Рыбацкі куфар, якому 100 гадоў. Расказваем пра ўнікальныя экспанаты школьнага музея «Спораўскі карась»

- 9:40Репортаж

Яркай падзеяй нядаўняга прэс­туру журналістаў “Настаўніцкай газеты” па ўстановах адукацыі Бярозаўскага раёна стала наведванне школьнага музея “Спораўскі карась”. Захапляльную экскурсію правяла Валянціна Іванаўна Пашкевіч. Ёй і перадаём слова.

Сярод балот

Ініцыятарам стварэння музея стала былая настаўніца нашай школы Валянціна Міхайлаўна Лютыч, якая многа гадоў вывучала ўсё, што звязана з гісторыяй вёскі і жыццём, побытам і культурай спораўцаў: мясцовы дыялект, прыказкі і прымаўкі, песні і прыпеўкі, святочныя абрады, асаб­лівасці мясцовай кухні.

Па архіўных даных, першае згадванне аб нашай вёсцы адносіцца да 1863 года. Сяло Спорава было з трох бакоў абкружана балотамі, што цягнуліся з-за Пінска, а з чацвёртага, паўднёвага, боку прылягала да Спораўскага возера. На той момант вёска складалася з 55 двароў, прычым усе яны былі размешчаны ў адну лінію ўздоўж самога возера. Блізкасць возера была прычынай таго, што восенню і вясной яно часта залівала сялянскія сушылкі, а бывала, што падыходзіла і да хат. У канцы вёскі, таксама над возерам, на невялікім узвышшы стаяў маёнтак пана Шырмы. Агульны выгляд мясцовасці быў пануры. І толькі возера, чыстае, як крышталь, сваёй бліскучай паверхняй, шумам хваль, мноствам дзікіх гусей, качак і іншых птушак ажыўляла гэтую мясцовасць і нават надавала ёй нешта паэтычнае.

Зямлі ў сялян было мала, ды і не было адкуль яе ўзяць, паўсюль балота. А тая зямля, што мелася, была раскідана на вельмі аддаленых астравах, сярод балот, за возерам. У 20—30-я гады мінулага стагоддзя Спорава наведаў вандроўнік  і фатограф Юзэф Шыманчык, які зрабіў шэраг фотаздымкаў з жыцця cпораўцаў. Негатывы аўтар захаваў да нашага часу. У 1999 годзе ён наведаў Спорава яшчэ раз і прэзентаваў серыю фотаздымкаў Спораўскаму цэнтра культуры і адпачынку. Убачыць гэтыя здымкі можна на сценах музея. Угледзьцеся ў твары нашых землякоў, у іх постаці — і вы пагодзіцеся з намі, што іх адкрыты позірк, усмешлівыя вочы, пастава адлюстроўваюць годнасць. Здаецца, гэта пра іх Якуб Колас сказаў: “Хоць мужык, а гонар маю!”

Рыбацкая спадчына

Можна смела сказаць, што наш музей унікальны. Для экспазіцыі “Рыбацкая спадчына спораўцаў” яго стваральнікі сабралі рыбалоўныя снасці нашых продкаў. Калі якую-небудзь снасць не ўдавалася знайсці і аднавіць, то ў такіх выпадках мы стварылі макеты найбольш цікавых прылад для лоўлі рыбы. А ­адзін­ з нашых найбольш каштоўных экспанатаў — рыбацкі куфар. Яму ўжо каля 100 гадоў. У такім куфры рыбакі захоўвалі свае снасці.

Таксама былі сабраны разнастайныя прылады, з дапамогай якіх спораўцы вязалі сеткі сваімі рукамі. Каштавалі яны танна, і магчымасць іх ку­піць была ва ўсіх жадаючых. Рыбалоўныя сеткі пасля выкарыстання прасушвалі, расправіўшы на спецыяльных прыстасаваннях, бо ў ранейшыя часы іх рабілі з натуральных нітак, якія маглі хутка згніць.

Возера заўсёды было галоўным багаццем спораўцаў. Таму стварэнне музея пра рыбу і рыбалоўства невыпадковае.

Возера і карміла сялян, і давала магчымасць абмяняць рыбу на іншы тавар або проста пра­даць. Экспазіцыя “Рыба — грошы — тавар” расказвае пра грашовыя знакі ранейшых часоў. Можна ска­заць, што рыба — гэта валюта спораўцаў, а сушаная рыба — наогул элітная валюта, гаворачы сучаснай мовай.

Майстры з нашай вёскі для экспазіцыі музея пабудавалі сучасную рыбалавецкую лодку, а дакладней, яе макет, бо сапраўдная лодка дасягала 10 метраў у даўжыню. На такіх лодках доўгі час працавалі рыбалавецкія брыгады на нашым возеры.

На ўсе рукі майстры

Каб адлюстраваць побыт спораўцаў у мінулым, мы стварылі экспазіцыю “Спораўцы — на ўсе рукі майстры”, дзе можна даведацца, якімі яшчэ рамёствамі, акрамя рыбалкі, займаліся мясцовыя жыхары. Гэта і кавальская справа, аб чым сведчаць выкаваныя з жалеза розныя прылады, і апрацоўка дрэва, на што ўказва­юць драўляныя прадметы побыту. Таксама ў экспазіцыю ўваходзіць плецены з лазы і саломы посуд розных памераў і рознага прызначэння. А яшчэ — прылады для пчалярства.

Так, усё ўмелі рабіць спораўскія­ мужчыны. Але і іх жонкі не адставалі. Якую прыгажосць яны стваралі ўжо ў тыя часы, калі не было электрычнасці і жанчынам прыходзілася выконваць тонкую работу пры святле свечак або лучыны! Аб іх майстэрстве сведчаць сабраныя вышытыя ручнікі, адзе­нне, пасцельная бялізна, і гэта ў той час, калі не існавала інтэрнэту і часопісаў па рука­дзеллі.

Творчыя жанчыны самі прыдумвалі ўзоры для вышыўкі, маглі падгледзець іх у прыро­дзе, якая была шчодрай на прыгажосць і яркія фарбы. Таксама нашы бабулі вязалі кручком з нітак разнастайныя сурвэткі, і мы нават знайшлі звязаны з нітак абрус. Кожная дзяўчынка вучылася прасці ніткі, ткаць, вязаць, вышываць. Асвоіўшы гэтыя рамёствы, яна пачынала збіраць пасаг у так званы жаночы куфар.

Галоўная страва

Асаблівая гордасць музея — наша спораўская куханька. Ва ўмовах, калі ворыўнай зямлі было мала, галоўнай стравай нашых продкаў была рыба. Электрычнасці і халадзільнікаў у той час яшчэ не было. І магчымасці захаваць вылаўленую рыбу ў запас, замарозіўшы яе, у спораўцаў не было. Таму яны захоўвалі рыбу даступнымі для іх спосабамі: салілі і сушылі ў печы на саломе. Дакладны час узнікнення гэтай традыцыі ў Спораве і яго ваколіцах не вызначаны. Можна сцвярджаць, што сушылі рыбу і гатавалі стравы на яе аснове яшчэ ў канцы XVII — пачатку XVIII стагоддзя.

Спорава — даўняе, самабытнае паселішча са сваім жыццёвым укладам, звычаямі, традыцыямі. Своеасаблівы дыялект спораўцаў, мясцовыя назвы многіх прадметаў побыту, з’яў, раслін тут такія, што іх не сустрэнеш ні ў якім іншым кутку Беларусі.

У верасні 2019 года было прынята рашэнне аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці традыцыі гатавання рыбы, сушанай у печы на саломе, і страў на яе аснове. На прыкладзе Бярозаўскага раёна гэтая традыцыя атрымала такі статус упершыню.

Жыхары нашай вёскі Сяргей Міхайлавіч Пашкевіч і Віктар Іосіфавіч Дземідовіч зрабілі для афармлення экспазіцыі музея сапраўдную печ — у такіх нашы продкі раней сушылі рыбу і гатавалі ежу. Паколькі рыба была галоўнай стравай на стале спораўцаў, то хто ж, як не мы, можам азнаёміць з разнастайнымі спосабамі яе гатавання. Для экспазіцыі “Рыбная кухня спораўцаў” мы сабралі брашуры, выдадзеныя жыхарамі нашай вёскі, з рэцэптамі рыбных страў. Тут таксама прадстаўлены спецыі, якімі карысталіся нашы гаспадыні, прычым спецыі гэтыя з нашых, спораўскіх, агародаў.

Вяскоўцы дапамаглі сабраць для музея калекцыю лямпаў, якія запраўляліся газай. А яшчэ падарылі нам дзяжу, у якой раней гаспадыня замешвала цеста на хлеб. Дрожджы тады не прадаваліся, і, каб спячы новую порцыю хлеба, гаспадыня пакідала кавалачак цеста для рошчыны на наступны раз. Калі здаралася, што яна недагледзела і рошчына сапсавалася, то прыходзілася пазычаць у суседзяў, бо сям’я магла застацца без хлеба.

У экспазіцыі “Посуд родам з СССР” нашы наведвальнікі мо­гуць убачыць, а хтосьці і ўспом­ніць посуд таго часу, выраблены з розных матэрыялаў: з алюмінію, эмаліраваны з жалеза, драўляны, больш даўні з гліны. А яшчэ мы сабралі больш вытанчаны посуд — шкляны і фарфоравы. Карысталіся ім рэдка, на святы. Такі посуд сведчыў аб дастатку гаспадароў. Таксама нам падарылі шмат посуду ў форме рыбы, сімвала нашага музея. Наогул, мы сабралі ўжо больш за тысячу экспанатаў.

Захаваць традыцыі

Спадзяёмся, што музей “Спораўскі карась” дазволіць захаваць для будучых пакаленняў гісторыка-культурную спадчыну нашай малой радзімы — гісторыю рыбнай лоўлі і выкарыстання рыбы ў нашай вёсцы, што будуць папулярызавацца мясцовыя традыцыі гатавання рыбы, сушанай у печы на саломе, і страў на яе аснове.

 Валянціна ПАШКЕВІЧ,
настаўніца біялогіі Спораўскай сярэдняй школы
Бярозаўскага раёна, кіраўнік музея “Спораўскі карась”
Фота Ігара ГРЭЧКІ