Родны край разам з намі вывучай

Выхаваўчая работа ва ўстановах адукацыі праводзіцца пад знакам Года малой радзімы. У шматлікіх конкурсах, акцыях, фестывалях, накіраваных на фарміраванне ў навучэнскай моладзі любові да роднага краю, добраўпарадкаванне малой радзімы, папулярызацыю ведаў пра яе гісторыю, культуру, прыроду, прымаюць удзел тысячы навучэнцаў і педагогаў з усіх куточкаў краіны ад Камянца да Хоцімска, ад Верхнядзвінска да Лоева. Не застаюцца ўбаку і ашмянскія настаўнікі і вучні. Іх дзейнасць — яскравы прыклад плённай працы на карысць роднай зямлі.

Юныя даследчыкі малой радзімы з сярэдняй школы № 2 Ашмян.

Форум юных экскурсаводаў, конкурс даследчых работ “Спадчына Беларусі”, конкурс юных экскурсаводаў “З чаго пачынаецца Радзіма…”, конкурсы творчых работ “А ў нашай хаце свята”, “Шляхам добрых спраў”, конкурс фотаздымкаў “Зямля пад белымі крыламі” — вось няпоўны пералік мінулагодніх мерапрыемстваў толькі рэспубліканскага ўзроўню. А колькі яшчэ абласных, раённых конкурсаў і акцый праводзілася і колькі яшчэ чакаецца ў бягучым 2019 годзе! Актыўны ўдзел у згадных мерапрыемствах прымаюць установы адукацыі Ашмянскага раёна.

Удзел гэты паспяховы. У спісе прызёраў і пераможцаў практычна кожнага рэспубліканскага краязнаўчага конкурсу абавязкова значацца імёны ашмянскіх навучэнцаў. Напрыклад, за ўдзел у нядаўнім конкурсе “Спадчына Беларусі” ў намінацыі “Матэрыяльная культура” дыпломам ІІ ступені ўзнагароджаны Ульяна Астрамовіч, Юлія Бражыцкая і Лізавета Дзямідава з сярэдняй школы № 2 Ашмян, а Юлія Бражыцкая заняла 2-е месца яшчэ і ў конкурсе “З чаго пачынаецца Радзіма…”. Мы абавязкова сустрэнемся з юнымі краязнаўцамі, а таксама іх кіраўніком Любоўю Георгіеўнай Пятровай у своеасаблівым краязнаўчым штабе — школьным музеі “Ашмяны: падзеі, людзі”. Пакуль што завітаем у гімназію № 1 і азнаёмімся з працай калектыву ўстановы над актуальным у Год малой радзімы праектам “Ашмяншчына гасцінная”. Праект універсальны, паколькі яго змест і тэматыку можна адаптаваць пад любы раён Беларусі.

Л.Г.Пятрова з арыгінальным летапісам.

Як паведаміў аўтар праекта вучань 9 класа Ягор Дзегцяроў, праграма праекта “Ашмяншчына гасцінная” пачала рэалізоўвацца ў 2018 годзе ў рамках Дзяржаўнай праграмы “Беларусь гасцінная” і накіравана на павышэнне ўзроўню ўязнога турызму ў Ашмянскім раёне. Спачатку Ягор разам з аднакласнікамі пад кіраўніцтвам настаўніцы геаграфіі Святланы Міхайлаўны Ляпко правялі аналіз турыстычна-рэкрэацыйнага патэнцыялу сельсаветаў Ашмянскага раёна і прыйшлі да высновы, што ён выкарыстоўваецца не ў поўнай ступені. А турызм — гэта ж не толькі крыніца фінансавага прыбытку, але і моцны фактар прэстыжу як асобных раёнаў, так і краіны ў цэлым. Менавіта таму, як лічаць удзельнікі праекта, кожны грамадзянін павінен рабіць уклад у развіццё турыстычнай прывабнасці малой радзімы.

— Ашмяншчына — край з багатай гістарычнай, культурнай, прыроднай спадчынай, які знаходзіцца ў прыгранічнай зоне і валодае добрым турыстычна-рэкрэацыйным патэнцыялам. Мы ўпэўнены, што наш раён будзе больш папулярны сярод турыстаў, калі зрабіць эфектыўныя маркетынгавыя крокі. Адным з такіх крокаў можа стаць стварэнне турыстычнага сайта сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвыканкама, а таксама роліка на англійскай мове “Ашмяны з мінулага да нашых дзён”. Каб павысіць колькасць турыстаў, прапаноўваем пашырыць сувязі з Літоўскай Рэспублікай, на мяжы з якой знаходзіцца наш раён, распрацаваць сумесныя трансгранічныя веласіпедныя, конныя, аўтобусныя маршруты, якія б прапаноўвалі знаёмства з дзяржавамі падчас адной паездкі. Яшчэ адным крокам з’яўляецца выпуск прадукцыі з выкарыстаннем турыстычных сімвалаў. Мы прааналізавалі прадукцыю, якая прадаецца ў ашмянскіх магазінах, кіёсках, і, на жаль, сімвалы Ашмян на ёй сустракаюцца рэдка. Добрым крокам можа быць стварэнне шыльд, дзе побач з сучаснымі назвамі будуць размешчаны гістарычныя назвы вуліц. Мы даследавалі гэтыя назвы і з адпаведнай прапановай ужо звярнуліся ў райвыканкам, — паведаміў Ягор.

С.М.Ляпко.

У гэтым напрамку дзейсную дапамогу можа аказаць распрацоўка брэнда горада, накіраванага на паляпшэнне іміджу Ашмян і стварэнне ў яго жыхароў і гасцей неабходных станоўчых асацыяцый і вобразаў. Для любога рэгіёна або горада брэнд вельмі важны, паколькі з’яўляецца асновай адносін з мэтавай аўдыторыяй і фарміруе геаграфічную прывязанасць да раёна на эмацыянальным узроўні. У рамках брэндынгу Ашмян гімназісты распрацавалі яго лагатыпы і стварылі каталог з найбольш цікавых версій. А самы ўдалы, на думку вучняў, нават перанеслі на майкі. “Я люблю Ашмяны”, — сведчыць арыгінальны надпіс. Калі ты шчыра любіш родны горад, то, сапраўды, чаму б не заяўляць пра гэта гучна. Асабліва любяць апранаць гімназісты гэтыя майкі, калі падарожнічаюць летам па іншых краінах і мясцінах Беларусі. Няхай сустрэчныя ведаюць, што на беларускай зямлі ёсць такі прыгожы куточак — Ашмяншчына з яго цэнтрам, старажытнымі і ўтульнымі Ашмянамі.

— Ашмянскі раён мы вывучаем даўно. Год малой радзімы для нас — гэта не толькі 2018 або 2019. Кожны год для мяне і маіх вучняў праходзіць пад знакам вывучэння малой радзімы, папулярызацыі яе адметнасцей. Па выніках даследаванняў ствараем работы, якія займаюць прызавыя месцы на абласных і рэспубліканскіх этапах конкурсаў. Адна з такіх работ “Валуны — маякі гісторыі” была напісана ў выніку рэалізацыі праекта “Нявесцін камень” і прысвечана культавым камяням раёна. Дарэчы, у кабінеце гісторыі прадстаўлена міні-выстава макетаў даследаваных намі пяці помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння. Сярод іх і макет валуна, які вітае гасцей і жыхароў горада на ўездзе ў Ашмяны. З адметнасцямі краю навучэнцы знаёмяцца і падчас экскурсій, — расказала Святлана Міхайлаўна Ляпко.

Па словах дырэктара гімназіі Вольгі Уладзіміраўны Саванец, ва ўстанове адукацыі распрацаваны гадавы план турыстычных паходаў і экскурсій. Для кожнай паралелі класаў — свае маршруты, якія ў залежнасці ад узросту і ўзроўню ведаў дзяцей адрозніваюцца працягласцю і інфармацыйнай насычанасцю. За навучальны год кожны клас здзяйсняе два-тры паходы па месцах баявой славы, па гістарычных, культурных, прыродных славутасцях раёна. На маршруце вучні не толькі пазнаюць малую радзіму, але і здзяйсняюць карысныя справы: наводзяць чысціню каля помнікаў, абсталёўваюць у лесе месцы адпачынку і г.д. Напрыклад, пяцікласнікам прапаноўваюцца два маршруты: адзін — прыродаахоўны, другі — комплексны. Першы накіраваны на ачыстку крыніцы ва ўрочышчы Сухая і абсталяванне прывалаў ва ўрочышчы Мікрашкі. Другі — на азнаямленне са станам былога маёнтка графа Чапскага і наведванне помніка прыроды рэспубліканскага значэння Нявесцінага каменя.

Калі своеасаблівым штабам краязнаўчай работы ў гімназіі № 1 Ашмян з’яўляецца шматпрофільны рэсурсны цэнтр “Тэрыторыя здароўя”, то ў сярэдняй школе № 2 — гэта музей “Ашмяны: падзеі, людзі”. Уся гісторыя горада, багатая, насычаная, таямнічая, сабрана ў адным памяшканні і прадстаўлена каля 820 прадметамі асноўнага фонду. Усяго ў музеі налічваецца каля 2 тысяч экспанатаў, якія расказваюць пра розныя перыяды гісторыі горада, яго сучаснае жыццё, адметнасці. Самае галоўнае, як лічыць кіраўнік музея Любоў Георгіеўна Пятрова, што экспазіцыя створана выключна рукамі настаўнікаў і вучняў. Афармленне, музейныя прадметы — усё гэта вынік працы калектыву школы на працягу 12 гадоў. Значна актывізуюць работу па напаўненні раздзелаў экспазіцыі традыцыйныя акцыі “Прынясі экспанат у музей” і “Знаходка года”. Такі багаты матэрыял дазваляе школьнікам праводзіць цікавыя даследаванні і паспяхова прадстаўляць іх на навуковых канферэнцыях. Стаў музейны матэрыял і асновай для стварэння летапісу Ашмян — вялізнага фаліянта ў арыгінальнай вокладцы з гербам горада, са скуранымі ўстаўкамі. Дарэчы, у свой час на рэспубліканскім конкурсе летапісаў ён заняў першае месца.

Ягор Дзегцяроў ганарыцца любімым горадам.

Экскурсія па музеі пабудавана арыгінальным чынам: на аснове аповеду пра экспанаты кіраўнік музея або вучні-экскурсаводы знаёмяць наведвальнікаў з малавядомымі фактамі з гісторыі Ашмян і раёна. Назавём гэтую экскурсію ўмоўна так: “А ці ведаеце вы, што…”. Дык ці ведаеце вы, што першая звестка пра Ашмяны за 1341 год змешчана ў “Хроніцы літоўскай і жамойцкай” у сувязі з перадачай вялікім князем Гедымінам Ашмянскага павета свайму сыну Яўнуту, а сама назва горада, на думку навукоўцаў, паходзіць ад літоўскага слова “ашмянес” і азначае вастрыё (даўней ашмянская крэпасць была, вобразна кажучы, вастрыём мяча і спыняла чужаземных захопнікаў)? Ці ведаеце, што Ашмянскі раён у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь прадстаўлены 29 аб’ектамі?

Такіх “ці ведаеце, што…” падчас экскурсіі гучала некалькі дзясяткаў. Педагогі і навучэнцы Ашмян ведаюць пра родны горад практычна ўсё. А што ведаеце вы пра сваю малую радзіму?

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.