Рыфма і рытм на ўроках нямецкай мовы

Настаўніца нямецкай мовы Ірына Уладзіміраўна Дзінгілеўская з брэсцкай сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава лічыць, што на паспяховае вывучэнне замежнай мовы ўплываюць розныя фактары: цікавасць да іншамоўнага маўлення, культуры і новай інфармацыі, матывацыя і памяць дзяцей. Выкарыстанне рыфмаванага ці рытмічна арганізаванага тэксту ў спалучэнні з мелодыяй таксама садзейнічае гэтаму.

— Многім вучням уласціва няўстойлівая ўвага, — расказвае педагог. — Таму прадугледжваю на ўроку віды работ, якія знімаюць напружанне, пераключаюць увагу дзяцей, выклікаюць станоўчы эмацыянальны настрой. Развучванне рыфмовак і вершаў адпавядае іх узроставым і псіхалагічным асаблівасцям. Яны лёгка запамінаюцца, бо характарызуюцца рытмічнасцю і гукавой паўтаральнасцю. Акрамя таго, развучванне вершаў прыносіць дзецям задавальненне. Тое, што перажыта ў эмацыянальна станоўчым настроі, надоўга застаецца ў памяці. Дзякуючы рыфме, у вусным маўленні лягчэй актывізуюцца лексіка-граматычныя структуры.

У сваёй рабоце педагог звяртаецца да фанетычных рыфмовак, якія выкарыстоўваюцца пры знаёмстве з новым гукам, яго вымаўленнем і напісаннем. Для адпрацоўкі граматычных структур настаўніца прымяняе граматычныя рыфмоўкі, якія дапамагаюць у вершаванай форме запомніць розныя асаблівасці нямецкай мовы. Пераклад і тлумачэнне граматычных з’яў у рыфмоўках забяспеч­ваюць замацаванне і абагульненне раней вывучанага матэрыялу — дастаткова толькі напомніць вучням рыфмоўку, звязаную з ім.

Was mache ich?
Ich lese und ich schreibe
Ich rechne und ich male
Ich spiele und ich singe,
Ich turne und ich springe,
Ich tanze und ich lache.
Was ich nicht alles mache?

Wer? Wie? Was?
Wer? Wie? Was?
Wir fragen dies und das
Wir fragen auch: Warum?
Denn wer nicht fragt, bleibt dumm.

Для ўвядзення новага ці аўтаматызацыі вывучанага лексічнага матэрыялу педагог звяртаецца да тэматычных рыфмовак, якія пашыраюць і замацоўваюць слоўнікавы запас.

Працуючы з малодшымі школьнікамі, Ірына Уладзіміраўна прыдумвае ўласныя рыфмоўкі з пэўным лексічным матэрыялам. Замяняючы на экране (інтэрактыўнай дошцы) лексічныя адзінкі выявай, можна без цяжкасцей дабіцца іх поўнага запамінання.

Rot wie eine Tomate,
grau wie eine Maus,
grün wie eine Gurke,
braun wie ein Haus.

Tanzen und singen,
Turnen und springen,
Lesen und lachen —
Sind tolle Sachen!

У пачатковых класах большасць рыфмовак і песенек суправаджаецца рухамі і спалучаецца з фізкультмінуткамі.

Mit dem Kopfe: nick-nick-nick!
Mit den Fingern: tick-tick-tick!
Mit den Händen: klapp-klapp-klapp!
Mit den Füssen: trapp-trapp-trapp!

— Фанетыка нямецкай мовы вылучаецца рытмічнасцю і асаблівым тэмбрам, — гаворыць Ірына Уладзіміраўна. — Рытмічны рэчытатыў і рэп ідэальна падыходзяць для фарміравання не толькі фанетычных, але і лексіка-граматычных навыкаў. Гэты сучасны музычны напрамак карыстаецца папулярнасцю ў моладзі. Пакладзеныя на нескладаны рытм, такія тэксты дазваляюць аўтаматызаваць пэўны моўны матэрыял, напрыклад артыклі ці прыналежныя займеннікі:

Der Bleistift, der Kuli, der Ball.
Das Buch, das Heft, das Lineal.
Die Schultasche, die Puppe, die Maus.
Und der Rap ist aus.

Meine Oma, mein Opa
Meine Mutter, mein Vater
Meine Schwester, mein Bruder
Meine Katze, mein Hund und jetzt DU
(у другім куплеце замяняем займеннік на deine).

Дзякуючы пастаяннаму прымяненню рыфмовак падчас фанетычнай ці маўленчай зарадкі ў пачатку ўрока, вучні паўтараюць вывучаны моўны матэрыял, які выклікае ў іх цяжкасці. Дзеці лёгка засвойваюць іх і з задавальненнем успамінаюць тады, калі неабходна падказка. Пры гэтым настаўніца звяртаецца да дапаможных сродкаў: малюнкаў, мімікі, жэстаў, рухаў, інтанацыі, мелодыі… У якасці дадатковых матэрыялаў для ўрокаў І.У.Дзінгілеўская выкарыстоўвае вучэбныя дапаможнікі Hallo, Anna, Deutsch einfach, Ohrwurm і Alles klar з вялікай колькасцю рыфмаваных тэкстаў, якія суправаджаюцца музыкай, карцінкамі, цікавымі заданнямі.

— Рыфмаваныя тэксты, пакладзеныя на музыку, станоўча ўплываюць на пазнавальную сферу дзяцей, павышаюць матывацыю да вывучэння замежнай мовы, — лічыць Ірына Уладзіміраўна. — Дзякуючы музыцы, ствараецца спрыяльны псіхалагічны клімат, зніжаецца псіхалагічная нагрузка, актывізуецца моўная дзейнасць, павышаецца эмацыянальны статус. Вершы не толькі разнастайваюць урокі і робяць іх эмацыянальнымі, але і знаёмяць з культурай іншых краін, паглыбляюць моўныя веды, паляпшаюць камунікацыю, пашыраюць кругагляд, фарміруюць мастацкі густ. Развучванне і частае паўтарэнне нескладаных па меладычным малюнку і кароткіх песень дапамагаюць замацаваць правільнае вымаўленне, артыкуляцыю, правілы націску, асаблівасці рытму, мелодыкі і інш.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.