Роксі з Польшчы — лепшая

Дзіцячае “Еўрабачанне — 2018” ужо ў гісторыі. І нам застаецца толькі падзякаваць Белтэлерадыёкампаніі за тое, што яны зрабілі для нас гэтае цудоўнае свята, асабіста вядучым — у кадры і за кадрам — Яўгену Перліну, ЗЕНЕ, Хелене Мерааі, Ганне Квілорыя, Георгію Калдуну і Андрэю Макаёнку — за тое, што не давалі святу быць сумным, нарэшце, усім дваццаці ўдзельнікам-канкурсантам і, мабыць, найперш нашаму Даніэлю Ястрэмскаму, які хай і не перамог, але годна прадставіў Беларусь на гэтым конкурсе, менавіта па-еўрапейску і праспяваў, і станцаваў.

Фота да матэрыяла: Роксі з Польшчы — лепшаяЁсць у дзіцячым “Еўрабачанні” адзін момант, які асабліва цешыць. Гэта момант сямейнага яднання — калі ты разам з жонкай і дачкой на працягу дзвюх гадзін сядзіш перад тэлеэкранам і неадрыўна сочыш за маленькімі і юнымі выканаўцамі, якія адно за адным выходзяць на сцэну, прадстаўляючы не толькі сваю песню, але і сваю краіну і… свой узрост. Так, так, узрост! Дзіцячае “Еўрабачанне” з году ў год прымушае нас задумвацца над зусім не дзіцячымі пытаннямі кшталту: як размежаваць гэтыя дзве іпастасі — дзяціннасць і даросласць? Як убачыць дарослае ў дзіцячым і дзіцячае ва ўжо амаль дарослым? Як прызнаць за дзіцячае дарослае і наадварот? Як… палюбіць нашых такіх розных і такіх дарослых дзетак?

А яны, як паказала дзіцячае “Еўрабачанне” ў Мінску, сапраўды вельмі розныя — што 11 гадоў, што ўсе 14. З брэкетамі, з коскамі ў хлопцаў і з тату ў дзяўчат, з тэкстамі пра каханне і пра любоў… Як іх не любіць?!

Асабіста я хварэў, акрамя Даніэля, за францужанку Анжаліну. Мяне з першых акордаў проста паланіла яе песенька Jamais Sans Toi (“Ніколі без цябе”) — настолькі па-дзіцячы гарэзлівая, настолькі французская, што немагчыма было не прыкласці адну нагу на другую, як гэта рабіла яна на сцэне “Мінск-Арэны”. Падумалася яшчэ: адкуль бяруцца гэтыя французскія дзівы — Мірэй Мацье, Мілен Фармер, Алізэ? А вось адтуль… З дзяцінства! Анжаліна спадабалася не толькі мне, але і тысячам гледачоў ва ўсім свеце. Яна заняла 2-е месца, набраўшы 203 балы.

А першай, з 215 баламі, стала 13-гадовая полька Раксана Венгель, або, прасцей, Роксі, як яе называюць сябры і якой яна запомнілася на сцэне “Мінск-Арэны”. “Дык гэта ж як ёсць Аўрыл Лавін!” — думаю, не толькі я выгукнуў гэтыя словы, як толькі Раксана Венгель пачала спяваць сваю трыумфальную песню Anyone I want to be (“Кім бы я ні стала”). Польская спявачка сапраўды вельмі нагадала канадскую поп-зорку — і знешнасцю, і манерай выканання. Яе песня запомнілася. Яе хочацца напяваць. Раксана заслужана перамагла.

А ўсё магло быць інакш у жыцці Раксаны. Да n-га ўзросту яна пачувалася сама і была ў вачах іншых выключна спартсменкай. Актыўна займалася акрабатыкай, дзюдо. Але аднойчы ў летні лагер для дзюдаістаў, у якім адпачывала дзяўчынка, прывезлі караоке. Саромеючыся, яна падышла да мікрафона і заспявала. Увесь лагер тады застыў у замілаванні ад голасу маленькай дзюдаісткі. Раксана ператварылася ў Роксі.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота БелТА.