Родныя ўзоры

- 10:44Выхаванне

У чацвер моладзь краіны аб’яднаў Дзень вышыванкі. Гэтае свята даўно атрымала прапіску ў многіх рэгіёнах краіны, а апошнія гады праводзіцца як рэспубліканскае. Арганізатарамі выступілі Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі пры падтрымцы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Пачалося свята з дэфіле ма­дэлей у касцюмах з элементамі вышыўкі ад розных дызайнераў і вытворцаў. Яркія, запальныя праграмы прапанавалі фолк-калектывы і эстрадныя выканаўцы з Мінска і ўсіх абласцей краіны. У інтэрактыўных фотамайстэрнях з вышыванкамі і тантамарэскамі кожны жадаючы змог зрабіць фота на памяць. У салоне беларускага арнаменту “Родныя ўзоры” можна было пабыць у ролі дызайнера адзення, а ў салоне “Азбука беларускага арнаменту” для ўсіх жадаючых праходзілі майстар-класы па вырабе лялек-абярэгаў, матылькоў са стужак-вышыванак. Аматараў гульняў чакалі ў лакацыі “Народныя гульні”.

Народныя майстры зладзілі імп­равізаваны музей пад адкрытым небам “Скарбніца” і ахвотна расказвалі пра асаблівасці свайго рамяства. Тут можна было ўбачыць вырабы народных рамёстваў, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прадметаў нацыянальнага побыту, элементаў нацыянальнай беларускай культуры, прадастаўленыя Квасыніцкім цэнтрам рамёстваў Слуцкага раёна, Салігорскім раённым цэнтрам рамёстваў, Мётчанскім дзіцячым садам — сярэдняй школай Барысаўскага раёна і іншымі ўстановамі. Напрыклад, Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р.Шклярава прэзентаваў унікальныя неглюбскія тэкстыльныя традыцыі, якія ў 2016 годзе папоўнілі Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Госці свята змаглі паўдзельні­чаць у майстар-класах па стварэнні аксесуараў з нацыянальным беларускім арнаментам. На фуд-корце “Беларуская карчма” можна было пакашт­аваць стравы беларускай кухні, наведаць выставу-продаж вырабаў народных промыслаў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, гандлёвыя рады па продажы сувеніраў, адзення, аксесуараў з беларускім арнаментам.

“Выкарыстоўваючы вышыванку ў штодзённым жыцці, мы захоўваем свае традыцыі, — заявіла падчас свята першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава. — Вышыванка стала сапраўднай візітнай карткай беларусаў. Вышыты нацыянальны арнамент — гэта не проста ўпрыгажэнне, гэта своеасаблівы шыфр, які праз стагоддзі перададзены нам продкамі. Кожны ўзор у арнаменце — гэта сімвал, які валодае магутнай энергетыкай і нясе пэўны пасыл. Выкарыстоўваючы вышыванку ў штодзённым жыцці, мы выказваем сваю нацыя­нальную і грамадзянскую пазіцыю, культурную адукаванасць і духоўную свядомасць, падкрэсліваем адзінства і згуртаванасць беларускага народа. Абрады і традыцыі, якія выдатна захаваліся на беларускай зямлі, характарызуюць нас як народ, які тут жыве. Беражліва захоўваючы спадчыну мінулага, суверэнная Беларусь закладвае і новыя традыцыі. У іх — нашы дасягненні і лепшыя якасці беларусаў: міласэрнасць і дружалюб­насць, душэўная шчодрасць і гатоўнасць падзяліцца ўсім, што маем”.

Самым удалым варыянтам дрэс-коду для ўдзельнікаў свята сталі, канечне, вышыванкі. Строгую класічную кашулю змяніў на дэкарыраваную нацыянальным арнаментам і першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Дзмітрый Варанюк. Ён адзначыў: “Дзень вышыванкі ўжо стаў традыцыяй суверэннай Беларусі. Апранаючы вышыванку, мы звязваем сябе з пакаленнямі нашых продкаў, якія марылі аб светлай, мірнай і прыгожай Беларусі. Сёння яна ў нас ёсць. І задача сучаснай мола­дзі — усё гэта прымножыць”.

Пераможца конкурсу “Студэнт года — 2019” Дар’я Паўлоўская на свята нацыянальнага арнаменту прыехала з Баранавіч таксама ў вышыванцы. Але гэта для яе не выключны выпадак: адзенне з ўзорамі яна любіць апранаць не толькі па святах, але і на вучобу, сустрэчы з сябрамі і прагулкі па горадзе. Дар’я ўпэўнена: “Гэта вельмі важна, таму што наша гісторыя — гэта наш бэк­граўнд, ад якога мы будзем адштурхоўвацца і рухацца наперад”.

Дзень вышыванкі адсвяткавалі не толькі ў сталіцы Беларусі, але і ў іншых рэгіёнах. Напрыклад, у Брэсце яго адзначылі велапрабегам, а мастачка Надзея Вусік правяла майстар-клас па роспісе адзення ў нацыянальным стылі. Па ўсёй краіне самыя маленькія беларусы, якія нарадзіліся напарэдадні Дня Незалежнасці, атрымалі ў падарунак распашонкі з нацыянальным арнаментам.

Святлана НІКІФАРАВА.