Рух, які натхняе

Наталля Міхайлаўна Шаўчэнка-Саўлакова, менеджар па развіцці руху WorldSkills у Рэспубліцы Беларусь, кандыдат псіхалагічных навук, прарэктар па навукова-метадычным забеспячэнні якасці прафесійнай адукацыі Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, сёння расказвае, як у нашай краіне развіваецца рух WorldSkills, якое значэнне ён мае для айчыннай прафесійнай адукацыі і на якія новыя арыенціры выйдзе ў найбліжэйшы час.

— Мінулы год стаў для нас адметным у развіцці руху WorldSkills у нашай краіне. У маі адбыўся III Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus 2018. У конкурсе спаборнічалі 299 канкурсантаў, сярод якіх навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, студэнты ўніверсітэтаў, маладыя рабочыя і спецыялісты, а таксама запрошаныя ўдзельнікі з Расійскай Федэрацыі (19 канкурсантаў) і Рэспублікі Казахстан (6 канкурсантаў). Спаборніцтвы ўключалі 36 конкурсных прафесій і адну дэманстрацыйную па шасці напрамках прафесійнай дзейнасці. У супрацоўніцтве з міжнароднай асацыяцыяй DeafSkills і Беларускага таварыства глухіх у рамках рэспубліканскага конкурсу ўпершыню была арганізавана прэзентацыйная секцыя для асоб з парушэннямі слыху па кампетэнцыях “Тэхналогія моды”, “Вэб-дызайн і распрацоўка”.

Па выніках правядзення рэспубліканскага конкурсу арганізацыйным камітэтам зацверджаны папярэдні склад рэспубліканскай каманды і праграма падрыхтоўкі да 45-га Міжнароднага чэмпіянату прафесійнага майстэрства WorldSkills Kazan 2019, які адбудзецца 22—27 жніўня гэтага года.

Падрыхтоўка да міжнароднага чэмпіянату ўключае ў сябе шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку прадстаўленне інтарэсаў Рэспублікі Беларусь на афіцыйных мерапрыемствах WorldSkills International. Афіцыйны і тэхнічны дэлегаты WorldSkills Belarus прынялі ўдзел у Генеральнай асамблеі ў Амстэрдаме, а тэхнічны дэлегат у складзе арганізацыйнага камітэта конкурсу пазнаёміўся з інфраструктурай будучага міжнароднага чэмпіянату на падрыхтоўчым тыдні ў Казані. Дакладнае планаванне мерапрыемстваў, узгадненне правіл правядзення конкурсу паміж усімі 80 краінамі — удзельніцамі руху WorldSkills дазваляе забяспечыць высокія стандарты пры правядзенні найбуйнейшых сусветных спаборніцтваў прафесійнага майстэрства, а таксама забяспечыць выкананне прынцыпаў справядлівасці, сумленнасці і роўных магчымасцей для ўсіх канкурсантаў.

У мэтах падрыхтоўкі ўдзельнікаў да сусветнага першынства, авалодання найноўшымі тэхналогіямі і прыёмамі работы на высокатэхналагічным абсталяванні, набыцця спаборніцкіх навыкаў арганізаваны ўд зел прадстаўнікоў рэспубліканскай каманды ў міжнародных і рэгіянальных конкурсах па стандартах WorldSkills: II рэгіянальны чэмпіянат Ленінградскай вобласці “Маладыя прафесіяналы” WorldSkills Russia, дзе наша каманда выступіла па кампетэнцыі “Мехатроніка”, адкрыты еўразійскі чэмпіянат у рамках WorldSkills Hi-Tech, які прайшоў у Екацярынбургу. Там беларуская каманда, выступаючы па 8 конкурсных кампетэнцыях, выйграла 5 сярэбраных і 3 бронзавыя медалі. Цікавым для нашай краіны быў удзел у Міжнародным чэмпіянаце WorldSkills Asia 2018, які прайшоў у Абу-Дабі (ААЭ), дзе беларускія канкурсанты выступалі па-за залікам у 8 прафесійных кампетэнцыях. У кампетэнцыі “Праграмныя рашэнні для бізнесу” чэмпіянату DigitalSkills 2018, які прайшоў у Казані, таксама ўдзельнічаў прадстаўнік нацыянальнай каманды. Акрамя таго, мінулы год быў насычаны для нашых навучэнцаў удзелам у галіновых міжнародных конкурсах па фларыстыцы, кулінарыі, па сухім будаўніцтве, адкуль беларусы прывезлі шмат узнагарод рознай пробы.

Мы імкнёмся, каб нашы навучэнцы і педагогі прайшлі навучанне і стажыроўкі па кампетэнцыях WorldSkills. З гэтай мэтай нашы прадстаўнікі наведалі Расійскую Федэрацыю, Кітайскую Народную Рэспубліку, Іспанію. Як бачна, рух WorldSkills працягвае пашыраць межы і дае ўнікальныя магчымасці для беларускіх прафесіяналаў для супрацоўніцтва і абмену вопытам з калегамі па ўсім свеце.

Навінкай 45-га Міжнароднага чэмпіянату WorldSkills Kazan 2019 стане прэзентацыя зоны спаборніцтваў па перспектыўных прафесіях, запатрабаваных ва ўмовах высокатэхналагічнай вытворчасці і лічбавай эканомікі пад назвай FutureSkills. Зона FutureSkills уяўляе сабой мадэль разумнага горада і будзе прадстаўлена такімі кампетэнцыямі, як “Прамысловы дызайн”, “Распрацоўка віртуальнай і дапоўненай рэальнасці”, “Інтэрнэт рэчаў”, “3D-прататыпаванне”, “Тэхналогія інфармацыйнага мадэлявання (BIM)”, “Лічбавая вытворчасць” і інш. Рэспубліка Беларусь арыентавана на апераджальную падрыхтоўку кадраў і развіццё сістэмы адукацыі з улікам галін, якія імкліва развіваюцца, і глабальных змяненняў у сферы тэхналогій і вытворчасці. Мы плануем прадставіць нашых канкурсантаў на спаборніцтвах FutureSkills, што стане яшчэ адным дзейсным матывам развіцця беларускай вытворчасці і адукацыі ва ўмовах усеагульнай лічбавізацыі і аўтаматызацыі.

Ала КЛЮЙКО.