Рыхтуемся да профільнага навучання

- 11:31Суразмоўца

Нядаўна на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і Нацыянальнага інстытута адукацыі праходзілі інструктыўна-метадычныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы педагагічных кадраў да рэалізацыі профільнага навучання. Перад мэтавай аўдыторыяй выступала намеснік міністра адукацыі Раіса Станіславаўна СІДАРЭНКА. Сёння ў нашай газеце Раіса Станіславаўна адказвае на самыя хвалюючыя пытанні.

— Раіса Станіславаўна, што ўключае ў сябе падрыхтоўка настаўнікаў да профільнага навучання, дзе будзе праходзіць і якая асноўная мэта такога навучання?
— Падрыхтоўка настаўнікаў-прадметнікаў для работы ў профільных класах носіць комплексны характар. Увага педагогаў акцэнтуецца на адпаведных нарматыўных дакументах і зменах вучэбных праграм шэрага вучэбных прадметаў, якія накіраваны на рэалізацыю профільнага навучання, выяўленне магчымых складанасцей у забеспячэнні прафілізацыі і шляхоў іх пераадолення.
Змест вучэбнай работы з педагогамі ва ўмовах пераходу на профільнае навучанне будзе забяспечваць засваенне асаблівасцей новых тэм, якія ўключаны ў профільнае навучанне, і новых падыходаў да засваення тэм, якія вывучаліся раней; форм работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі; спосабаў і форм кантролю, арганізацыі работы з бацькамі і г.д.
Важна мець на ўвазе, што профільнае навучанне прадугледжвае таксама высокі ўзровень арганізатарскай і вучэбна-метадычнай дзейнасці кіраўнікоў устаноў адукацыі. Неабходна забяспечыць зацікаўленасць выбару профілю навучання з боку вучняў і іх бацькоў, акцэнтаваць увагу на спецыфіцы выхаваўчай работы, узаемадзеянні настаўнікаў-прадметнікаў і г.д.
У вучэбнай рабоце з педагогамі будуць выкарыстоўвацца розныя формы навучання: летнія школы, практыкумы, абмен эфектыўным педагагічным вопытам, семінары ў анлайн-фармаце, кансультацыі. Навучанне настаўнікаў традыцыйна звязваецца са спецыфікай вучэбнага прадмета і запытамі саміх педагогаў.
Комплексную падрыхтоўку педагагічных кадраў па забеспячэнні ўвядзення профільнай падрыхтоўкі ажыццяўляюць Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, рэгіянальныя інстытуты развіцця адукацыі, рай(гар)метадкабінеты. Да работы з педагогамі прыцягваюцца таксама настаўнікі-метадысты, настаўнікі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, многія з якіх маюць вопыт выкладання ў класах профільнай накіраванасці.

— У першы час непазбежна пэўная напружанасць з наборам у профільныя класы. Асабліва хвалююцца бацькі, якія лічаць, што базавыя 10—11 класы адменяць. Акрамя таго, ёсць дзеці, якія таксама будуць сумнявацца з профілем да апошняга. Што вы рэкамендуеце дырэктарам і настаўнікам?
— Хвалявацца не трэба. У 2015/2016 навучальным годзе разам з профільнымі 10-мі класамі працягнуць функцыянаваць і базавыя класы. Адміністрацыя ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі павінна была да завяршэння 2014/2015 навучальнага года (у маі — пачатку чэрвеня) вывучыць запыты і пажаданні навучэнцаў адносна іх навучання ў 10-х класах з улікам увядзення профільнага навучання. Аддзелы (упраўленні) адукацыі, спорту і турызму рай(гар)-выканкамаў павінны комплексна вывучыць прапановы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі аб адкрыцці профільных класаў з улікам наяўнасці ва ўстанове адукацыі неабходных кадравых, матэрыяльна-тэхнічных і вучэбна-метадычных рэсурсаў.
Прыняцце рашэння аб адкрыцці 10-х класаў (і профільных, і базавых) павінна аптымальна задавальняць патрэбы навучэнцаў у атрыманні якаснай адукацыі, быць даступным у межах раёна (горада).
Прыём дакументаў у 10-я класы сярэдніх школ ажыццяўляецца да 28 жніўня. У выпадку, калі ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі па нейкіх прычынах не фарміруюць цэлы клас, навучэнцы якога будуць вывучаць вучэбныя прадметы на павышаным узроўні, можа быць прынята рашэнне аб адкрыцці класа, у якім будуць аб’яднаны вучні, якія вывучаюць вучэбныя прадметы на павышаным узроўні, і вучні, якія вывучаюць прадметы на базавым узроўні. У любым выпадку, рашэнне павінна прымацца з улікам сітуацыі ў канкрэтным раёне і максімальна задавальняць запыты навучэнцаў.

— А якая мінімальная колькасць навучэнцаў можа быць у групах у складзе профільнага класа?
— Мінімальная колькасць вучняў у профільных групах у складзе класа адпавядае напаўняльнасці груп пры правядзенні факультатыўных заняткаў: не менш за тры навучэнцы для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаных у сельскіх населеных пунктах, і не менш за пяць вучняў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаных у гарадскіх населеных пунктах.

— Раіса Станіславаўна, усе чакаюць нарматыўных дакументаў, якія “аблегчаць жыццё” адміністрацыі і ўпарадкуюць шляхі арганізацыі профільных класаў. Чаго можна чакаць у гэтым кірунку?
— Для ўвядзення профільнага навучання з 1 верасеня 2015 года Міністэрствам адукацыі падрыхтавана ўся неабходная дакументацыя: зацверджаны новы тыпавы вучэбны план агульнай сярэдняй адукацыі на 2015/2016 навучальны год; распрацаваны вучэбныя праграмы па вучэбных прадметах для 10 класа з улікам двух узроўняў навучання — базавага і павышанага.
Пытанні арганізацыі профільнага навучання выкладзены ў пісьме Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 2015/05/22 № 05-21/ 90-і “Аб арганізацыі ў 2015/2016 навучальным годзе профільнага навучання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі”, якое размешчана на партале Міністэрства адукацыі
(www.edu.gov.by).
Міністэрствам адукацыі падрыхтавана інструктыўна-метадычнае пісьмо “Аб арганізацыі адукацыйнага працэсу пры вывучэнні вучэбных прадметаў і правядзенні факультатыўных заняткаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў 2015/2016 навучальным годзе”, у якім выкладзены асаблівасці выкладання вучэбных прадметаў ва ўмовах увядзення профільнага навучання. Гэты дакумент у ліпені будзе размешчаны на партале Міністэрства адукацыі, а таксама апублікаваны ў “Настаўніцкай газеце” і прадметных часопісах. Акрамя таго, у мэтах забеспячэння комплекснай падтрымкі ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу актыўна функцыянуе Нацыянальны адукацыйны партал.

— Раіса Станіславаўна, а ці будзе магчымы пераход навучэнца пасля 10 профільнага класа ў 11 базавы клас?
— Будзе. Вучань пасля навучання ў профільным класе можа па сваім жаданні перайсці ў базавы клас пры наяўнасці ў ім свабодных месцаў.

— Сёння шмат гавораць пра новыя профілі. У прыватнасці, ці можна па запытах вучняў 10 класа і іх законных прадстаўнікоў арганізаваць у 2015/2016 навучальным годзе вывучэнне на павышаным узроўні матэматыкі і рускай мовы (беларускай мовы)?
— Можна. Толькі пры ўмове, што ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі для гэтага ёсць неабходныя кадравыя, матэрыяльна-тэхнічныя і вучэбна-метадычныя рэсурсы. У межах тыпавога вучэбнага плана агульнай сярэдняй адукацыі навучэнцы могуць выбіраць два-тры вучэбныя прадметы для вывучэння на павышаным узроўні. Пры гэтым агульная колькасць абавязковых вучэбных гадзін у тыдзень не павінна перавышаць 31.

— Яшчэ адзін момант: роля педагога-псіхолага пры арганізацыі псіхалагічнага суправаджэння профільнага навучання ўзмацняецца. Што будзе ўваходзіць у яго функцыі?
— Значнасць ролі педагога-псіхолага ва ўмовах профільнага навучання істотна ўзрастае і знаходзіць новыя задачы, кірункі дзейнасці. Ён удзельнічае не толькі ў суправаджэнні профільнага навучання, але і ў дапрофільнай падрыхтоўцы школьнікаў. У цэнтры яго асаблівай увагі становяцца як вучні, так і іх бацькі, бо выбар профілю навучання непарыўна звязаны з выбарам будучай прафесіі.
Асабліва актуальным становіцца фарміраванне інтарэсаў, схільнасцей, здольнасцей дзяцей, дапамога ў пошуку прызвання, выбары прафесіі, якая адпавядае індывідуальнасці школьніка, а гэта рэалізуецца ў першую чаргу на аснове дыягностыкі. Педагог-псіхолаг валодае адпаведнымі методыкамі. У неабходных выпадках ён пераконвае не толькі навучэнца, але і яго бацькоў, дапамагае ў пошуку так званай індывідуальнай адукацыйнай траекторыі.
Ёсць і яшчэ адна вельмі важная праблема — гуманізацыя адносін у профільных класах. Усе мы ўсведамляем даволі высокі інтэлектуальны ўзровень такіх груп, а адсюль — небяспеку інтэлектуальнага саперніцтва, міжасобаснай напружанасці.
Відавочна, што прадметам асаблівага клопату педагога-псіхолага ва ўмовах профільнага навучання з’яўляецца спецыфіка работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі. Адпаведныя напрацоўкі і пазітыўны вопыт у нас у краіне ўжо ёсць. Забяспечваючы псіхолага-педагагічнае суправаджэнне прафілізацыі, педагогі-псіхолагі павінны працаваць у цесным супрацоўніцтве з настаўнікамі-прадметнікамі, дзейнічаць як неад’емная частка школьнага калектыву.

— Раіса Станіславаўна, па якіх падручніках будзе ажыццяўляцца выкладанне замежных моў у сярэдніх школах і гімназіях (з рознай колькасцю гадзін на тыдзень)?
— Аўтарскімі калектывамі, у склад якіх дадаткова ўключаны настаўнікі-практыкі, завершана работа па падрыхтоўцы вучэбных дапаможнікаў новага пакалення па замежных мовах для навучэнцаў 3—11 класаў пачатковых, базавых, сярэдніх школ. Працягваецца работа па стварэнні вучэбна-метадычных комплексаў для вывучэння замежнай мовы на павышаным узроўні ў гімназіях і ліцэях. Падрыхтаваны вучэбныя дапаможнікі па нямецкай, іспанскай, французскай мове для вучняў 5, 6, 7 класаў, па англійскай — для 9, 10, 11 класаў.
Акрамя гэтага, Нацыянальным інстытутам адукацыі распрацаваны інтэрактыўныя модулі электронных вучэбна-метадычных комплексаў па замежных мовах на аснове мультымедыйных рэсурсаў. Гэтая вучэбная сістэма забяспечвае магчымасць выбару індывідуальнай траекторыі навучання, актывізацыю самастойнай вучэбнай дзейнасці навучэнцаў, свядомасць навучання і трываласць засваення ведаў.
З пералікам вучэбных дапаможнікаў, якія выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе па вучэбным прадмеце “Замежная мова”, можна пазнаёміцца на Нацыянальным адукацыйным партале ў раздзеле “Да пачатку 2015/2016 навучальнага года”.

— І апошняе: ці плануецца выданне падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для педагогаў па вучэбным прадмеце “Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)”?
— Да пачатку 2015/2016 навучальнага года выданне падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па вучэбным прадмеце “Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)” не плануецца. Педагогі на вучэбных занятках могуць выкарыстоўваць літаратурныя крыніцы больш ранніх гадоў выдання, а таксама навукова-папулярныя выданні, у якіх ёсць матэрыял па пытаннях праграмы.
Праграма па айчыннай і сусветнай мастацкай культуры для 5 класа прапануе спіс мастацкіх твораў, дыферэнцыраваных па некалькіх відах мастацтва. Мастацкія творы маюць прыкладны характар. У залежнасці ад метадычных і тэхнічных магчымасцей настаўнік можа ўносіць змены ў спіс твораў, самастойна вызначаючы паслядоўнасць і колькасць твораў для разгляду на вучэбных занятках.

— Вялікі дзякуй вам, Раіса Станіславаўна, за адказы.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.