сваю адзнаку, адказы аднакласнікаў, якое месца адводзіцца самастойнай рабоце, як школьнікі працуюць з падручнікам) і які ўзровень камунікацыі настаўніка і малодшых школьнікаў. Для нас вельмі важна было пачуць, як дзеці гавораць па-беларуску, які ў іх лексічны запас і як настаўнік ажыццяўляе сваю работу па матывацыі да вывучэння беларускай мовы, да культуры мовы і маўлення.
Многія конкурсныя ўрокі былі не проста пранікнуты беларускасцю, але неслі вялікі патэнцыял для развіцця мовы вучняў. І хаця беларуская мова чуецца ў навакольным асяроддзі ўсё менш, нашы настаўнікі імкнуцца правесці кожны ўрок не толькі метадычна правільна, граматна, але і так, каб гэты ўрок пакінуў у сэрцах вучняў яскравы адбітак, абуджаў у іх пазнавальны інтарэс, спрыяў выхаванню цікаўнасці да гісторыі роднага краю, любові да роднай мовы, пачуцця гонару за беларускі народ. Радасна было бачыць урокі канкурсантаў, наскрозь прасякнутыя гістарычнай тэматыкай.
Шмат прадстаўленых урокаў былі на адну і тую ж тэму, аднак праведзены яны былі ў розных формах з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных і педагагічных тэхналогій, кожны настаўнік паказаў свой адметны почырк, свае метадычныя знаходкі.
У далейшым педагогам неабходна звярнуць увагу на прыёмы, метады работы, накіраваныя на развіццё маўлення дзяцей. Настаўнік, задаўшы пытанне, павінен не сам на яго адказаць, як гэта даводзілася часам бачыць на конкурсе, а менавіта пачуць адказ вучня”.
Паміж удзельнікамі конкурсу разгарнулася сур’ёзная канкурэнцыя. У выніку 3 месца падзялілі настаўніца гімназіі № 17 Мінска Ніна Аляксандраўна Роўба і настаўніца пачатковай школы № 198 Аляксандра Яўгенаўна Падкосава. 2 месца заняла настаўніца сярэдняй школы № 43 Алена Аляксееўна Сакалянская. А пераможцай конкурсу стала настаўніца сярэдняй школы № 126 Іна Уладзіміраўна Саладуха.
Настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 17 Мінска Ніна Аляксандраўна Роўба правяла ўрок беларускай мовы ў 4 класе па тэме “Займеннік як часціна мовы”. На ім вучні паглыбілі свае веды пра асабовыя займеннікі, вучыліся ставіць склонавыя пытанні, рэдагаваць тэкст, выкарыстоўваць займеннік “вы” пры паважлівым звароце да старэйшых.
Пры планаванні ўрока настаўніца ўлічыла такія асаблівасці класа, як эмацыянальнасць дзяцей, іх артыстычнасць, захапленне гісторыяй Беларусі, а таксама дастатковы ўзровень навучання. У сувязі з гэтым асноўная задума прайшла дзвюма паралельнымі лініямі: па-першае, займеннік — загадкавая часціна мовы, па-другое, у гісторыі роднага краю шмат таямніц. Тып урока — першаснае засваенне ведаў, уменняў і навыкаў — дазволіў у асноўных элементах структуры абапірацца на гэтыя напрамкі.
У час правядзення арганізацыйнага моманту для актывізацыі ўвагі вучняў, для абуджэння пазнавальнай цікавасці дзецям была прапанавана вершаваная загадка, разгадкай якой з’яўлялася тэма ўрока. Таксама ў час паведамлення тэмы і мэт урока вучні, дзякуючы часткова-пошукаваму метаду, актывізавалі атрыманыя раней веды (з’яўленне на слайдзе тэзісаў) і змаглі сфармуляваць новыя мэты, якія ставіліся перад імі. На працягу ўсіх заняткаў перад вачыма дзяцей знаходзілася табліца з асноўнымі задачамі ўрока.
Для падвядзення да асноўнага этапу была прапанавана інсцэніроўка, якая дазволіла малодшым школьнікам выдзеліць галоўныя звесткі аб займенніку, параўнаць яго з назоўнікам. Затым на працягу ўрока вучні абгрунтоўвалі свае гіпотэзы — веды пра займеннік і адначасова атрымлівалі звесткі па прадмеце “Чалавек і свет”. Яркім момантам урока стаў “мовазнаўчы” камень, пры дапамозе якога малодшыя школьнікі навучыліся адрозніваць родны склон ад вінавальнага, таксама дзеці ўзнавілі свае веды пра валуны, якія сустракаюцца на тэрыторыі Беларусі.
На прыкладзе практыкавання падручніка вучні пазнаёміліся з ветлівым ужываннем займенніка “вы” ў розных склонавых формах. Затым навучэнцы змаглі выкарыстаць атрыманыя веды пры рабоце ў групах. Н.А.Роўба прапанавала ім уставіць гэты займеннік пры рэдагаванні пісьма-падзякі да славутых людзей Беларусі. Малодшыя школьнікі не толькі замацавалі на практыцы ўменне ветліва звяртацца да старэйшых, а яшчэ ўзнавілі свае веды пра знакамітых дзеячаў роднай зямлі. Так, на працягу ўсяго ўрока дзеці пры дапамозе чароўнага кола “вандравалі” не толькі па старонках гісторыі Беларусі, але і па асноўных мовазнаўчых напрамках.
Настаўніца сярэдняй школы № 43 Алена Аляксееўна Сакалянская прадставіла на суд журы ўрок у 2 класе па тэме “Звонкія і глухія зычныя гукі. Іх абазначэнне на пісьме” — урок замацавання вывучанага матэрыялу. Для стымулявання цікаўнасці здольных дзяцей у працэсе навучання выкарыстоўваліся індывідуальныя заданні. Не засталіся па-за ўвагай педагога і дзеці, якім патрэбна індывідуальная падтрымка: своечасовая арганізацыя ўстойлівай увагі, розныя віды паэтапнага кантролю засваення матэрыялу, дапамога ў самаацэнцы, стварэнне сітуацыі поспеху, умоў для актыўнага ўдзелу ў працэсе авалодання ведамі.
Па меркаванні настаўніцы, у паспяховым вырашэнні задач вывучэння беларускай мовы на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі самымі важнымі з’яўляюцца жаданне вывучаць родную мову, зацікаўленасць і актыўнасць дзяцей. Для гэтага ў пачатку ўрока педагог выкарыстала інтэрактыўны метад стварэння спрыяльнай атмасферы, потым стварыла моўную сітуацыю, актуальную для дзяцей (урок праходзіў напярэдадні 8 Сакавіка). Цікавая і зразумелая для пачаткоўцаў тэма дапамагла хутка ўключыць іх у працэс камунікацыі.
Для актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў і аптымальнай праверкі дамашняга задання быў выкарыстаны прыём вывядзення тэмы праз правільныя адказы па дамашнім заданні. Гэты прыём псіхалагічна праграмуе вучня на тое, што паспяховае выкананне дамашняга задання — прыступка да поспеху ў вывучэнні новай тэмы на ўроку.
Абавязковай часткай урока мовы ў пачатковай школе з’яўляецца работа над навыкамі каліграфіі. Улічваючы дзіцячую псіхалогію, зразумела, што гэта не самы цікавы занятак, таму, каб ён не быў механічным, а сапраўды прымушаў пісаць правільна, акуратна і прыгожа, напісанне вялікай літары К чаргавалася з напісаннем элемента літары К, падобнага да падснежніка, што знайшло свой працяг у запісах кветак-першацветаў. Матэрыял чыстапісання стварыў таксама магчымасці і для правядзення такой значнай лексічнай работы. На праведзеным уроку былі ўстаноўлены міжпрадметныя сувязі з беларускай літаратурай (праз зварот да вершаў беларускага аўтара), прадметам “Чалавек і свет” (праз зварот да расліннага свету).
Урок беларускай мовы па тэме “Звонкія і глухія зычныя гукі. Іх абазначэнне на пісьме” правяла настаўніца пачатковай школы № 198 Аляксандра Яўгенаўна Падкосава. На ім выкарыстоўваўся рэпрадуктыўны і часткова-пошукавы метады навучання. Пры арганізацыі пазнавальнай дзейнасці задачай настаўніцы стала стварэнне ўмоў для развіцця пазнавальнага інтарэсу, самастойнага мыслення і стварэнне псіхалагічнага камфорту. Навучэнцы разам з педагогам вызначалі задачы для выканання той ці іншай работы. Для таго каб пазбегнуць перагрузкі навучэнцаў, настаўніца чаргавала розныя віды дзейнасці: франтальную, парную, самастойныя формы работы. Кантрольна-ацэначная дзейнасць ажыццяўлялася на кожным этапе ўрока, была разгорнутай і змястоўнай, што адрознівала ўрок ад многіх іншых урокаў канкурсантаў. У вучняў фарміраваліся навыкі самакантролю і самаацэнкі.
Журы адзначыла, што на ўсіх этапах урока малодшыя школьнікі былі арганізаванымі і актыўнымі. У выніку адукацыйная, развіццёвая і выхаваўчая мэты ўрока былі дасягнуты. Як паказала выкананне самастойнай работы і падвядзенне вынікаў урока, вучэбны матэрыял быў засвоены вучнямі на дастатковым і высокім узроўнях.
Пераможца конкурсу настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 126 Іна Уладзіміраўна Саладуха правяла ўрок у 3 класе па тэме “Род назоўнікаў”. Гэта быў урок адкрыцця новых ведаў — урок-падарожжа па свяце “Масленіца”. Па задумцы кожны этап урока — пэўны масленічны дзень.
Само вывядзенне новых ведаў было арганізавана праз вырашэнне праблемнага задання: вызначыць прынцып дзялення слоў на 3 слупкі. Такім чынам вучні вывелі правіла і дапоўнілі яго звесткамі з падручніка.
У практыцы сваёй работы І.У.Саладуха выкарыстоўвае праблемныя метады навучання і прыёмы ТРКМ, таму што лічыць неабходным не даваць у гатовым выглядзе веды дзецям, а даць ім магчымасць самастойна здабываць іх. Гэта дазваляе найбольш поўна развіваць лагічнае мысленне. Матэрыял урока падаваўся па прынцыпе “ад простага да складанага”. Класу нават удалося выйсці на прымяненне ведаў у новай нестандартнай сітуацыі, калі назоўнікі даваліся ў склонавых формах і дзеці павінны былі здагадацца паставіць іх у пачатковую форму. Напрыканцы ўрока малодшым школьнікам сярод іншых былі прапанаваны і абстрактныя назоўнікі, якія адразу паказалі разуменне тэмы навучэнцамі і засваенне яе ў поўным аб’ёме. На ўроку вялікая ўвага ўдзялялася развіццю мовы, пашырэнню слоўнікавага запасу вучняў. Дзеці самастойна складалі тэкст, працавалі з прымаўкамі, забаўлянкамі.
У класе, дзе праводзіўся ўрок, вучацца дзеці з розным узроўнем развіцця і навучанасці. Сярод іх ёсць і лідары, і слабыя вучні. Таму настаўніца выбрала групавую форму работы, якая дазваляе весці узаеманавучанне. У групах праводзілася даследаванне, гульня “Карусель”. Гэты ж прынцып узаеманавучання працаваў і пры рабоце ў парах (работа з перфакартамі, рашэнне крыптаграм). Узаемаправерка вырашала задачы развіцця ўвагі, арфаграфічнай пільнасці.
Паралельна з навучальнай рэалізоўвалася выхаваўчая мэта ўрока: садзейнічанне выхаванню цікавасці і павагі да нацыянальных традыцый беларусаў. Прычым гэтая мэта была дасягнута, сэнс свята быў зразумелы дзецям. Аб чым яскрава засведчылі і тэксты, складзеныя вучнямі, і іх адносіны да даравальнай нядзелі.
Іна Уладзіміраўна падзялілася сваімі ўражаннямі ад конкурсу:
— Не магу сказаць, што перамога стала зусім нечаканай, але, шчыра прызнацца, калі пачынала прымаць удзел у конкурсе, на перамогу не разлічвала. Асноўная мэта была выйсці хаця б на горад. А калі аказалася, што я першая ў раёне, тады, безумоўна, хацелася заняць месца вышэй. І мне гэта ўдалося. У школе я працую ўжо 22 гады і зразумела, што толькі на ўроках малодшых школьнікаў нельга навучыць свабодна размаўляць на роднай мове. А таму лагічным працягам урочнай работы стаў гурток беларускай мовы, на якім вывучаюцца звычаі, традыцыі, святы беларусаў. На гуртку ёсць рэальная магчымасць нарошчваць лексічны запас дзяцей. Увесь клас з задавальненнем наведвае гэты гурток. Думаю, веды, назапашаныя дзецьмі падчас заняткаў, адыгралі станоўчую ролю і на конкурсных уроках.