Рухам маляваць сябе

Танцуеш з 4 гадоў, ездзіш на розныя конкурсы, а ў канцы навучання ў школе вырашаеш: буду паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў на спецыяльнасць “Мастацтвазнаўства”, а не “Харэаграфія”. Толькі потым выпадак вырашае: харэаграфія знікнуць з жыцця не павінна.

“На 3-м курсе мая знаёмая папрасіла замяніць яе на некаторы час на занятках па танцах. Я згадзілася, працавала каля месяца, і мне гэта сапраўды спадабалася, — расказвае педагог Марыя Брыгадная. — Тая ж знаёмая потым сказала, што тэрмінова патрабуецца педагог-харэограф у мінскую сярэднюю школу № 93. Я падумала, што варта паспрабаваць. Паралельна атрымлівала другую вышэйшую адукацыю (па спецыяльнасці “Харэаграфія”).

У сталічны Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “АРТ” педагог прыйшла ў 2005 годзе і вырашыла ажыццявіць сваё патаемнае жаданне — стварыць калектыў. Так з’явіўся харэаграфічны ансамбль танца “Задоринка”. Назва адлюстроўвае ўнутраны змест: атмасфера запалу і ўздыму заўсёды прысутнічае ў калектыве, а ствараюць яе вясёлыя, яркія дзеці. Першы раз маленькія выхаванкі Марыі Алегаўны выступілі на канцэрце праз 2 месяцы работы ансамбля. Гэта было складана, але яны справіліся. З цягам часу калектыў пачаў заяўляць пра сябе на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных пляцоўках. Асабліва запомніліся фестывалі ў Маскве, Празе, Варшаве і Кракаве.

“Большасць нашых нумароў — народна-стылізаваныя, таксама ёсць народна-сцэнічныя і эстрадныя дзіцячыя. Вялікую частку народнага блока складаюць беларускія аўтэнтычныя і беларускія стылізаваныя танцы, бо для нас важнае значэнне мае перадача дзецям традыцыйных танцаў як часткі нацыянальнай культуры. Калі мы выязджаем за мяжу, то прэзентуем краіну не толькі праз харэаграфію, але і праз свае паво­дзіны і аповеды пра Беларусь”, — расказвае Марыя Брыгадная.

У калектыў прыходзяць дзеці з рознымі характарамі, таму педагогу важна выбудаваць з імі даверлівыя адносіны. Калі разумееш, чаму дзіця захацела танцаваць, што яно чакае ад танцаў, то атрымліваецца раскрыць яго талент у нумарах, паказаць яго характар. Выйсці на сцэну перад вялікай колькасцю людзей і ярка, артыстычна сябе паво­дзіць — гэта складаная справа, асабліва для самых маленькіх. “У танцах важна, каб дзіця было вельмі працавітым. Нават калі яго прыродныя даныя будуць не самыя лепшыя, працаві­тасць дапаможа дасягнуць больш высокіх вынікаў. Асабіста для мяне важныя адкрытасць і дабрыня выхаванцаў, бо гэта дапамагае стварыць прыемную атмасферу ў калектыве, — заўважае Марыя Брыгадная. — Часам да нас прыходзяць пешчаныя дзеці, якім крыху не хапае ўраўнаважанасці. Калі ў іх нешта не атрымліваецца, эмоцыі ідуць праз край. Такія моманты мы стараемся выправіць”.

Кожнаму прыемна атрымліваць узнагароду за сваю працу. Прычым грошы тут стаяць, напэўна, на апошнім месцы. А на першым — добрае слова ад калегі, увага аўдыторыі ці падзяка ад вучня. Для Марыі Алегаўны галоўная ўзнагарода — бачыць, як дзіця, якое нічога не ўмела, пачынае прыгожа рухацца і ў яго нешта атрымліваецца, калі старэйшыя выхаванкі выконва­юць складаныя рэчы. Кветачкі рас­туць, прыгажэюць, а сэрца педагога радуецца. Канечне, існуюць і складанасці. Па-першае, арганізацыйныя. Неабходна стварыць зручны графік, прадугледзець, каб у надзвычайнай сітуацыі была замена. Здаралася, што за дзень да канцэрта тэлефанавала маці і казала, што ў дзіцяці паднялася тэмпература, прыходзілася тэрмінова шукаць замену. “Было няпроста ствараць матэрыяльную базу, бо кожная новая пастаноўка — гэта новы сцэнічны касцюм. Бывае цяжка знайсці кантакт, прычым і з дзецьмі, і з бацькамі. Вельмі важна сфарміраваць культуру адносін не толькі ў межах нашага калектыву, але і адносін да мастацтва, да танцавальнай культуры, да іншых калектываў. Дзеці павінны ведаць, як сябе паводзіць у зале, на сцэне, як трэба выглядаць на рэпетыцыях і г.д. Такіх момантаў вельмі шмат, менавіта з іх і фарміруецца культура. Бывае вельмі няпроста данесці гэта да бацькоў, асабліва першыя часы. Для дзяцей важная асоба педагога, але яшчэ больш важныя бацькі. Таму мамы і таты павінны быць з намі на адной хвалі, павінны нагадваць дзецям пра правілы наведвання ансамбля, тады будзе вынік”, — упэўнена Марыя Брыгадная. — Таксама цяжкі момант, калі ў дзіцяці нешта не атрымліваецца, а бацькам хочацца, каб яно хутчэй паказвала вынікі. Трэба патлумачыць ім, чаму так здараецца, сказаць, што ўсе дзеці розныя і кожнаму патрэбна розная колькасць часу для засваення матэрыялу”. Спраўляцца з усімі складанасцямі Марыі Алегаўне дапамагаюць, як ні дзіўна, танцы, толькі ўжо ў кампаніі сяброў, і прагулкі на свежым паветры — поўная перазагрузка.

“Добры педагог — той педагог, які разумее сваіх дзяцей, ведае, як раскрыць іх патэнцыял, ведае, як выха­ваць з іх асобу. Не так важна, будуць яны танцорамі ў будучыні ці не, галоўнае, каб яны сталі добрымі людзьмі”.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва М.А.Брыгаднай.