Рыхтуем будучых аграрыяў

У нашай школе дзейнічаюць аграрныя класы. Намаганні педагогаў, сельгаспрадпрыемстваў, устаноў прафесійнай і вышэйшай адукацыі сельскагаспадарчага профілю аб’ядноўваюцца для падрыхтоўкі адпаведных спецыялістаў. Важную ролю ў гэтай рабоце адыгрывае факультатыў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”.

Галоўная мэта факультатыву — стварыць неабходныя ўмовы для прафесійнага самавызначэння старшакласнікаў, усвядомленага выбару будучай прафесіі, павышэння цікавасці да сельскагаспадарчых спецыяльнасцей і сучасных аграрных тэхналогій. Праграма факультатыву ўключае 4 блокі, якія ахопліваюць хімію, біялогію, фізіку і тэхнічныя дысцыпліны. Практычная накіраванасць курса дапамагае вучням лепш зразумець сутнасць сельскай гаспадаркі і засвоіць спецыялізаваныя веды. Факультатыўныя матэрыялы прызначаны для мэтанакіраванай падрыхтоўкі школьнікаў да паступлення ва ўстановы адукацыі аграрнага профілю.

Вялікая ўвага ўдзяляецца практычнай рабоце, экскурсіям і семінарам. Вучні займаюцца з цікавасцю, афармляюць партфоліа, наведваюц­ь дні адкрытых дзвярэй ва ўстановах прафесійнай і вышэйшай адукацыі. Наладжана цеснае супрацоўніцтва з факультэтам даўніверсітэцкай падрыхтоўкі, прафарыентацыі і маркетынгу Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэтам і Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй у Горках.

У рамках факультатыўных заняткаў вучні наведваюць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы рэгіёна (ААТ “Плешчыцы”, мехдвор і жывёлагадоўчы комплекс “Вялікія Дворцы”, ААТ “Пінскі мясакамбінат” і ААТ “Палескія журавіны”), дзе знаёмяцца з работай аграрнай і перапрацоўчай галіны, сучаснай тэхнікай, найноўшымі тэхналогіямі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі.

Вучні аграрных класаў займаюцца даследчай дзейнасцю. Так, Мікалай Барычэўскі вывучаў уплыў амінакіслотных дабавак на ўраджайнасц­ь сельскагаспадарчых культур, для чаго право­дзіў доследы і эксперыменты з рознымі раслінамі. Сёння юнак з’яўляецца студэнтам ГДАУ, дзе працягвае распрацоўваць гэтую тэму ў рамках курсавой работы.

Важнае месца ў прафарыентацыйнай дзейнасці займаюць псіхалагічнае кансультаванне па пытаннях выбару УВА і спецыяль­насці, падрыхтоўка да субяседавання.

Вучні агракласа актыўна ўдзельнічаюць у рабоце адукацыйнай платформы “Аграклас”, аграгіядзе, міжнародных конкурсах.

Выкарыстанне розных форм правядзення заняткаў, узаемадзеянне з аграпрамысловымі прадпрыемствамі і профільнымі ўстановамі адукацыі прыносяць вынікі. Выпускнікі агракласаў працягваюць навучанне ў ГДАУ, БДСГА і ССНУ.

Дзякуючы факультатыўнаму курсу павысілася якасць ведаў па профільных прадметах, павялічылася колькасць удзельнікаў алімпіяднага руху і творчых конкурсаў, палепшылася інфармава­насц­ь пра рынак сельскагаспадарчых прафесій, іх актуаль­насць і запатрабаванасць.

Надзея КАЗІРАЦКАЯ,
настаўніца хіміі Плешчыцкай сярэдняй школы Пінскага раёна.