Рухальная тэрапія і загартоўванне

У дзіцячым садзе вялікая ўвага традыцыйна ўдзяляецца карэкцыйнай рабоце па ўмацаванні здароўя, паляпшэнні фізічнага развіцця кожнага дзіцяці. Гэтая работа ўключае фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы, выкананне гігіенічнага рэжыму, стварэнне спрыяльнага псіхалагічнага клімату, індывідуалізацыю ўсіх рэжымных момантаў і плануецца на аснове атрыманых у пачатку года дыягнастычных даных.

Усім дзецям у дашкольным узросце неабходна забяспечыць аптымальную рухальную актыўнасць і загартоўванне. Пры гэтым для здаровых дзяцей прадугледжваюцца даволі сур’ёзныя мерапрыемствы, якія загартоўваюць, і больш моцныя, чым прапануюцца іншым дзецям, фізічныя нагрузкі. У асаблівым клопаце маюць патрэбу дзеці, якія часта і доўга хварэюць. Неабходны ўважлівы медыка-педагагічны аналіз прычын кожнага выпадку захворвання. Для іх прадугледжваецца беражлівы распарадак дня: пры неабходнасці больш працяглы дзённы сон, скарочаная прагулка; каб пазбегнуць ператамлення, скарочаныя заняткі. Недапушчальныя пераахаладжэнні і перагрэвы. Калі дзіця спацела, яго неадкладна пераадзяваюць у сухое адзенне. Мерапрыемствы, якія загартоўваюць, ні ў якім выпадку не адмяняюцца, а праводзяцца больш старанна і з улікам індывідуальных асаблівасцей здароўя дзіцяці. Урач дзіцячага сада назначае для гэтых мэт спецыяльныя лячэбна-прафілактычныя мерапрыемствы.Здароўе дзіцяці шмат у чым характарызуецца такімі паказчыкамі, як маса цела і акружнасць грудной клеткі, якія павінны знаходзіцца ў гарманічных суадносінах з ростам. Адмоўны ўплыў на здароўе аказвае як завышаная вага, так і яе дэфіцыт. У дзяцей з залішняй масай цела парушаецца нармальная дзейнасць сардэчна-сасудзістай сістэмы, пагаршаецца агульнае самаадчуванне, назіраецца павышаная стамляльнасць, парушэнні з боку апорна-рухальнага апарату. Для карэкцыі залішняй масы цела па ўзгадненні з урачом распрацоўваецца комплекс лячэбна-прафілактычных мер, які ўключае рацыянальнае харчаванне з некалькі зніжанай каларыйнасцю і багатае на агародніну і садавіну, павольны тэмп яды, прыём ежы 4—6 разоў на дзень, што выключае пераяданне; абавязковае выкарыстанне закусак з агародніны — яны праганяюць першы голад і не ўплываюць на паўнату; стараннае перажоўванне ежы (да 30—40 жавальных рухаў) — у гэтым выпадку ежа лепш ператраўляецца і яе патрабуецца менш, што асабліва важна для людзей, схільных да паўнаты; рэгуляцыя колькаснага складу ежы: рэзкае абмежаванне ласункаў і кандытарскіх хлебабулачных і бульбяных вырабаў і страў; паступовае адвучванне ад звычкі пераядаць; выкарыстанне спецыяльных прыёмаў, якія зніжаюць апетыт (з’есці перад ядой цукерку, выпіць шклянку соку); спецыяльнае лячэбнае назначэнне (пры неабходнасці); аптымальны рухальны рэжым, дазіраваны з улікам індывідуальных асаблівасцей фізічнага стану; пастаянны ўрачэбны і бацькоўскі кантроль (вымярэнне масы цела).
У апошнія гады назіраецца тэндэнцыя да дэфіцыту масы цела ў дашкольнікаў. Гэтых дзяцей характарызуе вяласць, хуткая стамляльнасць і, як правіла, дрэнны апетыт. Рэкамендуецца сістэматычна прывучаць да карысных страў, але не прымушаць іх і не адмаўляць у любімай ежы; вызначыць і паспрабаваць ліквідаваць прычыну дрэннага апетыту; забяспечыць збалансаванае харчаванне; порцыя ежы — строга па ўзросце (не завышаць аб’ёмы), не карміць цераз сілу; пры адмоўным рэфлексе на ежу змяніць абставіны кармлення; на вячэру даваць лёгказасваяльную страву з агародніны, тварагу, садавіны; не даваць вэнджаніны; дазваляць есці не за агульным сталом, а дзе захоча дзіця; менш даваць ласункаў, адмовіцца ад тлустай ежы; актывізаваць рухальную актыўнасць, забяспечыць працяглае знаходжанне на паветры, паўнацэнны сон, спакойныя гульні пасля фізічных нагрузак, водныя працэдуры, індывідуалізацыю рэжыму дня, гульняў і заняткаў.
Акружнасць грудной клеткі ў пэўнай ступені адлюстроўвае стан мышачнага гарсэта і функцыянальныя магчымасці дыхальнай сістэмы арганізма. Пры нізкіх паказчыках акружнасці грудзей неабходны фізічныя практыкаванні, асабліва дыхальныя.
Даўжыня цела — вядучы паказчык фізічнага развіцця дзіцяці. Адставанне ў росце на 10—20% патрабуе неадкладнай кансультацыі ўрача і асаблівай карэкцыйнай праграмы. Для дзяцей з нізкім ростам карысныя скачковыя і бегавыя практыкаванні, кароткачасовыя вісы на перакладзіне, высокая рухальная актыўнасць, дадатковая вітамінізацыя ежы, сокі, павелічэнне каларыйнасці ежы. Трэба звярнуць асаблівую ўвагу на якасць начнога і абавязковага дзённага сну.
Для дзяцей, якія маю ць адхіленні ў паставе, прадугледжваюцца аптымальны рухальны рэжым на працягу дня. паўцвёрдая пасцель для сну, магчымасць на працягу дня шматразовага кароткачасовага адпачынку для пазваночніка (лежачы на спіне, жываце); выкарыстанне спецыяльных фізічных практыкаванняў для пазваночніка, якія перыядычна паўтараюцца (“Кошачка”, “Коціцца балабушка”, “Бярвенца”, “Змяя”); кароткачасовыя вісы (1—10 с) на перакладзіне (некалькі разоў на дзень); спецыяльная лячэбная гімнастыка (2—3 разы на тыдзень), масаж, прагулкі, загартоўванне.
Метады карэкцыі рухальнай актыўнасці дзяцей залежаць ад задач выхавання. Рухальная актыўнасць можа трактавацца як аптымальная, недастатковая (маларухомасць), празмерная (гіперрухомасць). Апошнія дзве — групы рызыкі, якія патрабуюць абавязковай карэкцыі.У нерухавых дзяцей трэба выхоўваць цікаваць да рухаў, патрэбу ў рухавых відах дзейнасці. Вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю ўсіх асноўных рухаў, такіх як бег, скачкі. Такія дзеці ўцягваюцца ў актыўную рухальную дзейнасць на пацягу ўсяго дня, яна павінна быць для іх цікавай, простай. Не трэба баяцца, што яны стомяцца. Гэтага не адбудзецца, калі забяспечыць умовы для разнастайных рухаў у розных відах дзейнасці: фізкультурнай, гульнявой, працоўнай. Карысна памятаць парады фізіёлагаў: дзеці не стамляюцца, калі часта мяняюць рухі, іх тэмп, амплітуду, месца выканання. У гэтым выпадку адбываецца натуральны актыўны адпачынак. Разнастайная рухальная дзейнасць не толькі не стамляе дзіця, а, наадварот, знімае стомленасць, актывізуе памяць, мысленне, усе псіхічныя працэсы.
Найбольшую цяжкасць у педагагічнай рабоце з дашкольнікамі ўяўляе іх рухальная звышактыўнасць, якая можа быць вынікам гіпердынамічнага сіндрому. Дзеці з сіндромам гіперактыўнасці вызначаюцца павышанай узбудлівасцю, маторнай растарможанасцю, няўстойлівай увагай. Гэтыя асаблівасці зніжаюць сацыяльна-адаптыўныя магчымасці дзіцяці, што звычайна прыводзіць да зніжэння школьнай паспяховасці, неўратычных рэакцый, а іншым разам і да адставання ў інтэлектуальным развіцці.
У літаратуры часам зусім беспадстаўна сцвярджаецца, што трэба стрымліваць, абмяжоўваць у рухах звышактыўных дзяцей. Ні ў якім разе! Неабходна рэгуляваць інтэнсіўнасць рухаў. Хай па часе дзеці рухаюцца як мага больш. Важна рабіць разнастайнымі рухі, уключаць тыя, якія патрабуюць засяроджанасці, увагі. Дзяцей трэба вучыць дакладным рухам: кіданню ў цэль, пракачванню мяча па абмежаванай плошчы (дошцы, дарожцы з двух шнуроў, гімнастычнай лаўцы і інш.), лоўлі мяча. Асабліва карысныя ўсе віды і спосабы лажання, практыкаванні ў раўнавазе, практыкаванні на абмежаванай плошчы (плоскасным кружочку на падлозе, лаўцы, дошцы).
Комплексная праграма карэкцыі ўключае наступныя мерапрыемствы: перавод растарможанасці ў мэтанакіраваную рухальную і камунікатыўную дзейнасць (замест бязмэтнага бегу — рухавыя і спартыўныя гульні); сумесныя з дарослымі віды дзейнасці (маляванне, гульні), якія спрыяюць выхаванню ўседлівасці; праз кожныя 15—20 хвілін інтэлектуальных заняткаў даваць дзецям магчымасць для самастойнай рухальнай актыўнасці; важна кожны раз падкрэсліваць поспехі дзяцей у авалоданні рухам, выкананні даручэння, праяўляць цярплівасць, добразычлівасць, мець пазітыўную ўстаноўку на поспех.
У рэжыме дня для звышактыўных дзяцей прадугледжваецца час для заняткаў фізкультурай са значнай фізічнай нагрузкай, практыкаванні на расслабленне, сеансы масажу.
Могуць стварацца асобныя групы для карэкцыйнай работы ўнутры адной узроставай групы або міжгрупавыя. У гэтым выпадку спецыяльныя комплексы гімнастыкі ўпісваюцца ў распарадак дня, правядзенне іх замацоўваецца за пэўнымі педагогамі. Так, калі яны прадугледжаны пасля сну, то з адной з падгруп (напрыклад, з тымі, у каго плоскаступнёвасць) займаецца адзін з выхавальнікаў, з другой (з парушэннямі ў паставе) — старшая медсястра, з астатнімі — запрошаныя спецыялісты. Карыгіруючыя практыкаванні прадугледжваюцца таксама ў комплексах фізкультурных заняткаў, ранішняй гімнастыкі.
Індывідуальная карэкцыйная работа праводзіцца з умовай, што дзецям гэта будзе цікава. Выхавальнік выбірае для гэтага зручны час у рэжыме дня.
Каштоўнасць карэкцыйных заняткаў узрасце тады, калі дзіцяці на іх камфортна, яно адчувае прыемныя эмоцыі ад зносін з равеснікамі і дарослымі, радуецца перамозе над сабой.
Дасягненню жаданага ў карэкцыйнай рабоце будзе спрыяць самастойная актыўнасць дзяцей, заняткі не толькі ў дзіцячым садзе, але і дома, аб’яднанне на занятках дзяцей рознага ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці.

Жанна КАПІЦА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
Вялікабераставіцкага ясляў-сада Гродзенскай вобласці.