Рухавік устойлівага развіцця

Форум “Інавацыі падлеткаў і моладзі для дасягнення Мэт устойлівага развіцця” прайшоў у НДЦ “Зубраня”. Больш за 150 падлеткаў з усёй краіны сабраліся разам, каб накіраваць сваю творчасць і энергію на пошук рашэнняў актуальных праблем у краіне, рэгіёне і свеце.

Мэты ўстойлівага развіцця (МУР) — гэта глабальная стратэгія ўсяго чалавецтва для фарміравання ва ўсім свеце найлепшых умоў для развіцця грамадства, эканомікі, экалогіі. Работа па дасягненні МУР у Беларусі вядзецца сістэмна: для каардынацыі працы ў гэтым кірунку створаны Савет па ўстойлівым развіцці, дзейніча­юць рэгіянальныя групы ўстойлівага развіцця, працуе парламенцкая група па МУР.

Важная ўмова дасягнення мэт — уключэнне ў работу моладзі. Для гэтага на глабальным узроўні распрацавана і прэзентавана стратэгія ААН “Моладзь 2030”. У канцэпцыі Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Беларусі на перыяд да 2035 года таксама адзна­чана, што асаблівую ролю ў нацыянальнай мадэлі ўстой­лівага развіцця адыгрывае моладзь, якая з’яўляецца рухавіком устойлівага развіцця ў доўгатэрміновай перспектыве.

Для знаёмства моладзі з МУР і актывізацыі дзейнасці ў гэтым кірунку праводзіліся разнастайныя мерапрыемствы. Аднак такі маштабны форум, цалкам прысвечаны гэтай тэме, прайшоў упершыню.

— Парадак Мэт устойлівага развіцця распрацаваны да 2030 года. Да таго часу сённяшнія падлеткі ўжо будуць маладымі дарослымі, таму лагічна, што ўжо сёння яны пачынаюць працаваць над стварэннем лепшай будучыні. Яны ствараюць будучыню для сябе, — расказвае Марыя Вядзевіч,  кансультант ЮНІСЕФ па пытаннях падлеткавага ўдзе­лу. — Мы перакананы, што дзеці і моладзь могуць наблізіць Беларусь і ўвесь свет да дасягнення Мэт устойлівага развіцця. 

Арганізатары імкнуліся паказаць дзецям, што яны могуць не проста слухаць рыторыку аб Мэтах устойлівага развіцця, а мо­гуць дзейнічаць і рабіць карысныя справы на сваім узроўні. Нярэдка МУР успрымаюцца як нешта глабальнае, як праблемы, вырашэнне якіх падуладна толькі ўрадам дзяржаў і чыноўнікам высокіх рангаў. Аднак насамрэч кожны чалавек, дзе б ні жыў, можа рабіць неш­та ў сваім горадзе, мястэчку, вёсцы, каб наблізіць дасягненне МУР. У гэтым пераканаліся ўдзельнікі форуму.

Адукацыйны кампанент форуму быў рэалізаваны  ў рамках трох секцый. У секцыі “Ведай” дзеці пазнаёміліся з Мэтамі ўстойлівага развіцця і цудоўнымі праектамі, якія ініцыі­равалі і рэалізуюць іх расвеснікі ў розных краінах свету. У секцыі “Абмяркоўвай” вылучалі праблемы, актуальныя для беларускіх падлеткаў. Для работы ў секцыі “Дзейнічай” удзельнікі форуму падзяліліся на 17 груп, кожная з іх выбрала адну з Мэт устойлівага развіцця і стварыла свой праект, накіраваны на дасягненне адпаведнай мэты.

— Мы прыдумалі урны для сартоўкі смецця, выкарыстоўваючы якія можна зарабіць мегабайты для выхаду ў інтэрнэт са свайго тэлефона, — расказвае Іванна Круцкіх са Светлагорска. — Карыстальнік выкідае адсартаванае смецце, падносіць свой тэлефон да сканера — і яму налічваюцца за гэта мегабайты. Мы працавалі над мэтай “Індустрыялізацыя, інавацыя і інфраструктура”, але наш праект атрымаўся звязаным і з іншымі мэтамі.

Хлопцы і дзяўчаты прыдумалі шмат цікавых ідэй: прыбор-фільтр для збору і паўторнага выкарыстання атмасферных ападкаў, “Школьны юрыдычны савет” для прававой адукацыі падлеткаў, цікавы чэлендж у сацыяльных сетках для папулярызацыі беражлівага выкарыстання прыродных рэсурсаў і многае іншае.

Дзейнічаць дзецям дапамагалі мала­дзёжныя паслы МУР — гэтае ганаровае званне прысуджаецца студэнтам розных УВА, якія актыўна працуюць над пэўнай мэтай, маюць вялікі багаж ведаў у гэтым кірунку і стварылі свае цікавыя і сур’ёзныя праекты для рэалізацыі гэтай мэты.

У рамках форуму адбыўся круглы стол “Далучэнне моладзі да дасягнення Мэт устойлівага развіцця”. Удзел у ім узялі намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь М.А.Шчоткіна, намеснік міністра адукацыі А.У.Кадлубай, пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Іаана Казана-Вішнявецкі, кіраўнікі агенцтваў ААН (ЮНІСЕФ, ПРААН, ЮНФПА), прадстаўнікі Мін­аблвыканкама, НДЦ “Зубраня”, а таксама маладзёжныя паслы МУР.

Марыяна Акіндзінаўна Шчоткіна, якая з’яўляецца нацыянальным каардынатарам па дасягненні МУР, адзначыла важнасць су­стрэчы і адкрытага дыялогу з моладдзю.

— На першым нацыянальным форуме па ўстойлівым развіцці не раз было падкрэслена, што дасягнуць Мэт устойлівага развіцця без удзелу моладзі немагчыма. Таму на вас вялікая адказнасць, — звярнулася да мала­дзёжных паслоў МУР М.А.Шчоткіна. — Мы хочам пачуць вас, моладзь. Чакаем, што вы бу­дзеце задаваць курс пункцірам, які потым мы разам будзем вызначаць як асноўны.

Гэта была шчырая размова маладога пакалення, зацікаўленага ў папулярызацыі дасягнення МУР, і спецыялістаў, якія працуюць над гэтымі задачамі. Маладзёжныя паслы МУР мелі магчымасць расказаць пра свае праекты. Яны пачулі парады ад дасведчаных калег, атрымалі кантакты, якія могуць быць карыснымі. Падчас размовы нараджаліся ідэі новых праектаў. Маладзёжныя паслы зразумелі, што добрыя праекты абавязкова знойдуць падтрымку. Так, яны могуць разлічваць на падтрымку Міністэрства адукацыі. Аб гэтым заявіў намеснік міністра адукацыі А.У.Кадлубай:

— Мы высока цэнім наш прамы дыялог з моладдзю, у выніку якога зноў і зноў пераконваемся, што моладзь наша крэатыўная і неабыякавая да ўсяго, што адбывацца навокал. Міністэрства адукацыі як каардынатар маладзёжнай палітыкі ў краіне заўсёды адкрыта для вашых ідэй.

Пасля сустрэчы з маладзёжнымі пасламі высокія госці пазнаёміліся з праектамі, якія распрацавалі ўдзельнікі форуму. У іх было ўсяго два дні на гэтую справу, але яны змаглі згенерыраваць свежыя змястоўныя прапановы.

Многія ўдзельнікі форуму прызнаваліся, што гэтыя два дні перавярнулі іх светаўспрыманне. Іх уразіла, што ёсць арганізацыя, якая складаецца цалкам з альтруістаў і энтузіястаў і пры гэтым мае надзвычайную вагу ў свеце. Прыйшло разуменне, што вырашаць глабальныя праблемы можа кожны, варта пачынаць з сябе. Шкадуюць удзельнікі форуму толькі пра адно: што яны і іх сябры мала ведалі аб Мэтах устойлівага развіцця раней. Але настрое­ны выпраўляць гэта: вярнуўшыся ў свае гарады і мястэчкі, будуць распраўсюджваць ідэі па змяненні свету да лепшага.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.