Рухавыя гульні народаў свету на ўроках фізічнай культуры і здароўя

- 11:22Брэст

КАРПУК Сяргей Аляксандравіч,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 3 Жабінкі.

С.А.Карпук — выпускнік факультэта фізічнага выхавання Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна (2012), спецыялізаваўся на арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай работы і турызму. Актыўны ўдзельнік раённых конкурсных спаборніцтваў “Малады настаўнік Брэстчыны” (2012), “Малады чалавек года” (2016). Педагагічны стаж — 5 гадоў. Пад кіраўніцтвам педагога вучні неаднаразова станавіліся пераможцамі і прызёрамі спартыўных спаборніцтваў рознага ўзроўню.

Намінацыя “Музыка, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка”

З верасня 2016 года С.А.Карпук асвойвае вопыт сістэмнай педагагічнай дзейнасці, звязаны з увядзеннем у практыку фізічнай культуры школьнікаў рухавых гульняў народаў свету.

Паколькі ў сістэме адукацыі нашай краіны арганізацыя адукацыйнага працэсу па фізічнай культуры і здароўі спраектавана так, што вучэбнай праграмай вызначаны для вывучэння лёгкая атлетыка, гімнастыка, акрабатыка, лыжныя гонкі і спартыўныя гульні, педагог старанна вывучыў, якія першачарговыя фізічныя якасці павінен развіваць у дзяцей у кожным з праграмных раздзелаў: у “нялёгкай” лёгкай атлетыцы асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць хуткасці, сіле, трываласці; у гімнастыцы — і сіле, і гібкасці; у спартгульнях — спрытнасці, хуткасці рэакцыі і скорасна-сілавым здольнасцям; у лыжных гонках — зноў жа трываласці. Сяргею Аляксандравічу прыйшлося задумацца: ці можна ў арсенале вядомых метадаў знайсці такі ўніверсальны, які б дазваляў у кожным з гэтых раздзелаў паступова фарміраваць і развіваць, пачынаючы з 5 класа і ў наступных класах, не адну ці дзве, а адразу комплекс якасцей?

Адкрыццём стаў для С.А.Карпука рэсурс, які тоіцца ў рухавых гульнях. Следам за адкрыццём прыйшло і пэўнае расчараванне: зварот на ўроках да ўсіх вядомых з дзяцінства гульняў “Гусі-лебедзі”, “Карасі і шчупакі”, “Паляўнічыя і качкі”, “Хітрая ліса”, “Два марозы” не выклікалі ў выхаванцаў эмацыянальнай зацікаўленасці, бо па-сапраўднаму захапіць іх можна толькі пераключэннем на новае, захапляючае з першай хвіліны, неверагодна цікавае. Было вырашана ператварыць асобныя заняткі ў падарожжы на ўяўным паветраным шары па розных краінах і кантынентах, у тыя пункты планеты, якія разам выбіралі на карце, да тых народаў, у якіх можна знайсці вельмі цікавыя нацыянальныя асаблівасці, традыцыі, культурныя праяўленні, у тым ліку — адметныя фізічныя якасці. Але як жа абысціся ў такіх уяўных падарожжах без геаграфічнай карты, без пранікнення ў гісторыю кожнага народа — прабацькі канкрэтнай гульні?

Рухавыя гульні настаўнік спалучае з комплексам агульнаразвіццёвых, падводзячых і спецыяльных практыкаванняў. Пры планаванні ўрокаў з выкарыстаннем гульняў народаў свету ўлічвае агульную нагрузку на ўроку (яна павінна ўзрастаць плаўна і паступова), час, месца і мэтавае прызначэнне іншых вучэбных заданняў.

На ўроках вывучаецца сутнасць новай рухавай гульні, якая існуе ў культуры канкрэтнага народа. Тут роля настаўніка — вядучая: гульня незнаёмая, усё пра яе трэба расказаць падрабязна, паказаць, якія неабходныя ў дарослым жыцці фізічныя якасці яна можа прывіць пры рэгулярным прымяненні не толькі ў зале, але і на іншай пляцоўцы, зімой і летам. Нельга не вытрымаць такі мэтазгодны момант, як пошук адпаведнай краіны на карце, нельга не згадаць тое характэрнае нацыянальнае, што вызначае народ гэтай краіны сярод іншых, важна спыніць дзіцячы погляд на маляўнічых пейзажах, касцюмах, упрыгажэннях “носьбітаў” рухавай гульні, якая прапануецца. У такіх выпадках дарэчна хаця б кароткая мультымедыйная прэзентацыя, падрыхтаваная па заданні настаўніка кім-небудзь з навучэнцаў. Далей неабходна паказаць, якой тэхнікі захавання здароўя і прадухілення траўматызму трэба прытрымлівацца кожнаму гульцу, а потым — вызначыць, наколькі дзеці гатовы да пачатку гульнявога дзеяння.

С.А.Карпуку прыйшлося вывучыць вялікую колькасць рухавых гульняў розных краін і народаў і сістэматызаваць іх па групах для фарміравання і развіцця пэўных фізічных якасцей навучэнцаў. Так, калі на ўроку вырашаецца задача развіцця сілы, то ў яго план настаўнік уключае дапаможныя і падводзячыя гульні, звязаныя з кароткачасовымі скорасна-сілавымі напружаннямі і разнастайнымі формамі пераадолення мышачнага супраціўлення праціўніка ў непасрэдным судакрананні з ім: перацягванні, утрыманні, элементы барацьбы, нахіленні, прысяданні, адцісканні, падыманні, павароты, кручэнні, бег, скачкі з пасільным грузам, кіданні прадметаў на дальнасць (нямецкая гульня “Штандр”, венгерская — “Рухавы рынг”, аўстралійская — “Кенгурыныя гонкі”). Для развіцця хуткасці добрыя рухавыя гульні “Пажарная каманда” (Германія), “Кошыкі” (Мексіка), “Дзень і ноч” (Перу): яны патрабуюць імгненных рэакцый у адказ на зрокавыя, гукавыя або тактыльныя сігналы, уключаюць перыядычнае паскарэнне, раптоўныя спыненні, імклівыя рыўкі. Думаючы пра развіццё спрытнасці, прымяняюцца гульні з праяўленнем дакладнай каардынацыі рухаў і хуткага ўзгаднення сваіх дзеянняў з дзеяннямі партнёраў, фізічнага спрыту: “Хвост дракона” (ЗША), “Квінта” (Літва), “Хворая кошка” (Бразілія). Для развіцця трываласці выкарыстоўваюцца гульні з вялікай затратай сіл і энергіі, з частымі паўтарэннямі практыкаванняў або з працяглай рухальнай актыўнасцю па правілах: “Мамба” (Конга), “Пасол прыбывае” (ПАР), “Невад” (Украіна). Гібкасць фарміруецца і адточваецца ў гульнях з частым змяненнем напрамку рухаў: прымяняецца ў гэтых мэтах “Бег ракаў” (Польшча).

У найбліжэйшых планах педагога — распрацоўка сістэмы выкарыстання рухавых гульняў народаў свету на ўроках фізічнай культуры і здароўя ў 6 і 7 класах, але абавязкова — з уключэннем у гэтую палітру забытых, але вельмі цікавых беларускіх рухавых гульняў.