Роўныя магчымасці для кожнага дзіцяці

Якасць адукацыйнага працэсу, падрыхтоўка педагагічных кадраў, метадычнае суправаджэнне і змяненні, якія адбываюцца ў галіне адукацыі, — гэтыя пытанні сталі актуальнымі падчас сустрэчы міністра Ігара Карпенкі з педагогамі навучальных устаноў Веткаўскага і Добрушскага раёнаў.

— Інфармацыйныя патокі значна змянілі адукацыйную парадыгму. Калі раней педагог быў галоўным носьбітам інфармацыі і ведаў, то сёння мы назіраем зусім іншыя працэсы, — адзначыў Ігар Васільевіч. — Асабліва хуткія змены адбываюцца ў прафесійнай школе, дзе рыхтуюць спецыялістаў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі. Нават фарматы лекцый, практычных заняткаў перажываюць пэўныя змены, якія ўплываюць на змест адукацыі, вучэбны план і праграму. Мы сутыкнуліся з неабходнасцю работы ва ўмовах пандэміі каранавіруса. Некаторыя ўбачылі ў дыстанцыйным навучанні амаль што панацэю. Я ж лічу, што дыстанцыйная адукацыя не заменіць паўнацэнна класна-ўрочную сістэму, паколькі школа выконвае не толькі функцыю перадачы ведаў, але і функцыю сацыялізацыі. І тут вельмі важныя зносіны ў дзіцячым калектыве, у рознаўзроставых групах, педагагічных калектывах. Школа — гэта і работа з бацькамі, грамадскасцю, пэўныя мерапрыемствы. Без гэтай сукупнасці немагчыма падрыхтаваць школьніка да самастойнага жыцця. Галоўнае прызначэнне школы і ўсёй сістэмы адукацыі — забяспечыць дзяцінства ў нашай краіне.

Міністр перакананы: патрэбна а­дзіная сістэма адукацыі. Метадычна правільна, калі ёсць адзіны вучэбны план, праграма, апорны падручнік для паспяховай падрыхтоўкі да выніковай атэстацыі ў школе. Каб усе былі ў роўных умовах да паступлення ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі. Размова ішла і пра магчымыя змяненні ў галіне адукацыі, у прыватнасці пра пераход да адзінай формы здачы экзаменаў у школах і пры паступленні ў вышэйшую навучальную ўстанову:

— У савецкі час, калі мы пісалі сачыненне на экзаменах у школе, то мы яго ж пісалі і на ўступным экзамене. А цяпер у школе пішам пераказ, а пры паступленні — тэст. Настаўнік павінен падрыхтавац­ь вучня для напісання пераказу, і ў той жа час усе патрабуюць рыхтаваць яго да здачы тэста. Такім чынам атрымліваецца двайная нагрузка. Мы прапануем за курс сярэдняй школы здаваць у выглядзе тэста мову па выбары — рускую або беларускую, а таксама матэматыку. Адначасова атрымліваючы сертыфікат. Далей вучань ідзе на цэнтралізаванае тэсціраванне і здае профільны прадмет, які яму патрэбны. Яшчэ адзін профільны прадмет ён здасць у выглядзе вуснага ўнутранага экзамену ў вышэйшай навучальнай установе. Мяркуецца, што ва ўстановах фізіка-матэматычнага профілю гэта можа быць фізіка, прыродазнаўчанавуковага — біялогія, гуманітарнага — гісторыя Беларусі.

Такім чынам павялічыцца час пад­рых­тоўкі да ўступнай кампаніі. За два прадметы вучань атрымае адзнаку па тэсце, які здадзены ў пункце цэнтралізаванага тэсціравання. Дарэчы, пра­працоўваецца і пытанне павялічэння колькасці гэтых пунктаў. Уво­дзячы такую атэстацыю, часткова разгружаецца і школа. На думку міністра адукацыі, такі падыход павінен памяняць і фармат руху навучэнцаў пасля заканчэння дзявятага класа:

— Многія добра падумаюць, ісці ім у базавыя 10—11-я класы ці лепш а­трымаць прафесійна-тэхнічную і ся­рэднюю спецыяльную адукацыю. Для тых, хто яе атрымаў, могуць быць прэферэнцыі. Пасля таго як малады чалавек па рабочай спецыяльнасці адпрацаваў два гады, на завочную форму навучання ён зможа паступаць па-за конкурсам. Мы зрабілі пэўныя льготы хлопцам, якія адслужылі ў арміі. Хочам адысці ад таго, каб маладыя людзі, якія не прайшлі на стацыянар, паступалі на завочнае аддзяленне. У выніку яны і не вучацца, і не працуюць, і сядзяць у баць­коў на шыі. Мы будзем глядзець, якія патрэбны дзеянні, каб перафарматавац­ь гэты рух навучэнцаў. Калі прыйдзем да такога рашэння, то гэтую сістэму мы павінны будзем укараніць паступова — за 1,5—2 гады.

Кіраўнік ведамства лічыць, што для школьнай праграмы патрэбны заданні з праграмы PISA, каб навучэнец у штодзённай практыцы меў магчымасц­ь трэніравацца ў рашэнні нестандартных задач:

— Што тычыцца далейшага павышэння якасці ведаў, то размова ідзе аб чытацкай, матэматычнай і прыродазнаўчанавуковай адукаванасці. Мы звярнулі ўвагу на тое, што наш школьнік можа вылічыць плошчу нейкай фігуры, але губляецца, калі спытаць у яго, колькі трубак шпалер трэба купіць, каб паклеіць пакой з пэўнымі параметрамі. Таму нам неабходна элементы заданняў з праграмы PISA ўкараняць у штодзённую практыку вывучэння матэрыялу.

Могуць адбыцца змены і ў арганізацыі школьнай псіхалагічнай службы. Высветлілася, што сёння школьныя псіхолагі не гатовы працаваць з сур’ёзнымі дэвіяцыямі накшталт суіцыду, агрэсіі, булінга. Менавіта таму ў шэрагу раёнаў краіны цяпер праводзіцца эксперымент: стаўкі школьных псіхолагаў пераведзены ў сацыяльна-педагагічныя раённыя цэнтры. Пры гэтым спецыялісты замацаваны за школамі.

— У крызісных сітуацыях бацькам лягчэй ісці на ананімную кансультацыю да псіхолага, які знаходзіцца за межамі школы, — адзначае міністр. — Калі гэты эксперымент дасць плён, мы паўсюдна пяройдзем на такую практыку. Да таго ж зараз мы пачалі рыхтаваць крызісных псіхолагаў.

З матэрыяльна-тэхнічнай базай, сучаснай арганізацыяй вучэбнага працэсу, стварэннем умоў для школьнікаў ва ўстановах адукацыі Веткаўскага і Добрушскага раёнаў Ігара Карпенку азнаёміў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў.

Дарэчы, што тычыцца матэрыяльнай базы, плануецца працягваць цэнтралізаваную пастаўку абсталявання для класаў, у тым ліку кабінетаў працоўнага навучання. Ігар Карпенка цікавіўся гатоўнасцю ўстаноў адукацыі да магчымага ўскладнення эпідэміялагічнай сітуацыі. І хоць пакуль захваральнасць вучняў для гэтай пары года на Гомельшчыне традыцыйная, размова зайшла і пра набыццё спецыяльных прыбораў, якія абеззаражваюць памяшканні вялікіх памераў.

Будзе працягвацца аснашчэнне школ мультыбордамі. Дарэчы, сертыфікат на пастаўку чарговага мультыборда гэтым разам з рук міністра атрымала дырэктар Уцеўскай школы Добрушскага раёна Ганна Станкевіч.

— Таксама сумесна з Сусветным банкам мы будзем разглядаць праграму па аснашчэнні абсталяваннем устаноў вышэйшай школы, — паведаміў Ігар Карпенка. — Стварэнне інавацыйнай інфраструктуры ў прыярытэце: міжгаліновыя лабараторыі, тэхнапаркі. Размова пра напаўненне такім абсталяваннем, якое дазволіць праводзіць сур’ёзныя даследаванні, што могуць быць укаранёны ў эканоміку і забяспечыць высокі ўзровень дабаўленай вартасці. Пачынаем кансультацыі з Сусветным банкам па атрыманні пазыкі для далейшай мадэрнізацыі сістэмы прафтэхадукацыі. Цяпер у нас у кожным рэгіёне ёсць рэсурсныя цэнтры. Усяго іх 49 па краіне, 16 з іх аснашчаны па апошнім слове тэхнікі. Мы хочам і астатнія аснасціць высокатэхналагічным абсталяваннем. Для мяне важна, каб кожнае дзіця мела роўныя магчымасці ва ўстановах адукацыі незалежна ад таго, дзе гэтая ўстанова знаходзіцца: у вёсцы ці ў сталіцы. 

Без канкрэтнага настаўніка, падкрэслівае міністр адукацыі, гэтыя задачы не вырашыць. Ад таго, як педагогі на месцах рэалізуюць гэтыя ідэі, залежыць вельмі многае.

— Таму для мяне вельмі важныя такія сустрэчы, калі ёсць магчымасць пагутарыць, пачуць вашы пытанні, меркаванні, даведацца, ці ў адным кірунку мы рухаемся. Я вельмі ўдзячны ўсім педагогам, якія сёння годна ажыццяўляюць вучэбны працэс, — адзначыў Ігар Карпенка.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.