Нядаўна споўнілася 10 гадоў дзіцячаму пазнавальна-гульнявому часопісу “Рукзачок”. “Добры часопіс можа істотна павысіць пазнавальную цікавасць дзіцяці, заахвоціць яго да пошуку дадатковай інфармацыі, а значыць, і да чытання”, — лічыць Вольга Уладзіміраўна Ваніна, выконваючая абавязкі дырэктара выдавецтва “Пачатковая школа”. Наш карэспандэнт надоечы задаў Вользе Уладзімараўне шэраг пытанняў.
— Вольга Уладзіміраўна, дазвольце павіншаваць вас. 10 гадоў — гэта салідны тэрмін для часопіса, час падводзіць пэўныя вынікі.
— Дзякуй за віншаванне. Сапраўды, у красавіку 2005 года выйшаў пілотны нумар дзіцячага пазнавальна-гульнявога часопіса “Рукзачок”. Здаецца, гэта было толькі ўчора, а прайшло ўжо 10 гадоў! За гэты час выйшла 120 нумароў, першыя нашы маленькія чытачы выраслі і ўжо заканчваюць школу. Выданне трывала заняло сваю нішу. “Рукзачок” стаў адным з самых папулярных беларускіх дзіцячых часопісаў. Пра гэта сведчыць не толькі яго тыраж, але і шматлікія ўзнагароды.
— Вы працуеце над часопісам з моманту яго стварэння. Якім вы яго задумвалі?
— Вельмі хацелася, каб наш часопіс абуджаў пазнавальную актыўнасць дзяцей, іх фантазію, вучыў здзіўляцца і радавацца прыгажосці навакольнага свету. Мы марылі, каб нашы юныя чытачы развіваліся ўсебакова і гарманічна, раслі адказнымі грамадзянамі сваёй краіны, творча актыўнымі асобамі, шанавалі дружбу, сям’ю. Мы імкнуліся стварыць часопіс, які мог бы стаць надзейным сябрам малодшых школьнікаў, а таксама бацькоў, настаўнікаў і выхавальнікаў. Лічу, што ў нас гэта атрымалася.
— А як “Рукзачок” атрымаў сваё імя?
— Мы перабралі шмат варыянтаў. У выніку вырашылі так. Часопіс адрасаваны школьнікам 7—12 гадоў. А па школьным рукзаку якраз і можна адрозніць школьніка ад дашкольніка. У шырокім жа сэнсе слова наш “Рукзачок” — гэта якраз той запас карысных ведаў, уменняў і жыццёвых каштоўнасцей, якія дзіця возьме з сабой у дарослае жыццё.
— Сапраўды, назва часопіса вельмі ёмістая, запамінальная. А чым напоўнены “Рукзачок” сёння?
— У “Рукзачку” кожнае дзіця знойдзе для сябе шмат цікавага і карыснага: нататкі, фотарэпартажы аб важных для дзяцей падзеях; інтэрв’ю з дзецьмі, якія дасягнулі поспехаў у той ці іншай галіне; лепшыя даследчыя праекты; нарысы аб гістарычных асобах, славутасцях і культуры Беларусі; гутаркі аб прыродзе і асцярожным стаўленні да яе; апавяданні пра мастацтва, камп’ютарныя тэхналогіі, спорт і здаровы лад жыцця; казкі і вершы, апісанні доследаў з тлумачэннямі фізічных і хімічных законаў; урокі англійскай мовы, выяўленчага мастацтва, дзіцячага дызайну; творчыя работы чытачоў часопіса, галаваломкі, жарты, конкурсы…
— У “Рукзачку” ёсць рубрыкі і для дарослых?
— Так. У рубрыцы “Для тат і мам” псіхолагі і педагогі даюць карысныя парады бацькам, як дапамагчы дзіцяці расці фізічна і маральна здаровым, добра вучыцца ў школе, наладжваць адносіны з равеснікамі і інш.
— Ведаеце, зараз ёсць такое цікавае слова “фішка”. Вось вам пытанне, што называецца, у лоб. Якія “фішкі” ёсць у вашага часопіса?
— “Рукзачoк” — гэта штомесячнае поўнакаляровае выданне аб’ёмам 40 старонак. Пагадзіцеся: для дзіцячага часопіса гэта салідна. Матэрыялы ў часопісе друкуюцца на дзвюх дзяржаўных мовах — рускай і беларускай. Моўнай практыцы мы ўдзяляем вялікую ўвагу. Рэгулярна публікуем займальныя заданні па рускай, беларускай і англійскай мовах.
— “Рукзачoк” унікальны таксама тым, што мае магутны аўдыядадатак…
— Часопіс “Рукзачoк” — адзінае беларускае выданне для дзяцей, якое выходзіць са штоквартальным аўдыядадаткам на СD. Дыск змяшчае сучасныя дзіцячыя песні з “мінусоўкамі”, апавяданні пра жыццё і творчасць беларускіх і замежных кампазітараў, шэдэўры класічнай і этнічнай музыкі розных краін, урокі беларускай і англійскай мовы, гукі прыроды.
— Пры “Рукзачку” існуе і арыгінальнае аб’яднанне юных чытачоў …
— Яно называецца “РЮКЗ-клуб”. Пастаянныя падпісчыкі могуць уступіць у “РЮКЗ-клуб” і атрымаць бонусы і сюрпрызы ад любімага часопіса, а таксама падарункі і віншаванні да дня нараджэння.
— Дык а хто стварае часопіс “Рукзачок”?
— Кожны нумар з вялікай любоўю і адказнасцю ствараюць супрацоўнікі выдавецтва: журналісты, рэдактары, стылісты, мастакі, вярстальшчыкі. Нам актыўна дапамагаюць нашы пастаянныя аўтары: таленавітыя празаікі і паэты, педагогі і псіхолагі, арганізатары вольнага часу школьнікаў. Кансультацыйную дапамогу часопісу аказвае грамадска-рэдакцыйны савет пад старшынствам намесніка міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь В.В.Якжыка.
Гутарыла Таццяна СІНКЕВІЧ.