Рухацца па шляху стварэння сумеснага бізнесу — празрыстага і партнёрскага

- 10:38Інфармацыйная гадзіна

Ратыфікацыя дакументаў з Пакістанам будзе разгледжана ў прыярытэтным парадку, заявіў у аўторак Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка на сустрэчы з Прэм’ер-міністрам Пакістана Навазам Шарыфам.

Паводле слоў Старшыні Палаты прадстаўнікоў, асаблівае значэнне беларускі бок надае развіццю міжпарламенцкага ўзаемадзеяння. “У ходзе IV Сусветнай канферэнцыі спікераў парламентаў, якая адбудзецца ў Нью-Ёрку ў пачатку верасня, буду рады магчымасці сустрэцца са Старшынёй Нацыянальнай асамблеі Пакістана”, — сказаў ён, дадаўшы таксама, што Беларусь чакае візіту парламенцкай дэлегацыі гэтай краіны. “Актывізацыя міжпарламенцкага ўзаемадзеяння надасць дадатковы імпульс гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву нашых краін. Палата прадстаўнікоў возьме пад кантроль працэс выканання ўнутрыдзяржаўных працэдур па падпісаных дакументах. Усе міжнародныя дагаворы, якія падлягаюць ратыфікацыі, будуць разгледжаны ў прыярытэтным парадку”, — запэўніў спікер.
Ён адзначыў якасна новы характар адносін паміж Беларуссю і Пакістанам, адкрыты дыялог на найвышэйшым узроўні, які заклаў трывалы фундамент супрацоўніцтва. “У нашых краін шмат агульных інтарэсаў, што абумоўлівае падабенства пазіцый, у тым ліку па міжнародным парадку дня. Узаемадзеянне Беларусі і Пакістана ў рамках Арганізацыі Аб’яднаных Нацый мае ўзважаны канструктыўны характар. Акрамя таго, мы разам выступаем супраць выкарыстання праваабарончай тэматыкі ў якасці інструмента палітычнага націску на суверэнную дзяржаву”, — заўважыў Уладзімір Андрэйчанка. Ён перакананы, што паслядоўнае пашырэнне такой падтрымкі па ключавых для дзвюх дзяржаў пытаннях дасць магчымасць паспяхова адстойваць свае інтарэсы як у ААН, так і ў іншых міжнародных фарматах — Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, Міжпарламенцкім саюзе.
Паводле слоў спікера, Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні вытворчай кааперацыі, узаемадзеянні ў прамысловасці, энергетыцы, развіцці сумесных вытворчасцей у галіне фармакалогіі, інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій.
Актуальным, паводле слоў спікера, таксама з’яўляецца пашырэнне супрацоўніцтва ў такіх галінах, як адукацыя і культура. Так, у сферы адукацыі Беларусь запрашае скарыстацца значным вопытам падрыхтоўкі замежных спецыялістаў у сваіх навучальных установах. “Мы гатовы прыняць грамадзян Пакістана на навучанне ў медыцынскія ВНУ, ваенныя навучальныя ўстановы. Перспектыўнымі ўяўляюцца стажыроўка, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка спецыялістаў”, — дадаў Уладзімір Андрэйчанка.
Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч прапанаваў на сустрэчы з Прэм’ер-міністрам Пакістана Навазам Шарыфам пакістанскаму боку развіваць сумесны празрысты бізнес.
Паводле слоў спікера, сёння як таварнае, так і інвестыцыйнае супрацоўніцтва стрымліваецца недастатковай плацежаздольнасцю кампаній. “Мы лічым, што маштабы можна было б павялічыць за кошт выкарыстання аўтсорсінгавых паслуг”, — сказаў ён, растлумачыўшы пры гэтым магчымы варыянт развіцця падзей. “Мая прапанова ў стварэнні сумеснага бізнесу — празрыстага і партнёрскага, а значыць, узаемавыгаднага і ўзаемапаважлівага. Наша просьба — даць надзейных партнёраў з вашага боку”, — сказаў спікер.
Гаворачы аб рэгіянальным узаемадзеянні, Старшыня Савета Рэспублікі адзначыў: “Мы былі б вельмі ўдзячны за вашы даручэнні ўрадам правінцый прыняць да разгляду прапановы нашых абласцей па ўсіх эканамічных пытаннях, якія ўяўляюць узаемны інтарэс. Савет Рэспублікі як парламенцкі орган рэгіянальнага прадстаўніцтва ў Беларусі гатовы суправаджаць гэтыя прапановы і праекты, якія мы перададзім па дыпламатычных каналах. І было б вельмі добра, калі б яны сталі прадметам вашай асабістай увагі”, — сказаў ён.
Што датычыцца сферы адукацыі, то інавацыйнасць прапаноў Міхаіла Мясніковіча заключаецца ў сумеснай падрыхтоўцы спецыялістаў шырокага профілю. “Гэта значыць, што першыя два гады навучанне ідзе ў вашых універсітэтах па ўзгодненай праграме, а потым тры гады — навучанне ў беларускіх ВНУ з выдачай дыплома, які прызнаецца ў Еўрапейскім саюзе і іншых заходніх дзяржавах. Можна абмяркоўваць і мову навучання”, — заўважыў спікер.
Ён таксама асобна спыніўся на падрыхтоўцы кваліфікаваных рабочых кадраў — электрыкаў, механікаў, мантажнікаў, дасведчаных у арганізацыі вытворчасці. “Мы прапаноўваем гэтых спецыялістаў рыхтаваць у вашай краіне, пад вашы патрэбы нашымі высакакласнымі выкладчыкамі”, — дадаў Міхаіл Мясніковіч.
Прэм’ер-міністр Пакістана Наваз Шарыф на сустрэчы са Старшынёй Савета Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам і Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам адзначыў, што лічыць неабходным устанавіць больш цеснае ўзаемадзеянне паміж палатамі парламентаў Беларусі і Пакістана.
“Для нашых краін характэрна двухпалатная структура парламентаў. Трэба працаваць разам для ўстанаўлення больш цеснага ўзаемадзеяння паміж палатамі парламентаў Беларусі і Пакістана. Важным мы лічым абмен дэлегацыямі паміж нашымі парламенцкімі структурамі”, — сказаў Наваз Шарыф.
Прэм’ер-міністр адзначыў, што ўважліва выслухаў прапановы спікераў Нацыянальнага сходу і выказаў удзячнасць беларускаму боку за цёплы прыём і гасціннасць. “Пакістан цэніць адносіны з Рэспублікай Беларусь, мы лічым іх шчырымі і цёплымі. У першую чаргу заслуга ў гэтым належыць прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку, які наведаў нашу краіну з афіцыйным візітам. Мы з цеплынёй успамінаем гэты візіт, і менавіта ён заклаў аснову ўзаемадзеяння Беларусі і Пакістана”, — заўважыў прэм’ер.
Наваз Шарыф таксама дадаў, што Пакістан зацікаўлены ў развіцці больш цесных сувязей з Беларуссю ва ўсіх сферах, уключаючы эканоміку, абарону, адукацыю і інш.