Родныя сцены дапамагаюць

- 11:32Выхаванне, Краязнаўства

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Раклевіцкага дзіцячага сада — базавай школы Дзятлаўскага раёна Наталля Сокал яшчэ ў дзяцінстве захапілася краязнаўствам, а вярнуўшыся ў родную сельскую школу педагогам, стараецца прывіваць любоў да роднага краю сваім вучням, далучаючы іх да даследчай дзейнасці.

З выбарам прафесіі ў мяне не было ніякіх пытанняў, бо мой бацька Аляксандр Іванавіч Васюкевіч — настаўнік гісторыі, а сёння ён дырэктар школы, у якой я працую. Я з дзяцінства бачыла працу педагога, ведала яе знутры і свой выбар зрабіла свядома, — расказвае Наталля Аляксандраўна.

Пасля заканчэння Лідскага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы дзяўчына пайшла завочна вучыцца ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на спецыяльнасць “Настаўнік пачатковых класаў, беларускай мовы і літаратуры”. 11 гадоў працавала настаўніцай пачатковых класаў, а як толькі з’явілася магчымасць, пачала выкладаць беларускую мову, чым і займаецца з пачатку бягучага навучальнага года. 

— Я сама вучылася ў Раклевіцкай школе, магчыма, таму не адчувала такога хвалявання, як іншыя маладыя спецыялісты. Ведала педагагічны калектыў, задачы, якія выконваюць педагогі, і адразу была гатова ўключыцца ў вучэбны працэс, — успамінае настаўніца. Выкладаць у пачатковых класах для мяне было мала, таму з першых гадоў работы спрабавала сябе ў якасці педагога-арганізатара, педагога дадатковай адукацыі. Да таго ж зразумела, што, акрамя заняткаў з дзецьмі, мяне прываблівае даследчая работа, асабліва ўсё, што тычыцца края­знаўства.

На працягу трох гадоў Н.А.Сокал разам з творчай групай вучняў распрацоўвае сеткавыя праекты.

На працягу многіх гадоў Наталля Аляксандраўна не толькі сама займаецца даследаваннямі, але і далучае да гэтай справы навучэнцаў школы. Разам яны вывучаюць родны край, право­дзяць даследаванні і дэманструюць свае работы на розных узроўнях. 

Краязнаўчай дзейнасцю Наталля зацікавілася яшчэ ў пачатковых класах. Расказвае, што Раклевіцкая школа заўсёды славілася распрацоўкай тэмы краязнаўства. На канікулах ра­зам з класам дзяўчынка ездзіла на экскурсіі, хадзіла ў паходы. А вярнуўшыся ў родную школу ўжо настаўніцай, заўважыла, што края­знаўчая дзейнасць па-ранейшаму займае тут важнае месца. Адразу ўключылася ў гэтую работу і стала адным з педагогаў, якія і развіваюць гэты напрамак. 

Педагог стараецца ісці ў нагу з часам, прымяняе ў сваёй рабоце інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Гэта тычыцца не толькі работы ў якасці настаўніцы беларускай мовы, але і пазаўрочнай дзейнасці. На працягу трох гадоў настаўніца разам з творчай групай вучняў распрацоўвае сеткавыя праекты. Да ўдзе­лу ў даследаваннях роднага краю прыцягвае не толькі сваіх вучняў, але і навучэнцаў іншых устаноў адукацыі раёна, а таксама суседніх Навагрудскага і Слонімскага. Падтрымлівае гэтую работу цэнтр дадатковай адукацыі, які дамапамагае кансультацыямі. Дзецям падабаецца такая дзейнасць, бо яны могуць вывучаць гісторыю краю з выкарыстаннем сучасных ІКТ.  

— Мэтай праекта “Памяць сэрца” было расказаць пра музеі Дзятлаўшчыны. Працуючы над праектам “Незабытыя героі неабвешчанай вайны”, прымеркаваным да 32-й гадавіны афганскай вайны, мы сабралі звесткі аб усіх афганцах — ураджэнцах Дзятлаўскага раёна. У цяперашні час працуем над праектам “Крыніцы народнай творчасці”. Не проста расказваем пра рамёствы Беларусі, а праводзім пошукава-даследчую дзейнасць, імкнёмся даведацца, якія майстры ёсць на нашай дзятлаўскай зямлі, каб потым на раённым мерапрыемстве прадэманстраваць іх вырабы і паказаць, што на нашай малой радзіме шмат творчых людзей. На пляцоўцы “Блогер” ствараем праекты, у якіх прыма­юць
удзе­л навучэнцы іншых школ, абменьваемся інфармацыяй. Такім чынам, у Дзятлаўскім раёне створана база, якую можна выкарыстоўваць пры правя­дзенні ўрокаў мужнасці, класных гадзін і іншых мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці. Увогуле, усе сеткавыя праекты носяць патрыятычны характар, але ракурс заўсёды розны: гісторыя Вялікай Айчыннай вайны, афганская вайна, этна­графія роднага краю, — расказала Наталля Аляксандраўна. 

Распрацоўкай сеткавых праектаў разам з педагогам займаюцца старшакласнікі. Але Наталля Аляксандраўна і яе калегі змаглі далучыць да гэтага працэсу і малодшых школьнікаў з розных школ раёна, рэалізаваўшы праект па прывіцці цікавасці да чытання.

— Існуе меркаванне, што ў сельскай школе немагчыма дасягнуць значных вынікаў, але я з гэтым не згодна, — выказала меркаванне Наталля Сокал. — Разам з дзецьмі мы выступаем не толькі ў школе і раёне, але і на абласных, міжнародных канферэнцыях, напрыклад, “Край гарадзенскі”, “Каложскія чытанні”, “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гг. у гістарычнай памяці народа”. Я не толькі імкнуся дасягнуць ра­зам з навучэнцамі добрых вынікаў у сваёй працы, але і паказаць ім, што сельскія школьнікі нічым не горшыя за навучэнцаў гімназій, у нашых дзяцей ёсць такія ж магчымасці. Трэба толькі паверыць у свае сілы — і тады табе могуць пакарыцца многія вяршыні.

Раклевіцкая школа заўсёды славілася распрацоўкай тэмы краязнаўства. 

Педагог лічыць, што глыбокая распрацоўка тэмы краязнаўства ў школе — заслуга дырэктара А.І.Васюкевіча, які сваім энтузіязмам захапляе іншых людзей. 

— Калі кіраўніцтва ўстановы адукацыі зацікаўлена ў рабоце маладога спецыяліста, матывуе яго, гэта натхняе. Атрымаўшы адабрэнне, стараешся не спыняцца, а ісці далей, развівацца. І гэта тычыцца не толькі мяне, але і ўсіх маладых педагогаў, кожны можа звярнуцца па дапамогу. Сярод тых, хто атрымаў першае працоўнае месца ў нашай школе, ужо ёсць дырэктар і намеснік дырэктара ўстановы адукацыі. Хто б ні прыйшоў у нашу школу — наведвальнік музея, бацька вучня ці
госц­ь — усе адзначаюць, што тут, як дома, вельмі ўтульна. Магчыма гэта звязана з тым, што школа невялікая, у ёй пануе атмасфера добразычлівасці, узаемадапамогі, любові кожнага педагога да сваіх вучняў і прафесіі, — сказала Н.А.Сокал. — Я не толькі даю веды сваім вучням, але і сама ў іх многаму вучуся, у першую чаргу, пазітыву, якім яны зараджаюць. Калі твой выхаванец нечага дасягнуў, атрымаў дыплом, то цябе перапаўняе гордасць. Бачыш вынік і разумееш, што твая праца не дарэмная, і гэта дае яшчэ большы стымул рухацца наперад. 

Наталля Сокал імкнецца набрацца больш вопыту ў выкладанні беларускай мовы і літаратуры і зацікавіць дзяцей гэтым прадметам. Марыць, каб яны размаўлялі па-беларуску, цікавіліся гісторыяй і традыцыямі роднага краю. 

Матэрыялы Ірыны АНІКЕВІЧ.
Фота з архіва Н.А.Сокал.