Роля настаўніка — быць правадніком у свет складанага

- 11:36Адукацыйная прастора

“Роля настаўніка — быць правадніком у свет складанага”, — лічыць настаўніца біялогіі ліцэя № 1 Мінска кандыдат біялагічных навук Кацярына Скрыган. Каб праваднік не страчваў сваіх функцый, Кацярына Анатольеўна ўвесь час падсілкоўваецца новымі метадычнымі ідэямі і тэхналогіямі. Яна пастаянная ўдзельніца фармальных і нефармальных семінараў, форумаў для педагогаў, з’яўляецца прыхільніцай і ініцыятарам цеснага супрацоўніцтва з калегамі-біёлагамі (стварыла суполку “БіяСкарбонка” для абмену вопытам паміж настаўнікамі з усёй краіны. Трапіць у “БіяСкарбонку”  можна праз сайт skrigan.weebly.com). Па яе меркаванні, толькі дапамога адно аднаму, падтрымка дапаможа кожнаму настаўніку дасягнуць прафесійных вышынь. “Я ніколі не шкадую сваіх напрацовак. Наадварот, калі змагла нешта хутка апрацаваць, прааналізаваць, праструктураваць, то мне хочацца гэтым падзяліцца. Толькі разам мы зможам падрыхтаваць нашых вучняў да паспяховага прафесійнага жыцця”, — лічыць Кацярына Анатольеўна.

Сваім вучням яна ўвесь час гаворыць, што жыццё пачынаецца не тады, калі вы атрымаеце дыплом або першую заработную плату. Ваша актыўнае і прадукцыйнае жыццё адбываецца ўжо цяпер. Напрыклад, праект GreenCup, які прэзентавалі навучэнцы Кацярыны Анатольеўны на хакатоне Social Weekend у лютым мінулага года, прапануе замяніць папяровыя шкляначкі з пластыкавым пакрыццём на вафельныя са 100-працэнтна раскладальным, экалагічным і ядомым пакрыццём. Посуд, які не шкодзіць навакольнаму асяроддзю і можа доўгі час утрымліваць напіткі, уразіў удзельнікаў хакатону, і тэхналогія атрымала фінансавую падтрымку на далейшую распрацоўку.

Навуковы праект юных біёлагаў першага сталічнага ліцэя гэтага года “БіяКухня” (папулярызацыя ўрокаў біялогіі шляхам стварэння каталога даступных і наглядных эксперыментаў) стаў пераможцам хакатону Social Weekend у лютым 2019 года і атрымаў пуцёўку на трэкі навучання асноўнага конкурсу. Асацыяцыя “Адукацыя будучыні” падтрымала праект ліцэістаў і выдзеліла грошы на яго развіццё.

У педагогіку — праз аспірантуру ў Капенгагене

Мая сённяшняя гераіня ў педагогіку прыйшла не адразу, але ўсвядомлена. Кацярына Скрыган скончыла біялагічны факультэт БДУ, пасля — магістратуру, а затым — аспірантуру ва ўніверсітэце Капенгагена (Данія). “Паступалі ў аспірантуру (і паступілі) разам з мужам. Ён радыёфізік. Асаблівых праблем з паступленнем у нас не ўзнікла. Нашы дыпломы там прызнаюцца, таму мы сабралі неабходны пакет дакументаў і паспяхова прайшлі субяседаванне. Адкрытыя вакансіі можна знайсці ў інтэрнэце. Праз пэўны час (тэрмін навучання ў аспірантуры Даніі складае тры гады) мы абодва абараніліся. У Капегагене я атрымала не толькі вопыт навучання, але і педагагічнай працы. Некаторы час выкладала ў студэнтаў, што паслужыла зыходнай кропкай у жаданні застацца ў прафесіі педагога. Менавіта ў Даніі я ўсвядоміла, што хачу выкладаць, вучыць старшакласнікаў”, — расказала настаўніца.

Ад’язджаючы ў Капенгаген, маладая сям’я планавала, што адвучыцца ў аспірантуры, атрымае пэўны вопыт і вернецца ў Беларусь. Аднак у рэальнасці ім давялося там застацца на большы тэрмін, чым тры гады. Але ўжо чатыры гады яны жывуць і працуюць у сваёй краіне. “За гады вучобы і працы за мяжой я зразумела, што ёсць рэчы, якія абавязкова неабходна развіваць у сістэме адукацыі нашай краіны. З іншага боку, наша сістэма дае фундаментальныя веды, ад чаго адмаўляцца нельга. У свой час я вучылася ў Старобіне(да 9 класа), а пасля ў Салігорску, дзе атрымала добрую базу ведаў, якая мне да­зволіла паступіць на біялагічны факультэт БДУ. І, дарэчы, я заў­сёды і ўсюды была ўпэўнена ў сваіх ведах.

У мяне быў вопыт навучання ў Германіі, куды трапіла на 4 курсе па праграме Erasmus Mundus. У Германіі я зразумела, што мне не хапае разумення, куды можна прымяніць свае тэарэтычныя веды. Не хапала сувязі з практыкай. Але тэарэтычны фундамент дае куды больш шансаў, чым разрозненыя практычныя веды з розных галін, бо дапамагае мысліць сістэмна. Напрыклад, у нас на курсе па біяхіміі паўгода паслядоўна вывучаецца будова рэчываў, другія паўгода — гэта дынамічная біяхімія (як гэтыя рэчывы ўзаемадзейніча­юць). Там жа курс біяхіміі можа складацца з частак, якія могуць быць паміж сабой ніяк не звязаны. Пры гэтым у межах кожнай част­кі замежныя студэнты атрымліваюць вельмі добрыя веды і разуменне таго, як іх можна прымяніць на практыцы (якія право­дзіць эксперыменты). Замежныя студэнты, дарэчы, і чытаюць больш, яны ўмеюць працаваць з інфармацыяй. Гэтаму іх мэтанакіравана вучаць не толькі ва ўніверсітэце, але і ў школе.

Дарэчы, калі я паступіла ў аспірантуру ўніверсітэта Капенгагена, то першы вучэбны курс быў прысвечаны ўводзі­нам у аспірантуру, дзе нам расказвалі, як спланаваць эксперымент, як спраўляцца са стрэсам, рыхтаваць навуковы артыкул, пісаць дысертацыю, выступаць з дакладамі, супрацоўнічаць з калегамі, будаваць адносіны з кіраўнікамі. У выніку мы атрымалі шыкоўныя веды, якія дапамаглі кожнаму з нас (мы ж усе былі з розных краін) пагрузіцца ў новае навуковае асяроддзе. Пасля мы з мужам пісалі навуковыя артыкулы, праводзілі эксперыменты, выступалі з прэзентацыямі. І ўвесь час адчувалі, што веды, якія атрымалі ў Беларусі, — добры падмурак для навучання ў замежнай аспірантуры”, — працягвала Кацярына Анатольеўна. 

Рух у бок сучасных тэхналогій

У выніку ўвесь замежны вопыт даў маёй гераіні разуменне, як і куды рухацца з вучнямі ўжо ў нашай краіне. Яна разумела, што сёння вельмі актуальна вучыць працаваць з інфармацыяй, прэзентаваць свае веды, працаваць у камандзе. Карацей, працаваць па формуле кампетэнцый будучыні, у межах развіцця чатырох “К”: калабарацыі, крытычнага мыслення, крэатыўнасці і камунікацыі. Пры гэтым яна заўважыла, што не прыхільніца таго, каб большую частку вучэбнага часу прысвячаць фарміраванню soft skills (надпрафесійных навыкаў). Галоўным было і застаецца фарміраванне грунтоўных прафесійных ведаў і навыкаў (hard skills), якія ляжаць у аснове любой дзейнасці.

“На сваіх уроках імкнуся ствараць камфортную псіхалагічную атмасферу даверу, каб вучні не баяліся рабіць памылкі, каб былі актыўнымі і ініцыятыўнымі. Работа на ўроку павінна быць інтэнсіўнай і эфектыўнай. Дзеці павінны пры­ходзіць за ведамі, а настаўнік павінен ствараць умовы для атрымання імі якасных ведаў. Гэта працэс двухбаковы. Раней я на сябе брала зашмат, думаючы, што ад настаўніка зале­жыць усё. Цяпер у нас з вучнямі дакладнае размежаванне: 50 на 50. Мы павінны ісці насустрач адно аднаму. Тады будзе вынік”, — лічыць Кацярына Скрыган.

Літаральна днямі яна дапісвала выніковую работу ў межах дыстанцыйнага курса па актыўнай ацэнцы. У гэтым навучальным годзе педагог трапіла на курсы, чаму вельмі рада. “Аказалася (што я і прадчувала): некаторыя элементы актыўнай ацэнкі ўжо выкарыстоўвала на сваіх уроках. Але тое, што не структуравана, не дае патрэбнага выніку. Актыўная ацэнка — блізкая для мяне тэхналогія. Яна добра ўпісалася ў мае ўрокі і прыйшлася даспадобы маім вучням. Ліцэісты гатовы супрацоўнічаць і хочуць працаваць па-іншаму. Вельмі важна, калі настаўнік можа адступіць і даць больш прасторы для дзейнасці сваім навучэнцам. Канечне, такі крок патрабуе падрыхтоўкі, калі трэба прадумаць і падрыхтаваць пэўны матэрыял, выбудаваць яго для класа, але ён таго варты”, — заў­важыла настаўніца.

Адны з апошніх заняткаў яе факультатыву “Уводзіны ў біятэхналогію” былі праведзены па тэхналогіі актыўнай ацэнкі. Тэма — “Асновы будовы і жыццядзейнасці бактэрый”. Заняткі пачынаюцца з таго, што настаўніца бярэ мячык-антыстрэс і задае пытанні: “Як справы?”, “Што вас больш за ўсё здзівіла сёння?”, “Што было самым смешным учора?” і інш. Мячык перакідваецца вучню, які адказвае першым, пасля ён пераходзіць наступнаму, таму, хто яшчэ пажадае па­дзяліцца сваімі думкамі-меркаваннямі. Такі прыём дапамагае зняць эмацыянальнае напружанне, правесці своеасаблівую сін­хранізацыю дзеянняў і ўключыцца ў работу.

“Шыкоўным элементам актыўнай ацэнкі з’яўляюцца ключавыя пытанні. Дзецям вельмі падабаецца. Я на тым факультатыве задала ім такое пытанне: “У вас ёсць фрукт, які трэба памыць, але вады няма. Ці бачылі вы такую сітуацыю, калі на яго плююць, а пасля выціраюць?” Ніхто з маіх вучняў такога ніколі не бачыў, таму давялося хуценька мадыфікаваць сваё ключавое пытанне. Я спытала: “Ці бачылі вы, калі малое дзіця выплёўвае соску, а маці падбірае, аблізвае і зноў дае дзіцяці?” Высветлілася, што такое бачылі многія, таму я папрасіла пракаменціраваць, што адбываецца падчас гэтага працэсу з пункту гледжання мікрабіялогіі.

Яшчэ адным элементам актыўнай ацэнкі па балансе “выдаткі — эфект” з’яўляецца ўсвядомленая пастаноўка мэт. Мне бліжэй сумесная пастаноўка з вучнямі. Мы такім чынам будуем маршрут урока. Актыўная ацэнка прыўнесла ў маю педагагічную дзейнасць крытэрыі выканання любога задання “НаШтоБуЗУ”. Яны сталі для мяне навінкай, бо такога я раней не выкарыстоўвала. Цяпер, напрыклад, даю крытэрыі пры падрыхтоўцы даклада. Якасць падрыхтоўкі вырасла ў разы. Падчас выступлення вучня з дакладам усе астатнія ўважліва слухаюць, зада­юць пытанні і даюць зваротную сувязь. Яны ведаюць, што выклічу кожнага. Пры гэтым мы строга прытрымліваемся “правіла бутэрброда”. Пачынаем з пазітыву, не выкарыстоўваючы злучнік “але” (“у цябе ўсё добра атрымалася, але…”), і заканчваем пазітывам. Замест “але” звяртаемся да злучніка “і”.

Актыўная ацэнка дэманструе, як простыя прыёмы істотна дапамагаюць мяняць вучэбны працэс у лепшы бок. Затратным прыёмам у АА з’яўляецца зваротная сувязь з дапамогай пісьмовага каментарыя. Мне здаецца, што калі настаўніку ўдасца данесці да вучняў, што навучанне з’яўляецца агульнай справай, то зваротная сувязь набудзе іншы характар. Адным спосабам, які аблегчыць зваротную сувязь, з’яўляецца дэлегіраванне паўнамоцтваў вучням, якія здольны даць зваротную сувязь (па крытэрыях) адно аднаму. Другі спосаб — калі настаўнік гэта робіць вусна”, — падзялілася Кацярына Анатольеўна.   

У метадычнай скарбонцы настаўніцы ёсць і перавер­нутае навучанне. Гэта, дарэчы, тая фішка, якая вельмі шырока выкарыстоўваецца ў заходніх краінах. Там перад лекцыяй студэнт заўсёды рыхтуецца да заняткаў. “Гэта ­магутны інструмент, які нельга ігнараваць, таму яго я актыўна выкарыстоўваю пры падрыхтоўцы вучняў да ЦТ. Не звяртаюся да перавернутага навучання тады, калі парог уваходжання ў тэму вельмі вялікі. Такія тэмы ёсць, напрыклад, у малекулярнай біялогіі”, — адзначыла педагог.

Метадычныя лайфхакі для настаўнікаў “Як паспяваць быць паспяховым?”

Сёння ў напружаным інфармацыйным патоку вельмі няпроста як вучням, так і настаўнікам. Але мы жывём у век інфармацыйных тэхналогій, якія пры ўмелым выкарыстанні значна спрашчаюць прафесійнае жыццё. Трэба спрабаваць іх выкарыстоўваць, падбіраючы зручныя для сябе. Напрыклад, карыстацца Google-платформамі і планаваць свае справы ў Google-календары. Прынамсі, Кацярына Анатольеўна — паспяховы педагог, маці і жонка дзякуючы ў тым ліку і новым тэхналогіям.

“Будучы біёлагам, я пачынала з таго, што наш мозг, як адзначаў Дэвід Ален ­(вядомы матыватар), вельмі добры творца (здольны шукаць творчыя рашэнні шматлікіх пытанняў і праблем), але, з іншага боку, дрэнны сакратар. Калі мы свой мозг нагружаем сакратарскімі абавязкамі, то хутка стамляемся, забываем важныя рэчы. У выніку мы  не эфектыўныя. У сувязі з гэтым вельмі рэкамендую Google-каляндар. Хоць паспрабуйце. Пра Googlе-дыск, думаю, многія ведаюць.

Ёсць яшчэ адзін выдатны рэсурс у Google, які дапамагае маўленне ператварыць у тэкст — Google-keep. Гаворка ідзе пра невялікія нататкі.

Google-задачы (tasks) ―гэта вельмі просты, нічым не перагружаны менеджар задач. Ты ствараеш свой спіс задач і катэгорый, якія ў цябе заўсёды пад рукой. У Google-задачах могуць быць адлюстраваны як педагагічныя ідэі, так і асабістыя справы. Такія простыя дадаткі эканомяць вельмі шмат часу.

Яшчэ ўвесь час расказваю пра праграму для смартфона CamScaner. Яна таксама бясплатная і вельмі аблягчае наша жыццё. Праграма дазваляе пры фатаграфаванні нейкага тэксту атрымлі­ваць выдатную паўнавартасную карцінку з роўнымі краямі, не цёмную і не засвечаную. У гэтую праграму ўбудаваны алгарытм выраўноўвання і кантраставання.

Яшчэ ў Windows 10 убудавана “выразалачка” Snipping tool, якая дапаможа цікавую інфармацыю з сайта перанесці ў твае дакументы. Усё гэта пазбаўляе перспектывы закапацца ў паперах. Я вельмі шмат чытаю літаратуры па эфектыўнасці, і ўсе аўтары аднагалосныя: усе свае задачы трэба фікса­ваць на знешнім носьбіце. Мозг трэба разгружаць. Калі вы гэта будзеце рабіць, то ў вас будзе больш часу і фонавага спакою, вы не бу­дзеце хвалявацца і панікаваць з-за таго, што нешта не паспяваеце.

Яшчэ мне блізкая стратэгія ўзмацнення таго, што атрымліваецца найлепш. Не трэба імкнуцца ахапіць як мага больш прыёмаў і метадаў. Як гаворыцца, лепшы спосаб заваліць справу, маштабіраваць яе. Лепш ісці невялікімі крокамі, тады будзе лягчэй зразумець свае педагагічныя магчымасці і жаданні”, — лічыць мая суразмоўніца.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.