Як гэта, калі разам і дома, і на рабоце? Педагогі Алекшыцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна Алена і Уладзімір Курчыцкія адказваюць на пытанне ў адзін голас: вельмі добра. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Алена Уладзіміраўна — настаўніца біялогіі і хіміі, сёння займае пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Алекшыцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна, а яе муж Уладзімір Паўлавіч тут жа выкладае гісторыю і грамадазнаўства. У свой час яны разам вучыліся ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.
Алена Уладзіміраўна родам з суседняй вёскі Масаляны. Выбар факультэта біялогіі і экалогіі для будучага педагога не быў выпадковым, яшчэ ў школьныя гады яна захапілася гэтым прадметам, а з 8 класа — і алімпіядным рухам. Штогод заваёўвала дыпломы I ступені на раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды, была ўдзельніцай абласных этапаў і аднойчы — рэспубліканскага.
— Біялогіяй я зацікавілася дзякуючы ўдзелу ў алімпіядах, а вось стаць школьным настаўнікам марыла яшчэ з 1-га класа, на што, безумоўна, паўплывала мая першая настаўніца Марыя Афанасьеўна Буча. Я першая ў нашай сям’і стала настаўніцай. Cкончыўшы школу з адзнакай, па субяседаванні паступіла ва ўніверсітэт. Так жа лёгка давалася і вучоба, атрымала чырвоны дыплом. Падчас вучобы актыўна займалася грамадскай дзейнасцю, была старастай групы. А па размеркаванні маладым спецыялістам вярнулася ў родную школу ў Масаляны, дзе і працавала больш як 10 гадоў да рэарганізацыі ўстановы, — паведаміла настаўніца.
Як прызналася Алена Уладзіміраўна, спачатку працаваць было няпроста, цяжкасці выклікала ўзаемадзеянне з дзецьмі, якія паспяваюць не так добра, бо ёй самой вучоба заўсёды давалася лёгка. Аднак з цягам часу зразумела, што не ўсе аднолькава ўспрымаюць прадмет, некаторым дастаткова авалодаць асновамі. Але і гэтых дзяцей яна стараецца зацікавіць прадметам, робіць гэта за кошт добрых адносін да вучняў, гумару. Сама матываваная на вынік у вучобе, педагог і ў рабоце стала абапірацца на моцных вучняў, адразу стала рыхтаваць іх да ўдзелу ў алімпіядах. Нават у невялікай Масалянскай школе яе выхаванцы атрымлівалі дыпломы.
— Працуючы з высокаматываванымі навучэнцамі, педагог павінен выбудаваць індывідуальны маршрут пад кожнае дзіця, — падзялілася Алена Уладзіміраўна. — Школьніка неабходна захапіць прадметам і кожны дзень даваць яму нешта новае, падтрымліваючы цікавасць. Пры гэтым важна не адбіць ахвоту.
Хаця Алена Уладзіміраўна цяпер больш займаецца адміністрацыйнай работай, не адмовілася ад правядзення ўрокаў, выкладае біялогію ў 8 і 9 класах. На яе думку, педагог не можа стаяць на месцы, ён павінен быць цікавы навучэнцам. Таму актыўна ўнікае ў новыя тэхналогіі, прымае ўдзел у канферэнцыях.
Не так даўно педагог зацікавілася скетчноўцінгам — сістэмай запісу інфармацыі на аснове тэкстава-графічных скетчаў. Дарэчы, даведалася пра гэты спосаб фіксавання інфармацыі з матэрыялу ў “Настаўніцкай газеце”. Там расказвалася пра вопыт выкарыстання скетчноўцінга настаўнікам хіміі. Алена Уладзіміраўна вырашыла, што ў біялогіі гэта будзе яшчэ больш цікава. Да таго ж сярод яе алімпіядніц былі дзяўчынкі, якія таксама вучыліся ў мастацкай школе. Прапанавала паспрабаваць на ўроках рабіць візуальныя нататкі, і школьніцам гэта спадабалася. Цяпер яны з задавальненнем малююць у канспектах па біялогіі, што, між іншым, дазваяе развіваць левае і правае паўшар’е мозгу.
Уладзімір Паўлавіч родам з Карэліччыны, вучыўся ў Турэцкай сярэдняй школе. Калі малады чалавек паступіў на факультэт гісторыі і культуралогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, не ведаў, што ў інтэрнаце ўстановы адукацыі сустрэне свой лёс — пазнаёміцца са студэнткай-біёлагам. Ужо больш як 7 гадоў муж і жонка працуюць разам у Алекшыцкай сярэдняй школе.
— Яшчэ ў школе я захапіўся гісторыяй, можа, таму, што мне падабаліся ўрокі Ніны Міхайлаўны Курыла. Гэта той прадмет, які вельмі важны, прымушае ўспомніць мінулае, задумацца пра будучыню. Мне асабліва цікава працаваць са старшакласнікамі, бо гэта маладыя людзі, якія не проста ўспрымаюць інфармацыю, а аналізуюць яе, задумваюцца пра сваё месца ў жыцці малой радзімы і краіны ўвогуле. Ім цікавей даносіць інфармацыю, і самае галоўнае — заўсёды ёсць зваротная сувязь.
Уладзімір Паўлавіч працуе з высокаматываванымі навучэнцамі, рыхтуе іх да ўдзелу ў Рэспубліканскай алімпіядзе па грамадазнаўстве і гісторыі. На раённым этапе яго вучні не раз атрымлівалі перамогу, удзельнічалі ў абласным этапе.
— Грамадазнаўства мне больш падабаецца, бо прадмет больш шырокі, чым гісторыя, — падкрэсліў Уладзімір Паўлавіч. — Палітычная, эканамічная, духоўная і сацыяльныя сферы — гэта тое, чым жыве чалавек. Здорава працаваць у 10—11 класах, дзе ёсць магчымасць выкладаць прадмет на павышаным узроўні, разглядаць розныя тэмы значна шырэй. Вялікае значэнне мае сам урок, дзе ты даеш дзецям базавыя веды, ад якіх яны адштурхоўваюцца і далей рыхтуюцца да алімпіяды. Мая задача як педагога ў першую чаргу даць кірунак, забяспечыць дапамогу, куратарства, а потым ужо шмат залежыць ад самога дзіцяці, яго зацікаўленасці, працаздольнасці.
Шмат гадоў назад Уладзімір Паўлавіч захапіўся інтэлектуальнымі гульнямі і стаў займацца гэтым кірункам з дзецьмі, вёў гурток ад Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. У апошні час вучыць дзяцей гуляць у шахматы, вядзе факультатыў для першакласнікаў і гурток для навучэнцаў старшых класаў. Наколькі шахматы захапілі школьнікаў, можна назіраць на перапынках — у калідорах дзеці збіраюцца вакол шахматных дошак. У мінулым годзе старшакласнікі занялі 1-е месца на раённых, прызавыя месцы на занальных спаборніцтвах па шахматах.
Работа ў педагогаў Курчыцкіх працягваецца нават дома. На думку Алены Уладзіміраўны, “лягчэй быць паспяховым у прафесіі, калі муж цябе разумее, у любы момант ведаеш, каго паклікаць на дапамогу”.
“Мы і не імкнёмся пазбягаць працоўных тэм, бо настаўнік для нас — гэта не проста прафесія, а частка жыцця”, — дадаў Уладзімір Паўлавіч.
У 2024 годзе Курчыцкія адзначылі берылавае вяселле, яны 23 гады разам. Двое сыноў — гордасць бацькоў. Уладзіслаў вучыцца на 4 курсе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, у школьныя гады быў пераможцам раённых этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай і англійскай мовах, грамадазнаўстве. Малодшы Яраслаў вучыцца ў 9 класе і таксама захапляецца інфарматыкай, англійскай мовай, займаецца алімпіядным рухам.
Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара