Рыхтуюць будаўнікоў

Сяргей Мікалаевіч Шыловіч, дырэктар Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, узнагароджаны памятным знакам і ганаровым дыпломам пераможцы ў намінацыі “Кіраўнік года” Рэспубліканскага конкурсу “На лепшае дасягненне ў будаўнічай галіне Рэспублікі Беларусь за 2017 год”. Штогод гэты конкурс, які праводзіцца Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь, Саюзам будаўнікоў і галіновым прафсаюзам, падводзіць вынікі работы будаўнічай галіны за год. Адзначым, што такую высокую ацэнку дырэктар ліцэя атрымлівае ўжо другі раз — Сяргей Мікалаевіч удастоены аналагічнай узнагароды і па выніках 2015 года. І ўзнагарода заслужаная — установа пад яго кіраўніцтвам паспяхова рыхтуе будаўнічыя кадры.

На працягу 28 гадоў у ліцэі вядзецца навучанне па будаўнічых спецыяльнасцях. Установа выпускае маляроў, тынкоўшчыкаў, абліцоўшчыкаў-плітачнікаў, муляраў. За гэты час падрыхтавана больш за 800 умельцаў-будаўнікоў. З 1997 года на спецыяльнасць “Аддзелачныя будаўнічыя работы” сюды прымаюць навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Вытворчую практыку юнакі і дзяўчаты праходзяць у лепшых гаспадарках і прадпрыемствах раёна, вобласці, рэспублікі. У ліцэі створана цудоўная матэрыяльна-тэхнічная база: навучанне па будаўнічых спецыяльнасцях адбываецца ў абсталяваных усім неабходным майстэрнях мулярных і аддзелачных работ, будаўнічым корпусе, спецыяльных кабінетах.

З 2011 года навучэнцы ліцэя ўдзельнічаюць у будаўнічых атрадах. Год ад году расце колькасць будатрадаўцаў і вытворчыя аб’ёмы. На працягу 3 гадоў на базе Слуцкага ліцэя дзейнічае міжшкольны факультатыў “Старт у прафесію”, праз які ажыццяўляецца дапрофільная падрыхтоўка навучэнцаў па спецыяльнасці “Аддзелачныя будаўнічыя работы”. У гэтым навучальным годзе яго наведваюць 30 чалавек. Сумесна з упраўленнем па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельніцтва Слуцкага райвыканкама на базе ліцэя створана аддзяленне перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў па будаўнічых спецыяльнасцях.

Калектыў выкладчыкаў, майстроў, адміністрацыі ліцэя робіць усё магчымае, каб акружыць моладзь клопатам, навучыць яе думаць, свядома глядзець на жыццё, актыўна і творча ў ім удзельнічаць, адчуваць адказнасць за будучыню сваёй краіны. Такі неабыякавы падыход знаходзіць адлюстраванне ў шматлікіх узнагародах, але перш-наперш — у высокай якасці падрыхтоўкі выпускнікоў.

Аксана БАРЫСАВЕЦ,
метадыст Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя.