Рыхтуюць будучых ваенных

Паспяховае жыццеўладкаванне выпускнікоў з’яўляецца галоўным паказчыкам выніковасці ўстановы адукацыі. Важна дапамагчы зрабіць прафесійны выбар не асобным, а ўсім навучэнцам, улічваючы пры гэтым і схільнасці саміх дзяцей, і тэндэнцыі развіцця рынку працы горада, рэгіёна, краіны ў цэлым. Такога меркавання прытрымліваюцца ў дзіцячым садзе — сярэдняй школе № 12 Магілёва.

У гэтай навучальнай установе вялікую ўвагу ўдзяляюць прафесійнаму самавызначэнню навучэнцаў. Праф­арыентацыйная работа тут ахоплівае ўсе ступені навучання. Акрамя асноўных на­прамкаў работы, якія прымяняюцца ў адносінах да кожнага вучня, у вучэбна-педагагічнага комплексу ёсць свая адметнасць: тут ужо 15 гадоў функцыянуюць класы ваенна-патрыятычнай накіраванасці.

Ідэя стварэння такіх класаў узнікла невыпадкова. У ВПК № 12 заўсёды надавалася асаблівае значэнне патрыятычнаму выхаванню дзяцей. А ў 2005 годзе паміж установай адукацыі і Ваеннай акадэміяй Рэспублікі Беларусь быў заключаны дагавор аб сумеснай рабоце па падрыхтоўцы навучэнцаў для далейшага навучання ваеннай службе.

— Куратарам дзейнасці класаў быў і застаецца генерал-маёр Н.У.Тананайка. Менавіта ён на працягу ўжо 15 гадоў уручае хлопцам пасведчанні навучэнцаў класа ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Зараз у трох такіх класах у нас навучаюцца 75 хлопцаў. Усе яны свядома вырашылі стаць абаронцамі Радзімы. Вучэбная праграма ў іх засталася без змен. Мы дабавілі толькі шэраг факультатыўных заняткаў, на якіх юнакі спасцігаюць асновы ваеннай службы. Упор таксама робіцца на вучэбны прадмет “Дапрызыўная падрыхтоўка”. Дарэчы, у нашай школе яго вядзе падпалкоўнік запасу В.Д.Лойка, — адзначыла намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці В.В.Папова.

Як і належыць будучым абаронцам ­Айчыны, навучэнцы дзіцячага сада — сярэдняй школы № 12 носяць форму, вучацца ваеннай выпраўцы на страявой падрыхтоўцы, узмоцнена займаюцца фізкультурай, вывучаюць склад зброі.

— Навучанне накіравана на арганізацыю ўмоў, якія садзейнічаюць прафесійнаму самавызначэнню юнакоў на ка­рысць прафесій ваеннага профілю. Хлопцы не толькі атрымліваюць глыбокія веды на этапе падрыхтоўкі да паступлення ў профільныя ўстановы вышэйшай адукацыі, але і загартоўваюць характар і  развіваюць асобасныя якасці, неабходныя для ваенных спецыяльнасцей, — расказала Вольга Васільеўна.

Паводле яе слоў, з мэтай набыцця навучэнцамі практычных навыкаў, якія неабходны пры асваенні прафесіі ваеннага і пры праходжанні службы ў войску, установа наладзіла плённае ўзаемадзеянне з усімі зацікаўленымі ведамствамі. Вучэбна-педагагічны комплекс цесна супрацоўнічае з ваеннымі камісарыятамі рэгіёна, ветэранскімі арганізацыямі, ДТСААФ горада, УВА, дзе ажыццяўляецца падрыхтоўка ваенных.

Асабліва вынікова навучальная ўстанова ўзае­мадзейнічае з камандаваннем вайсковай часці 72471. Мясцовыя навучэнцы штотыдзень наведваюць вайскоўцаў. Зносіны з афіцэрамі і салдатамі даюць вучням магчымасць убачыць, як арганізаваны іх будні.

— Нашы навучэнцы ўдзельнічаюць  ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца на базе вайсковай часці. Два разы на год для іх арганізоўваецца стральба на вайсковым палігоне. Таксама юнакоў заўсёды запрашаюць да ўдзелу ў спаборніцтвах па стральбе, якія ладзяцца асацыяцыяй воінаў-інтэрнацыяналістаў. Шмат карысных навыкаў і ўменняў хлопцы набываюць падчас адпачынку ў профільным палатачным ваенна-патрыятычным аздараўленчым лагеры “Будучы воін”, які кожнае лета размяшчаецца на базе часці. На працягу дзевяці дзён юнакі пражываюць у вайсковых палатках, знаёмяцца з бытам ваеннаслужачых. З хлопцамі праводзяцца заняткі па страявой і агнявой падрыхтоўцы, зборцы і разборцы зброі, праходжанні паласы перашкод, картаграфіі, арыентаванні на мясцовасці, аказанні першай медыцынскай дапамогі і іншых дысцыплінах, неабходных для будучага абаронца Айчыны. Заняткі праводзяць як педагогі школы, так і афіцэры, салдаты. Акрамя гэтага, навучэнцы займаюцца пошукава-даследчай работай, добраўпарадкаваннем воінскіх пахаванняў, што спрыяе фарміраванню ў іх патрыятычных пачуццяў, — падкрэсліла В.В.Папова.

Навучэнцы класаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці — гордасць навучальнай установы. Яны — пастаянныя ўдзельнікі ўсіх гарадскіх масавых мерапрыемстваў, прызёры розных спартыўных спаборніцтваў, актыўныя валанцёры, заўсёды гатовыя аказаць дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і наогул усім, хто мае патрэбу ў падтрымцы.

— Учарашнія хлопчыкі, сёння навучэнцы класаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці ўжо сапраўдныя мужчыны, якія вызначыліся з выбарам жыццёвага шляху. Нам, педагогам, застаецца толькі ўсяляк іх падтрымліваць і дапама­гаць, — паведаміла В.В.Папова.

Падрыхтоўка навучэнцаў у дзіцячым садзе — сярэдняй школе № 12 вядзецца якасна. На сённяшні дзень курсантамі з’яўляюцца 65 выпускнікоў установы, а 150 хлопцаў ужо носяць афіцэрскае званне. Міліцыянеры, пагранічнікі, лётчыкі, ваенныя медыкі і юрысты… З такімі выпускнікамі вучэбна-педагагічны комплекс цяпер заўсёды пад надзейнай абаронай.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.