“Біялогія — адзін з галоўных сэнсаў майго жыцця. Мая мэта — перадаць гэтую любоў дзецям” — гэтае крэда настаўніцы біялогіі салігорскай гімназіі № 1 Таісы Міхайлаўны Каняхінай можа прачытаць кожны, хто зойдзе на сайт навучальнай установы. Свайго крэда педагог прытрымліваецца ўжо амаль 30 гадоў і столькі ж працуе ў гімназіі, якая таксама даўно стала сваёй, роднай.
У Салігорск выпускніца Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага, які цяпер мы ведаем як БДПУ імя Максіма Танка, прыехала ў 1989 годзе за мужам, з якім, дарэчы, ва ўніверсітэце і пазнаёмілася. Але прыехала сярод навучальнага года, таму працаваць пачала ў 1990 годзе — тады, калі навучальная ўстанова стала гімназіяй. Працавала выхавальнікам-арганізатарам, або “класнай дамай” (была тады такая пасада), вяла некалькі гадзін свайго прадмета. Так, пакінуўшы родную Мядзельшчыну, Таіса Міхайлаўна набыла, можна сказаць, новую малую радзіму.
— У гімназіі цудоўны калектыў, мы і працуем разам, і сябруем. Усё добра, усё атрымалася, я даражу сваім калектывам, ганаруся ім, — гаворыць Т.М.Каняхіна.
Узгадваючы, як стала настаўніцай, мая суразмоўніца расказвае, што калісьці збіралася ў медыцынскі, але паўплывалі бацькі: яны былі ўпэўнены, што дачцэ лепш выбраць іншы шлях. І не памыліліся — любоў да біялогіі, вучоба ў педагагічным прывялі дзяўчыну да справы ўсяго яе жыцця. Вялізны педагагічны вопыт, заслугі і поспехі Таісы Міхайлаўны і яе вучняў не пакідаюць сумненняў у гэтым.
— Нават у самым раннім дзяцінстве я любіла гуляць у школу. Садзіла сваіх сяброў за стол, а сама выконвала ролю настаўніцы, — расказвае Т.М.Каняхіна. — Бацькі бачылі гэта і, канечне, заўважалі мае схільнасці. Усё ў рэшце рэшт атрымалася, ніколі ў мяне не было жадання пайсці з педагагічнай прафесіі. Без усялякіх хітрыкаў магу сказаць, што люблю сваю работу. Мой муж, які, канечне, ведае мяне як ніхто, кажа, што я жыву для работы. Магчыма, так яно і ёсць. І гэта ж добра, праўда?
Для вучняў Таісы Міхайлаўны гэта адназначна добра, бо веды па прадмеце (а ў гімназіі ёсць і адпаведны профіль) яны атрымліваюць выдатныя. За гэтым і прыходзяць да педагога, каб потым стаць урачамі, бо вельмі многія паступаюць у медыцынскія ўніверсітэты або на біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
— У мяне цудоўныя, вельмі ўдзячныя вучні, — заўважае педагог. — Мы пастаянна падтрымліваем з імі сувязь.
Некаторыя былыя гімназісты цяпер прыводзяць сваіх дзяцей вучыцца да любімага педагога, і справа, канечне, не толькі ў тым, што жывуць яны дзесьці побач, а яшчэ і ў тым, што ведаюць: у гэтай гімназіі, у гэтай настаўніцы і яе калег дзеці атрымаюць належную адукацыю, выйдуць на высокі ўзровень.
І чаму б ёй не быць, такой упэўненасці? Вось толькі ад зін факт: па выніках 2018 года гімназія № 1 Салігорска была ўзнагароджана кубкам і дыпломам пераможцы Абласнога конкурсу “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі” ў намінацыі “Лепшая гімназія”. Сярод пераможцаў розных этапаў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды школьнікаў таксама нямала навучэнцаў гэтай установы. Так, вучні Т.М.Каняхінай за апошнія 12 гадоў 7 разоў былі лепшымі на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды, атрымлівалі дыпломы розных ступеней. У мінулым 2018/2019 навучальным годзе дзве вучаніцы Таісы Міхайлаўны — Марыя Нікановіч і Настасся Глухава — заваявалі дыпломы ІІІ ступені на гэтым этапе.
Настаўніца вышэйшай катэгорыі Т.М.Каняхіна ўваходзіць у склад творчай групы настаўнікаў біялогіі ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, якая рыхтуе школьнікаў да алімпіяд. Штогод удзельнічае ў семінарах, якія Нацыянальны інстытут адукацыі Рэспублікі Беларусь арганізоўвае як для настаўнікаў, так і для настаўнікаў разам з вучнямі. Напрыклад, заняткі праводзяцца на базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка — дзеці могуць папрацаваць з рознымі рэактывамі, моцнымі мікраскопамі і г.д.
Настаўніца гаворыць, што работа з матываванымі творчымі навучэнцамі дае ёй вельмі многа. “Сваіх”, зацікаўленых навукай вучняў яна запрашае да паглыбленай работы яшчэ тады, калі яны толькі пачынаюць вывучаць біялогію — у 6 класе. Застаюцца самыя зацікаўленыя, самыя арганізаваныя, сярод якіх, як правіла, і нараджаюцца алімпіяднікі.
І, канечне, педагог вядзе факультатыў для старшакласнікаў, якія асэнсавана выбіраюць біялогію як адзін з асноўных прадметаў не толькі для вывучэння ў гімназіі, але і для атрымання прафесіі. Ёсць у Таісы Міхайлаўны і факультатыў для шасцікласнікаў, які называецца “Зялёныя школы”. Ён уключае матэрыял не толькі па біялогіі, але і па энергазберажэнні, праблемах засмечвання навакольнага асяроддзя і інш.
Заслугі педагога адзначаны ўзнагародамі. Гэта ганаровыя граматы ўпраўлення адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (2007 і 2015 гады), граматы Салігорскага райвыканкама, а таксама другая і трэцяя прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў — у 2015 і 2016 гадах.
— Любоў да дзяцей, жаданне перадаць ім свае веды і жыццёвы вопыт, дапамагчы выбраць прафесію, уладкавацца ў жыцці заўсёды са мной, — гаворыць мая суразмоўніца. — Хочацца, каб іх жыццёвы шлях быў годным, шчаслівым і паспяховым у плане прафесіі.
Марына ХІДДЖАЗ.