Роднай мовы не цураюцца

- 12:20Навіны рэгіёнаў

Прыярытэтны напрамак дзейнасці Мышынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна — папулярызацыя карыстання беларускай мовай, вывучэння гістарычнай народнай спадчыны.

— Падрастаючае пакаленне трэба далучаць да родных вытокаў, бо яно стане трывалай апорай краіны толькі тады, калі будзе ўсведамляць сваю нацыянальную годнасць, ведаць свае карані і культуру. Менавіта таму навучанне ў нашай установе адукацыі грунтуецца на роднай мове, гісторыі і традыцыях, — расказала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Алена Вяркеенка.

Каб вучні маглі лепш спасцігнуць прыгажосць, напеўнасць і мілагучнасць роднай мовы, выкладанне вучэбных прадметаў у школе адбываецца па-беларуску. Для развіцця маўленчых здольнасцей, удасканалення культуры вуснага і пісьмовага маўлення арганізаваны факультатыўныя заняткі, скіраваныя на розны ўзрост дзяцей.

— Вучням 1—4 класаў мы прапануем наведваць факультатыў “Вытокі роднай мовы”, шасцікласнікі прыходзяць на заняткі “Сакрэты словазмянення і формаўтварэння”, а для вучняў старшых класаў дзейнічаюць факультатывы “Складаны сказ без складанасці”, “Гэты няпросты просты сказ”. У нас склалася свая сістэма школьных традыцый: інтэрактыўныя спаборніцтвы і гульні, фальклорныя святы, экскурсіі, — адзначыла Алена Адамаўна.

Мерапрыемстваў, якія далучаюць вучняў да гаворкі на роднай мове, у навучальнай установе сапраўды распрацавана шмат. Напрыклад, штомесячна тут выпускаецца газета “Размаўляем па-беларуску”. Кожны месяц у кабінеце беларускай мовы і літаратуры праходзіць выстава малюнкаў паводле твораў беларускіх пісьменнікаў. Штодзень у школе — “Фізкультхвілінка па-беларуску”. Рэгулярнымі ва ўстанове сталі таксама конкурс на лепшага чытальніка вершаў беларускіх паэтаў “Жывая класіка”, правядзенне народных свят, тэматычных беларускамоўных тыдняў.

Важна, што гаварыць па-беларуску кіраўніцтва навучальнай установы заахвочвае не толькі вучняў, але і іх бацькоў.

— Мы разумеем, што выхаванне любых якасцей пачынаецца з сям’і, таму з бацькамі вучняў у нас наладжана цеснае ўзаемадзеянне. Мамы і таты — нашы надзейныя памочнікі, у тым ліку ў папулярызацыі беларускамоўнасці, — падкрэсліла Алена Вяркеенка.

Выбудаваны такім чынам алгарытм дзейнасці педагагічнага калектыву прыносіць плён. Мясцовыя вучні не цураюцца размаўляць на роднай мове, добра ведаюць нацыянальную культуру, дасягненні славутых землякоў, растуць сапраўднымі патрыётамі сваёй Радзімы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.