Рух WorldSkills набірае моц

- 10:40World Skills

На III Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2018, які праходзіць у гэтыя дні ў Футбольным манежы, завітаў Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь А.У.Кабякоў. Андрэй Уладзіміравіч наведаў усе пляцоўкі, дзе праходзяць спаборніцтвы, і пагутарыў з канкурсантамі і экспертамі.

Характэрная асаблівасць WorldSkills Belarus — спалучыць у адно цэлае намаганні адукацыі і вытворчасці ў падрыхтоўцы высокакваліфікаваных рабочых і спецыялістаў, здольных працаваць ва ўмовах сучасных тэхналогій, лічбавай эканомікі. Рэспубліканскі конкурс WorldSkills адказвае ўсім гэтым патрабаванням, дазваляе ўнесці ў прафесійную падрыхтоўку міжнародныя стандарты, аб’ядноўвае намаганні педагогаў і навучэнцаў, удасканальвае веды экспертаў і дапамагае ацаніць узровень айчыннай прафесійнай адукацыі ў параўнанні з сусветным як у цэлым, так і па кожнай кампетэнцыі паасобку.

У параўнанні з папярэднімі спаборніцтвамі сёлетні чэмпіянат істотна пашырыў свае маштабы. Калі ў мінулыя гады прадстаўленых кампетэнцый было крыху больш за 20, то сёлета ў 2 разы больш. 37 прафесійных кампетэнцый прадстаўляюць такія галіны, як вытворчыя і інжынерныя тэхналогіі, транспарт і лагістыка, будаўнічыя работы, выраб мэблі, творчая сфера.

Колькасць удзельнікаў таксама ўзрасла. У цэлым у рэспубліканскім конкурсе прымаюць удзел больш за 300 канкурсантаў. Больш актыўна сталі далучацца да руху WorldSkills навучальныя ўстановы рэгіёнаў, каб параўнаць свае магчымасці з іншымі, паспрабаваць свае сілы.

На пляцоўцы, якую стварылі звонку Футбольнага манежа, прадстаўлена кампетэнцыя “Эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын”, якую можна ўбачыць здалёк з-за прыгожых чырвоных трактараў МТЗ. Тут будучыя трактарысты-машыністы паказваюць сваё майстэрства ў эксплуатацыі сельскагаспадарчых машын. Найбольш шумная і шматлюдная пляцоўка прафесійнай кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя”, дзе створаны міні-дзіцячыя садкі і будучыя выхавальнікі спаборнічаюць у правядзенні забаўляльных мерапрыемстваў для дашкалят. У самым ціхім куточку Футбольнага манежа размясціліся будучыя геадэзісты, якім трэба з дапамогай звышадчувальных прыбораў зрабіць геадэзічныя вымярэнні. А вось прафесійную кампетэнцыю “Фларыстыка” доўга шукаць не трэба. Адразу кідаюцца ў вочы неверагоднай прыгажосці букеты кветак, і нават на адлегласці адчуваецца іх цудоўны водар.

Для ацэньвання прафесійнага майстэрства задзейнічаны больш за 300 экспертаў, акрэдытаваных WorldSkills International, якія маюць падрыхтоўку ў правядзенні спаборніцтваў, вызначэнні крытэрыяў ацэньвання канкурсантаў і ведаюць стандарты і рэгламенты WSI.

Суарганізатарамі і партнёрамі чэмпіянату з’яўляюцца Міністэрства адукацыі і Міністэрства прамысловасці, а таксама айчынныя і замежныя вытворцы і пастаўшчыкі абсталявання, матэрыялаў, прылад, у ліку якіх прадпрыемствы “Інтэграл, “Амкадор”, “БелДжы”, прадстаўніцтвы кампаній Festool, Festo, Bosh і шэраг іншых.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.