Рыхтуемся да школы праз гульню

- 16:33Нам пішуць

Падрыхтоўка дзяцей да школы важная тэма для бацькоў, чые дзеці наведваюць старэйшую групу дзіцячага садка.

Каб пераадолець пераломны момант у жыцці дзіцяці, трэба даць магчымасць бацькам набыць упэўненасць і зразумець асаблівасці паводзін дзіцяці.

У яслях-садзе № 4 Астраўца прайшоў семінар-практыкум для законных прадстаўнікоў выхаванцаў старэйшых груп “Рыхтуемся да школы ў гульні”. Пачалося мерапрыемства з афармлення візітовак. Педагог-псіхолаг прапанавала ўдзельнікам семінара выбраць сабе гульнявое імя і аформіць візітоўкі, кіруючыся прынцыпам:

  • зялёны колер — “валодаю дастатковай інфармацыяй па пытанні гатоўнасці дзіцяці да школы”;
  • жоўты колер — “валодаю недастатковым аб’ёмам інфармацыі па пытанні гатоўнасці дзіцяці да школы”;
  • чырвоны колер — “не валодаю інфармацыяй па пытанні гатоўнасці дзіцяці да школы”.

Большасць бацькоў выбралі візітоўкі жоўтага колеру. Значыць, правядзенне семінара мэтазгодна, існуюць пэўныя пытанні.

На семінары бацькі дзяцей, якія наведваюць старэйшыя групы, змаглі акунуцца ў атмасферу дзяцінства, памарыць, успомніць сябе ў школьныя гады, запісаць пажаданні на рознакаляровых пялёстках чароўнай кветачкі — якімі хацелі б бачыць сваіх дзяцей у канцы навучальнага года.

Такім чынам, павысілі кампетэнтнасць па пытаннях псіхалагічнай гатоўнасці дзяцей да школы, даведаліся пра ўмовы паспяховага школьнага старту, навучыліся пазнавальным гульням.

Ганна ПУЗЫРОВА,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 4 Астраўца.