Рост цэн павінен кампенсавацца павелічэннем даходаў насельніцтва

- 10:57Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў прапановы ўрада, рэалізацыя якіх можа прывесці да росту цэн у Беларусі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў перад тым, як заслухаць даклад аб падатковай і акцызнай палітыцы ў 2016 годзе.

Сярод прапанаваных навацый — адмена льгот па ПДВ прыкладна па 35 пазіцыях харчовых тавараў, пачынаючы ад малака, мяса і завяршаючы дзіцячым харчаваннем. Прэзідэнт падкрэсліў, што такі крок прывядзе да немінучага росту цэн, і не факт, што мера пойдзе на карысць бюджэту. “Спадзе попыт, тавараабарот, што і адбываецца. І якія мы дывідэнды атрымаем у бюджэт, якія мільярды сэканомім? Ды ніякіх! Проста пакрыўдзім людзей, плюнем ім у душу, і яны адвернуцца ад улады. Навошта гэта трэба?” — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў аб дадзенай раней устаноўцы: рост цэн павінен кампенсавацца павелічэннем даходаў насельніцтва. “У нас жа лозунг які быў? Рост цэн будзе. Мы нікуды не дзенемся, мы ў акружэнні дзяржаў, дзе цэны вышэйшыя. Таму ўсё роўна давядзецца падстройвацца пад іх. У адваротным выпадку будзе вымывацца тавар. Але мы тады заявілі, што рост цэн павінен быць спачатку кампенсаваны ростам даходаў насельніцтва”, — прадоўжыў кіраўнік дзяржавы.
“У нас што, даходы насельніцтва ў гэты час выраслі? Не. А мы павышаем цэны”, — раскрытыкаваў прапанову Аляксандр Лукашэнка. Да ўсяго, мера з адменай ільгот па ПДВ можа прывесці да росту цэн на тавары для дзяцей, паўплываць на дабрабыт сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва.
“Прапановы ўрада па агульнай прыватызацыі прыняты быць не могуць. Нават па змяненні сістэмы прыватызацыі дзяржуласнасці”, — падкрэсліў таксама прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі выбудавана выразная сістэма прыватызацыі. Інвестар, які жадае набыць прадпрыемства, павінен спачатку атрымаць адабрэнне працоўнага калектыву. Затым прапанова разглядаецца на ўзроўні мясцовых улад, урада і, нарэшце, прэзідэнта. Гэтая сістэма, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, камусьці можа здацца вельмі забюракратызаванай, але яна празрыстая і выразная.
Прэзідэнт нагадаў, што прыватызацыя, продаж дзяржуласнасці — гэта сур’ёзнае пытанне. “Мы сёння прадаём тое, што не зусім нам належыць. Там праца пакаленняў, нашых дзядоў і бацькоў. Таму трэба вельмі акуратна падыходзіць да гэтых пытанняў”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Калі інвестар прыходзіць з прапановамі, якія павінны даць хуткі і значны эфект, то ён можа ўнесці іх ураду або кіраўніку дзяржавы. Так званая прыватызацыя зверху не выключана, і тады прэзідэнт нясе поўную адказнасць за змяненне формы ўласнасці таго ці іншага прадпрыемства. Пазіцыя кіраўніка дзяржавы ў гэтым пытанні вядомая. “Я проста так ніводнай цагліны нікому не аддам, таму што ў яе ўкладзена каласальная праца”, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка.
“Прыватызацыі быць, ёй падлягае любое прадпрыемства ў краіне пры пэўных умовах”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, маючы на ўвазе выкананне правоў работнікаў на нармальныя ўмовы працы, мадэрнізацыю прадпрыемства, павелічэнне падатковых паступленняў у бюджэт, вытворчасць тавараў, што свабодна рэалізуюцца на знешніх рынках. “Мы пойдзем на такую прыватызацыю. Іншая краіне не патрэбна”, — падагульніў кіраўнік дзяржавы.
У час даклада прэзідэнту быў прадстаўлены шэраг крокаў па рэалізацыі падатковай і акцызнай палітыкі ў 2016 годзе. Адзін з іх датычыўся павышэння акцызаў на паліва без росту рознічных цэн. Прапаноўваліся кампенсацыйныя меры для нафтаперапрацоўчых заводаў. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што не супраць павышэння акцызаў на паліва, але паставіў умову, каб гэта не датычылася насельніцтва. Прапанаванае павышэнне акцызаў на тытунёвыя вырабы прэміум-класа Аляксандр Лукашэнка падтрымаў, дадаўшы, што яно будзе нязначным, а грошы, якія паступяць у бюджэт, пойдуць на развіццё аховы здароўя, спорту, падтрымку дзяцінства.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, слухаючы даклад, выказаў абурэнне наконт сітуацыі з тарыфамі на жыллёва-камунальныя паслугі.
Прэзідэнт азнаёміўся з сітуацыяй з коштам жыллёва-камунальных паслуг. “Мы, здаецца, там усё палічылі?” — нагадаў ён. Старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў канстатаваў, што неабходныя разлікі былі праведзены, але з прымяненнем на практыцы атрымалася наадварот, усё было зроблена неабдумана.
“Значыць, надзеньце наручнікі тым, хто не выканаў даведзеныя па маім распараджэнні тарыфы. Надзеньце і публічна пасадзіце дзясятак-другі чалавек. Усё стане на свае месцы, — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы. — Тут павінен быць спіс, хто гэта прыдумаў. Хопіць з імі жартаваць. Мы тут нешта лічым, плануем, а яны робяць усё па-свойму”.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка даручыў, каб да 1 сакавіка старшыня КДК, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, прэм’ер-міністр прадставілі яму разлікі тарыфаў на ЖКП. “Вываз смецця, асвятленне, ліфт, прыбіранне, цеплавая энергія, цёплая і халодная вада, газ, электраэнергія — усё падлічыць і пакласці мне гэтыя тарыфы”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што службовыя асобы, якія не справяцца з дадзенымі даручэннямі, панясуць за гэта адказнасць”.