Рыхтуем кадры будучыні разам

- 10:42Актуально, Апошнія запісы, Якасць адукацыі

“Расія і Беларусь: рыхтуем кадры будучыні разам” — менавіта так была вызначана тэма круглага стала, які аб’яднаў спецыялістаў сістэмы прафесійнай адукацыі дзвюх краін. Анлайн-сустрэча адбылася ў рамках ХV Міжнароднага кангрэса “Маладыя прафесіяналы”, што прайшоў у Маскве.

У тэме круглага стала закладзены два важныя пасылы. Першы — трэба рыхтаваць кадры будучыні — гэта значыць з апярэджаннем і ў кантэксце сучасных і прагназуемых запытаў прамысловасці. Другі — рабіць гэта трэба разам: супрацоўніцтва адкрывае новыя магчымасці ў гэтым напрамку. ХV Міжнародны кангрэс “Маладыя прафесіяналы” быў прысвечаны пытанням развіцця прафесійнай адукацыі. І двухбаковае ўзаемадзеянне — значны рэсурс яе развіцця. Гэта пацвярджаюць прыклады паспяховага і перспектыўнага ўзаемадзеяння ўстаноў і сістэм адукацыі.

Звязаць у адзіную сетку

Апошнія некалькі гадоў і ў Расіі, і ў Беларусі назапашаны каласальны вопыт пад­рыхтоўкі высокакваліфікаваных рабочых кадраў, у тым ліку і для высокатэхналагічных, навукаёмістых вытворчасцей. І сёння размова ідзе ўжо не проста пра абмен вопытам, а пра “настройку” адукацыйных сістэм, сінхранізацыю адукацыйных праграм для сумеснай падрыхтоўкі кадраў. Так, пачалася работа над стварэннем сеткавых адукацыйных праграм у партнёрстве беларускіх і расійскіх адукацыйных устаноў. Першапраходцамі ў гэтай рабоце сталі Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе (філіял РІПА) і Маскоўскі дзяржаўны адукацыйны комплекс. Абе­дзве ўстановы можна назваць цэнтрамі перадавых тэхналогій у сваіх краінах, дзе сканцэнтравана сучаснае абсталяванне і практыкуюцца сучасныя падыходы да пад­рыхтоўкі кадраў. Месяц назад падпісана пагадненне аб узаемадзеянні паміж установамі адукацыі.   

Напрамкаў узаемадзеяння ўстаноў некалькі. У першую чаргу трэба адзна­чыць менавіта сумесную сеткавую падрыхтоўку, бо гэта тое, што рэалізуецца не ў перспектыве, а ўжо зараз. У нашай краіне сеткавая падрыхтоўка — з’ява не новая. Прадстаўнікі шэрага ўстаноў адукацыі праходзяць навучанне ў рэсурсных цэнтрах, дзе сканцэнтраваны і пастаянна аднаўляюцца перадавыя тэхналогіі па пэўнай прафесіі. А зараз размова ідзе аб магчымасцях такога навучання для ўстаноў адукацыі розных краін. Так, Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе і Маскоўскі дзяржаўны адукацыйны комплекс вядуць работу па распрацоўцы між­дзяржаўнага стандарту для падрыхтоўкі па прафесіі наладчык станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем і арганізоўваюць сеткавую падрыхтоўку навучэнцаў. У найбліжэйшы час прадстаўнікі дзвюх устаноў адукацыі змогуць прайсці навучанне на сучасным абсталяванні ў Мінску і Маскве. Так, у Маскоўскім дзяржаўным адукацыйным комплексе можна прайсці блок вытворчага навучання па тэме “Лічбавая фабрыка”, а ў КСТМіА — вывучыць аўтаматызацыю сучаснай вытворчасці ва ўмовах Індустрыі 4.0. Падпісаны ўжо дзве вучэбныя праграмы на модульнай аснове для сумеснай рэалізацыі адукацыйнага працэсу на базе дзвюх устаноў адукацыі.

Таксама ў сумесных планах — развіццё руху WorldSkills, прасоўванне яго стандартаў і пашырэнне кампетэнцый. Так, плануецца развіваць у КСТМіА новыя для ўстановы кампетэнцыі “Інтэрнэт-маркетынг” і “Рэкруцёр”. Разам будуць развіваць кампетэнцыю “Лічбавая метралогія” з наступнай распрацоўкай адукацыйнага стандарту для адкрыцця падрыхтоўкі спецыялістаў у гэтай галіне.  

Беларускім установам прафесійнай адукацыі будзе карысна азнаёміцца з вопытам інтэграцыі ўзроўняў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі, які рэалізуецца ў рамках маскоўскага праекта “Прафесійная адукацыя без меж”. Так, Маскоўскі дзяржаўны адукацыйны комплекс — гэта ўнікальная ўстанова, якая забяспечвае бесперапынную прафесійную адукацыю на ўсіх узроўнях навучання: школа — тэхнікум — УВА-партнёр — прадпрыемства. І, безумоўна, гэта вельмі цікавы вопыт. 

Яшчэ адзін напрамак узаемадзеяння — рэалізацыя праекта па стварэнні профільных тэхнаатрадаў на базе дзіцячых аздараўленчых лагераў. 

Зразумела, усе перадавыя напрацоўкі, што з’явяцца ў выніку сумеснай работы, не застануцца толькі ў рамках двух кале­джаў, а будуць распаўсюджвацца далей на ўсю сістэму прафесійнай адукацыі. 

Адзначым, што Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе актыўна развівае міжнароднае супрацоўніцтва. Падпісана больш за 10 пагадненняў з установамі адукацыі розных краін. І Маскоўскі дзяржаўны адукацыйны комплекс не адзіны расійскі партнёр — лепшымі адукацыйнымі практыкамі абменьваецца каледж з Гусеўскім політэхнічным тэхнікумам, Уладзімірскім індустрыяльным каледжам, Лікіна-Дулёўскім політэхнічным каледжам і інш.

Валерый Галубоўскі, рэктар РІПА: 

“У Расіі і ў Беларусі назапашаны каласальны вопыт падрыхтоўкі высокакваліфікаваных рабочых кадраў, у тым ліку і для высокатэхналагічных вытворчасцей. Надышоў час аб’яднаць нашы намаганні і патэнцыял для развіцця сістэмы прафесійнай адукацыі і моладзі дзеля будучыні нашых краін”.  

Не толькі вучыць, але і выхоўваць

Звычайна ўстановы адукацыі першапачаткова знаходзяць пункты непасрэдна ў пытаннях падрыхтоўкі кадраў. Аднак потым супрацоўніцтва пашыраецца і такіх пунктаў становіцца ўсё больш. У якасці прыкладу можна прывесці Расашанскі каледж мясной і малочнай прамысловасці і Слуцкі дзяржаўны каледж.

Прыярытэтны кірунак супрацоўніцтва ўстаноў — падрыхтоўка кадраў для малочнай прамысловасці. Установы дзеляцца вопытам падрыхтоўкі спецыялістаў. У Слуцкім дзяржаўным каледжы для падрыхтоўкі спецыялістаў грамадскага харчавання створаны рэсурсны цэнтр з найноўшым абсталяваннем, якое адпавядае не толькі айчынным, але і міжнародным стандартам. Для падрыхтоўкі па спецыяльнасці “Тэхналогія масларобнай, сыраробнай і малочнай вытворчасці” ў вучэбнай лабараторыі адкрыты міні-цэх. База ўстановы — пляцоўка для падрыхтоўкі да конкурсаў WorldSkills не толькі для сваіх навучэнцаў, але і для навучэнцаў устаноў-партнёраў. 

У рамках міжнароднага супрацоўніцтва ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Беларусі і Расіі праводзіцца міжнародны конкурс прафесійнага майстэрства “Майстар малочнай вытворчасці”. Пляцоўкай яго правядзення становіцца і Слуцкі каледж. Так, установа ўжо запрашае на спаборніцтвы 2022 года, а Расашанскі каледж плануе ўзяць удзел.

Слуцкі каледж шчодра дзеліцца вопытам работы, які ва ўстановы, што з’яўляецца адной з самых моцных у нашай краіне, безумоўна багаты. Каледж заўсёды запрашае партнёраў узяць удзел у панараме вопыту выкарыстання электронных сродкаў навучання, семінарах па прымяненні здароўезберагальных тэхналогій, метадычных майстар-класах. 

Яшчэ адзін напрамак сумеснай работы — правядзенне вучэбна-даследчых работ і ўдзел у навукова-практычных канферэнцыях студэнтаў. Штогод на базе Расашанскага каледжа праходзіць Дзень навукі, да ўдзелу ў якім запрашаюць і случчан. 

Адметна, што супрацоўніцтва выхо­дзіць за рамкі падрыхтоўкі кадраў. І ў выхаваўчай рабоце ўстановы знаходзяць мноства магчымасцей для ўзаемнага ­ўзбагачэння. Так, зараз разам установы праводзяць урокі мужнасці. Супрацоўнічаюць студэнцкія саветы, валанцёрскія арганізацыі кале­джаў. Слуцкі каледж на працягу шэрага гадоў праводзіць патрыятычны марафон “Паклонімся вялікім тым гадам”, да якога плануюць далучыцца і расійскія таварышы. З 2019 года на базе ўстановы дзейнічае цэнтр духоўнага развіцця Слуцкага краю. Ва ўстанове рэалізоўваецца праект “Будуем храм сваёй душы”. Такім чынам, духоўна-маральнае выхаванне — гэта яшчэ ­адзін пункт узаемадзеяння з велізарным патэнцыялам. Установы цэняць сваё партнёрства, якое стала такім плённым, што ў Расашанскім каледжы з’явілася традыцыя праводзіць тыдні Беларусі.  

Педсавет на дзве краіны

Яшчэ адзін паспяховы беларуска-расійскі адукацыйны тандэм — гэта Міжрэгіянальны цэнтр кампетэнцый — Тэхнікум імя С.П.Каралёва і Індустрыяльна-педагагічны каледж (філіял РІПА). Пагадненне аб супрацоўніцтве падпісалі толькі 2 месяцы назад, аднак адразу ўзяліся за справу. Нядаўна скончылася матэматычная алімпіяда, 

у якой бралі ўдзел навучэнцы абедзвюх устаноў адукацыі. Ідзе падрыхтоўка да алімпіяды па спецдысцыплінах будаўнічай накіраванасці. У планах — правесці конкурс прафмайстэрства па стандартах WorldSkills для абмену вопытам. Ужо распрацавалі план сумеснай работы на 2022 год, багаты на мерапрыемствы рознага кшталту.

Алімпіяды, конкурсы прафмайстэрства, навукова-практычныя канферэнцыі — гэта толькі адзін з напрамкаў супрацоўніцтва. Расійскія калегі звяртаюць увагу на тое, што ў беларускіх установах прафесійнай адукацыі моцная і сістэмная метадычная работа. Таму інфармацыйна-метадычны абмен вопытам па рэалізацыі адукацыйных праграм ім вельмі цікавы. Плануецца абменьвацца вопытам па распрацоўцы вучэбна-праграмнай дакументацыі, вучэбна-метадычных матэрыялаў, рэкамендацый па арганізацыі адукацыйнага працэсу, правядзенні адукацыйных, конкурсных, выхаваўчых мерапрыемстваў. Абмяркоўваецца магчымасць сумеснай распрацоўкі метадычных матэрыялаў па вучэбных дысцыплінах. У красавіку плануюць нават правесці сумесны педсавет па вывучэнні вопыту правядзення заняткаў з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. 

Дар’я РЭВА.