Рознакаляровы тыдзень

- 11:44Нам пішуць

Прадметныя тыдні ў пачатковых класах нашай школы сталі ўжо традыцыйныя. Сёлета ўпершыню прайшоў рознакаляровы тыдзень. Яго дэвіз — “Вучыцца будзем весела, каб добра вучыцца!”.

Правілы тыдня простыя. Хлопчыкам і дзяўчынкам патрабавалася апрануць такое адзенне і падрыхтаваць такія школьна-пісьмовыя прылады і цацкі, каб у іх пераважаў колер пэўнага дня. Кожны дзень прысвячаўся аднаму колеру: панядзелак — сіняму, аўторак — зялёнаму, серада — чырвонаму, чацвер — жоўта-аранжаваму, пятніца — клеткава-паласатаму.

Сіні панядзелак стаў днём эмацыянальнасці, зносін і творчасці, прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя дзіцячай кнізе: выстава малюнкаў і калажаў “Падводны свет планеты”, агляд захаванасці падручнікаў, акцыя “Падары кнігу бібліятэцы” і конкурс “Новая казка”.

Зялёны аўторак быў абвешчаны днём прыроды і экалогіі: адбыліся выстава вырабаў “Пластыкавы бум”, віктарына, конкурсы загадак і крыжаванак “Дзікія жывёлы”, КВЗ, вусны часопіс і круглы стол, прысвечаныя ахове навакольнага асяроддзя.

Чырвоная серада стала днём цеплыні, жыцця і здароўя: былі арганізаваны спартыўныя спаборніцтвы і конкурсы, выстава плакатаў “Будзь здаровы!” і пазнавальныя гутаркі пра спорт і здароўе.

Жоўта-аранжавы чацвер — дзень святла, ведаў і інтэлекту. Ён уключаў прадметныя алімпіяды, інтэлектуальныя конкурсы, конкурс малюнкаў “Ажыві лічбу” і выступленні з навукова-даследчымі работамі.

У клеткава-паласатую пятніцу (дзень школьніка) прайшлі прафарыентацыйныя мерапрыемствы і конкурс на лепшы сшытак. Вучні паспрабавалі сябе ў ролі настаўнікаў, правялі фрагменты ўрокаў па матэматыцы, беларускай мове і курсе “Чалавек і свет”.

Малодшыя школьнікі актыўна ўдзельнічалі ва ўсіх мерапрыемствах рознакаляровага тыдня, кожны дзень якога быў напоўнены радасцю, усмешкамі і весялосцю. Дзеці пераканаліся, што хадзіць у школу цікава, бо тут заўсёды пануе пазітыўны настрой.

Алена ДЗЯМЧУК,
кіраўнік вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў
Пелішчанскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.