Рыба, рэкі, бабры, ракі…

Гэта не скорагаворка, а аб’екты даследаванняў юных навукоўцаў з Наваяльнянскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Лета для іх — не толькі час для адпачынку, але яшчэ і магчымасць засяродзіцца на сваіх навуковых даследаваннях. Вакол Наваельні знаходзяцца некалькі рэк і азёр, якія і даследуюць хлопчыкі і дзяўчынкі. Водная тэматыка стала іх фішкай і не раз прыносіла перамогі на конкурсах даследчых работ рознага маштабу. Сёлета ўжо напагатове ўсё неабходнае абсталяванне, нататнікі і распісаны даследчыя планы.

Праект “Рэкі нашага дзяцінства”.

Водныя інтарэсы

Экакірунак у гэтай школе амаль 10 гадоў курыруе настаўніца хіміі і біялогіі Алена Вільгельмаўна Баковіч. Менавіта дзякуючы ёй кожны год хлопчыкі і дзяўчынкі пагружаюцца ў свет прыроды, вучацца іншым, навуковым, поглядам глядзець на прывычныя з мален­ства рэчы. Найчасцей аб’ектамі даследаванняў становяцца дзве мясцовыя вялікія ракі — Ятранка і Маўчалка, Наваяльнянскае возера і некалькі суседніх прыватных азёр і іх флора і фаўна.

“Экалагічны кірунак у школе пачынаецца не за яе дзвярыма. Мы часта выходзім на экскурсіі, праводзім феналагічныя назіранні, ладзім шматлікія экалагічныя акцыі. Часта мы з дзецьмі ходзім у паходы, каб паказаць ім прыгажосць прыроды. Якраз падчас паходаў і нараджаюцца ідэі наконт тэм будучых даследаванняў, адпаведна павялічваецца колькасць жадаючых наведваць нашы факультатыўныя заняткі. Завяршэнне класных гадзін па экалагічнай тэматыцы, часам і ўрокаў, асабліва ў 7—9-х класах, становіцца пачаткам невялікіх даследаванняў. Не­абавязкова гэта сур’ёзная работа. Часта гэта проста прапанова ў дамашніх умовах правесці нейкі дослед, паназіраць. Гэта зацікаўлівае дзіця. А ўвогуле, экалагічная культура сучаснага падлетка намнога вышэйшая, чым у падлетка майго пакалення. Цяпер займацца сельскай гаспадаркай — крута. Нават выступаючы на школьнай канферэнцыі дзеці ганарацца тым, што змаглі ў гэтай сферы даследаваць, зрабіць. На іх з зайздрасцю глядзяць малодшыя школьнікі”, — гаворыць Алена Вільгельмаўна.

Зрэшты, каб старшыя школьнікі выклікалі не столькі зайздрасць у малодшых, а станавіліся для іх прыкладам, у пачатковай школе дзейнічае клуб “Эўрыка” пад кіраўніцтвам Вольгі Анатольеўны Юшкевіч. У малодшых класах асабліва шмат цікаўных дзяцей, якія з задавальненнем далучаюцца да школьнай навуковай кагорты. Свае даследаванні яны актыўна прадстаўляюць на абласных конкурсах, друкуюцца ў СМІ. Менавіта з “Эўрыкі” 5-класнікі пераходзяць да Алены Вільгельмаўны ў навуковае таварыства “Веста” для сярэдняга і старшага звяна.

Праект “Рэкі нашага дзяцінства”.

А пачалося ўсё з акцыі па вывучэнні мясцовых рэк “Рэкі нашага дзяцінства”, якую А.В.Баковіч пачала са сваімі навучэнцамі і кіраўніком краязнаўчага гуртка Тамарай Уладзіміраўнай Крывеня адразу, як прыйшла сюды настаўнічаць. Тая акцыя вылілася ў маштабны даследчы праект. На працягу трох гадоў навучэнцы займаліся вывучэннем экалагічнага стану рэк Ятранкі і Маўчанкі. Даследаванні ўключалі ў сябе вывучэнне навуковай і навукова-папулярнай літаратуры, правядзенне экскурсій, феналагічных назіранняў, ацэнку экалагічнага стану прылеглых да рэк тэрыторый, лабараторны аналіз гідрахімічных і арганалептычных уласцівасцей вады, даследаванне вады шляхам біяіндыкацыі, апрацоўку сабранага матэрыялу і афармленне даследчай работы. Навучэнцы 6—8 класаў правялі расчыстку рэчышча ракі, прыбралі бытавое смецце. Гэты даследчы праект атрымаў дыплом ІІІ ступені на абласным конкурсе.

З таго часу школьнікі справілі мноства “водных” праектаў: ад правядзення біяіндыкацыі вод рэк Ятранкі і Маўчанкі раслінамі сямейства раскавых да апісання жыцця баброў і аднаўлення папуляцыі шыракапалага рака.

Даследаванні па ланцужку

Раскрываючы сакрэты даследчай цікавасці школьнікаў, А.В.Баковіч гаво­рыць: “Працуючы ў гэтым напрамку, я кіруюся прынцыпам: калі ў канцы даследавання не відаць пачатак наступнага, значыць, даследаванне не даведзена да канца. Таму я не спыняюся на дасягнутым. Вельмі важным момантам з’яўляецца тое, калі не толькі настаўнік, але і бацькі матываваных навучэнцаў зацікаўлены ў правядзенні далейшых даследаванняў, прычым разам з дзіцем. Так, навучэнец 8 класа Ягор Сокал правёў даследаванні ў галіне экалогіі жывёл, вады і водных экасістэм. Яны выліліся ў праект “Штучнае развядзенне карася сярэбранага”, падчас якога быў створаны апарат для інкубіравання ікры з наступным запускам лічынак у сажалку. Гэты апарат дапамагаў Ягору зрабіць яго бацька — наш настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі. Сяргей Уладзіміравіч Сокал апошнія гады стаў маім паплечнікам. Ён дапамагае рабіць усю практычную частку даследчых работ. Яму пад крыло я аддала і свайго сына Аляксандра, калі той пачаў работу над сваім даследаваннем “Інтэнсіўнае вырошчванне карпавых рыб”.

“Для нашага праекта Сяргей Ула­дзіміравіч сам з падручных сродкаў зрабіў сонечны канцэнтратар для падрошчвання рыб, — расказвае навучэнец 8 класа Аляксандр Баковіч. — Маёй жа задачай было размнажэнне рачка арцемія саліна, падкормліванне ім лічынак рыбы і ацэньванне выніку. Так, пры астатніх роўных умовах малькі без падкормкі гэтым планктонам выраслі па 30 грамаў, а з падкормкай — па 150. Але не толькі вынік мяне здзівіў. Мне было дзіўна і тое, што выгадаваць рачка можна нават у дамашніх умовах”.

Дарэчы, гэтая работа была адзначана на конкурсах “Энергамарафон”, “Энергазберажэнне”, “100 ідэй для Беларусі”.

Шэраг цікавых даследаванняў было ў навучэнца Ягора Сокала па тэме “Біялагічныя асаблівасці вырошчвання карпавых рыб”, дзе вырошчваліся карп люстраны, таўсталобік, амур па тэхналогіі падгадоўвання ў боксах-садках. Праект “Аквапоніка на прысядзібным участку” ва ўмовах замкнёнага водазабеспячэння цікавы тым, што адначасова з прыростам рыбы атрымліваецца экалагічна чыстая агародніна. Усе гэтыя работы адзначаны шматлікімі дыпломамі рознага ўзроўню.

Апошні праект Ягора Сокала — па аздараўленні вадаёмаў водарасцямі хларэлы, якая запавольвае цвіценне вады і прадухіляе замор рыбы ў вадаёмах. Гэтая работа асабліва актуальная сёння, таму, відаць, і была высока ацэнена на абласным конкурсе “Крыштальная Альфа”, на Рэспублікан­скім конкурсе эколага-біялагічных работ, на Рэспубліканскім конкурсе даследчых праектаў, а таксама адзначана дыпломам І ступені на юніёрскім водным конкурсе з наступным удзелам на Міжнародным конкурсе водных праектаў у Швецыі.

Дарэчы, таленты юнага даследчыка адзначаюцца не толькі на конкурсах. Ягор Сокал — лаўрэат прэміі імя А.І.Дубко, двойчы стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Але важныя не толькі перамогі на даследчых конкурсах. Па меркаванні педагога, не менш важна і адчуванне ўласнай ролі дзіцяці для паляпшэння экалогіі. Акрамя таго, даследаванні дазваляюць і дзяцей зацікавіць, і павысіць узровень засваення імі вучэбнага матэрыялу.

“Напрыклад, калі мы гаворым пра біяіндыкацыю, мы вывучаем экалагічны склад вады. Канечне, аналіз вады мы можам зрабіць у хімічнай лабараторыі, але куды больш практычна адразу, прыйшоўшы на раку і паглядзеўшы, якія віды раслін ці жывых арганізмаў пераважаюць, ацаніць ступень забру­джанасці ракі. Але галоўнае — мы вывучаем, што трэба зрабіць, каб ачысціць ваду і каб было больш рыбы, павялічвалася біяразнастайнасць флоры і фаўны. Толькі малодшыя дзеці з маленства вучацца не кідаць смецце ў ваду, дзеці сярэдняга звяна прасочваюць сувяць паміж забруджанасцю сцёкавых вод і цвіценнем вады, а старшыя школьнікі ўжо на практыцы аздараўліваюць вадаёмы з дапамогай той жа хларэлы. Мы можам ужо практычна цэлы дапаможнік выпусціць па ўтры­манні рыбы і стварэнні для яе ўмоў з падручных матэрыялаў, напрыклад, для невялікіх фермерскіх гаспадарак”, — гаворыць Алена Вільгельмаўна.

Вывучаючы чалавека

Навучэнцы Алены Вільгельмаўны не засяроджваюцца толькі на воднай тэматыцы. Так, вучні 9—11 класаў з цікавасцю выканалі цыкл работ па фізіялогіі чалавека. Напрыклад, “Уплыў біярытмаў на працаздольнасць навучэнцаў”. Яны выяўлялі ўплыў біярытмаў і хранатыпу на інтэлектуальную актыўнасць і фізічны стан навучэнцаў старшых класаў. Практычная значнасць даследавання заключаецца ў тым, што навучэнцы змаглі скаардынаваць уласную вучэбную дзейнасць, свой рэжым дня, агульны фізічны стан, удалося зацікавіць іншых, прыцягнуць іх да даследавання, пры наяўнасці ведаў зрабіць больш эфектыўнай вучэбную дзейнасць старшакласнікаў. Гэтая работа была адзначана дыпломам ІІ ступені на абласным конкурсе “Крыштальная Альфа”.

Цікавымі былі работы “Вывучэнне ўзаемасувязі тонусу вегетатыўнай нервовай сі­стэмы і ўзроўню здароўя навучэнцаў” і “Уплы­ў адаптагену элеўтэракоку на астэнічны сіндром у навучэнцаў”. Пры абмеркаванні вынікаў даследавання з навучэнцамі 8—9 класаў падлеткі прыйшлі да высновы, што павінны навучыцца даследаваць уласны арганізм, што яго трэба ўмацоўваць і развіваць. Гэтыя работы былі адзначаны дыпломамі І ступені на абласным конкурсе “Крыштальная Альфа”.

Цікава, што літаральна ўсе школьныя даследчыкі сталі студэнтамі тых УВА, пра якія марылі, і цяпер працягваюць свае пачатыя ў школе даследаванні, але ўжо з іншымі кіраўнікамі — выкладчыкамі, загадчыкамі кафедр. У большасці сваёй выпускнікі Алены Вільгельмаўны паступаюць у медыцынскія УВА, ёсць і студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы — будучыя настаўнікі хіміі і біялогіі. Так, прывучаныя з дзяцінства быць не проста сузіральнікамі, а тымі, хто можа непасрэдна ўплываць на сваё экалагічнае акружэнне, яны не могуць інакш.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва школы.