Рыхтаваць інжынераў і шукаць інавацыйныя рашэнні разам

- 14:23Адукацыйная прастора

Сумесную падрыхтоўку спецыялістаў абмеркавалі рэктар Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Хахомаў і кіраўніцтва кампаніі “МІРТЭК-інжынірынг”. На працягу тыдня адбыўся ўзаемны абмен візітамі паміж установай адукацыі і вытворчым прадпрыемствам.

Прэзентацыя факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій.

Падчас сустрэчы ў рэктараце Сяргей Анатольевіч пазнаёміў дырэктара кампаніі “МІРТЭК-інжынірынг” Паўла Вярхова і яго намесніка Аляксандра Аверкава з дасягненнямі ўніверсітэта ў галіне высокіх тэхналогій. Рэктар адзначыў, што ГДУ паспяхова супрацоўнічае з шэрагам дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў. Больш за 300 айчынных і замежных арганізацый выступаюць базай для студэнцкіх практык і стажыровак. Сумесная падрыхтоўка спецыялістаў ажыццяўляецца пры садзейнічанні кампаній EPAM Systems, IBA-Gomel, прадстаўніцтва кампаніі D-Link у Беларусі, Гомельскага тэхнапарка, тэхнапарка “Карал” і многіх іншых.

— Высокі ўзровень тэарэтычных ведаў, напрацаваныя за гады навучання практычныя навыкі робяць нашых выпускнікоў запатрабаванымі і канкурэнтаздольнымі спецыялістамі. Многім студэнтам працаўладкаванне па спецыяльнасці прапануюць яшчэ падчас вучобы. Аднак, нягледзячы на значныя поспехі ва ўзаемадзеянні з вытворчым сектарам, мы не спыняемся і шукаем новых партнёраў — сучасныя высокатэхналагічныя кампаніі, — звярнуўся да гасцей Сяргей Хахомаў. 

Экскурсію па ўніверсітэце для прадстаўнікоў кампаніі правялі дэкан факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій Дзмітрый Каваленка, загадчык кафедры оптыкі Уладзімір Гайшун і начальнік бюро стандартызацыі і метралогіі Мікалай Аляшкевіч. Госці наведалі бязрэхавую камеру, выставу дасягненняў факультэтаў, навуковыя лабараторыі ўніверсітэта.

На сустрэчы ў кампаніі “МІРТЭК-інжынірынг” яе кіраўнікі правялі для прадстаўнікоў універсітэта экскурсію па вытворчасці, зрабілі прэзентацыю сваёй прадукцыі, абазначыўшы патрэбнасць бізнесу ў кваліфікаваных кадрах. 

Павел Вярхоў і Аляксандр Аверкаў у бязрэхавай камеры ГДУ.

— З 2012 года “МІРТЭК-інжынірынг” распрацоўвае і вырабляе інавацыйныя прыборы ўліку энергарэсурсаў, стварае аўтаматызаваныя сістэмы кіравання, збору і перадачы даных вады, газу, электраэнергіі. Арыентацыя — на бесправадныя тэхналогіі, — расказаў дырэктар Павел Вярхоў. — Інавацыйны падыход да распрацоўкі і вытворчасці надзейных прадуктаў дазваляе нам паспяхова вырашаць нетрывіяльныя задачы ў галінах энергазберажэння, аўтаматызацыі і комплекснага падыходу да ўліку энергарэсурсаў. Напрыклад, для абанентаў, якія выкарыстоўваюць лічыльнікі, існуе магчымасць мець асабісты кабінет у воблаку сеткі інтэрнэт і сачыць за спажываннем усіх энергарэсурсаў. 

Па выніках двух візітаў бакі дамовіліся супрацоўнічаць у галіне падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў і вырашэнні навукова-тэхнічных задач, якія стаяць перад прадпрыемствам.

Кацярына КАВАЛЕНКА.