Рыхтуюць прафесіяналаў

- 12:18Навіны рэгіёнаў

Работы навучэнцаў Пастаўскага дзяржаўнага каледжа ўзнагароджаны дыпломамі VIII Міжнароднай студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі “Студэнцтва ў навуцы — інавацыйны патэнцыял будучыні”.

Канферэнцыя праводзіцца на базе Набярэжначаўнінскага тэхналагічнага тэхнікума, сёлета яна адбылася ў завочнай форме. Традыцыйна да ўдзелу запрашаюцца студэнты і навучэнцы профільных спецыяльнасцей устаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з Расіі, краін блізкага і далёкага замежжа; работы ацэньвае група незалежных экспертаў, у склад якой увахо­дзяць прадстаўнікі адукацыйных арганізацый. У ліку арганізатараў форуму выступілі Міністэрства адукацыі і навукі, гандлёва-прамысловая палата Рэспублікі Татарстан, Плоўдзіўскі ўніверсітэт харчовых тэхналогій (Балгарыя). Удзельнікам прапанавалі даслаць даследаванні па 10 напрамках. З дасланых пастаўчанамі работ тры атрымалі ўзнагароды. У напрамку “Педагогіка і псіхалогія” дыпломам II ступені адзначана работа Ілоны Цютчанка (кіраўнік Жанна Несцяровіч), у напрамку “Менеджмент і маркетынг” дыпломам ІІІ ступені — работа Яны Раманоўскай, у напрамку “Таваразнаўства і экспертыза якасці тавараў” граматай за грамадскую значнасць — работа Кацярыны Дубіновіч (у абе­дзвюх кіраўнік Валянціна Клёнтак).

Прадстаўнікі ўстановы праф­адукацыі з сельскай глыбінкі неаднаразова станавіліся пераможцамі прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і канферэнцый па розных напрамках. Так, у красавіку Кацярына Дубіновіч прыняла ўдзел у II Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў “Моладзь ХХІ стагоддзя” на базе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта ў секцыі “Маркетынг і пабудова інавацыйнай эканомікі”. Тэмай выбрала міжнародны брэндынг, адкуль і пайшла назва даследавання: Brand in international business: concept and algorithm of  creation. Дзяўчына параілася з кіраўніком Валянцінай Клёнтак, іншымі выкладчыкамі і рызыкнула прапанаваць работу на англійскай мове — што не толькі павысіла шансы публікацыі ў зборніку (канферэнцыя не прадугледжвала прысваення месцаў і прызоў, менавіта публікацыя была галоўнай ацэнкай, таму існавала сур’ёзная канкурэнцыя сярод студэнтаў з розных уста­ноў адукацыі), але і пашырыла магчымасці падзяліцца ідэямі з будучымі калегамі і студэнтамі, якія не валодаюць беларускай мовай. Работа была апублікавана. Вясной скарбонку дасягненняў калектыву каледжа таксама папоўнілі сертыфікаты Дар’і Швайкоўскай і Рыгора Іванова за ўд зел у Міжнароднай канферэнцыі навукова-даследчай супольнасці навучэнцаў “Вялікая Перамога: спадчына і памяць”, прысвечанай 75-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, іх выкладчыкі Арына Іванова і Марына Раманоўская атрымалі падзячныя лісты за вялікі ўклад у патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення.

— Мы стараемся падтры­маць кожнага навучэнца ў імкненні ўдасканальваць свой талент, адкрываць новае, даследаваць і вынаходзіць, дапамагаем вызначыць індывідуальную траекторыю развіцця, — расказала намеснік дырэктара каледжа па вучэбнай рабоце Наталля Шылько. — Безумоўна, акцэнт робіцца на асваенні прафесійнага кампанента, але гаворка таксама і пра творчыя, спартыўныя захапленні. На гэта, акрамя вучэбных заняткаў, накіравана дзейнасць шматлікіх аб’яднанняў па інтарэсах рознай накіраванасці. Спецыяльна на конкурс у Набярэжных Чаўнах работы не рыхтавалі, але калі да нас паступіла інфармацыя аб яго правядзенні, зразумелі: трапляем у фармат. Усе мы вельмі рады за поспех нашых навучэнцаў і іх выкладчыкаў, якія дапамагаюць сваім вучням пакараць новыя вяршыні. І, дарэчы, самі задаюць тон: напрыклад, Арына Аляксандраўна заняла 3-е месца на раённым этапе конкурсу работ творчай моладзі “Залатое пяро “Белай Русі” — 2020” (тэма “Міфы і легенды Беларусі”).

Пастаўскі дзяржаўны каледж ажыццяўляе падрыхтоўку на ўзроў­нях прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі будучых аўтамеханікаў, слесараў па рамонце аўтамабіляў, сельскагаспадарчых машын і абсталявання, работнікаў гандлю, грамадскага харчавання і сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, спецыялістаў па тэхнічнай эксплуатацыі аўтамабіляў (тэхнік-механік) і бухгалтарскім уліку, аналізе і кантролі, трактарыстаў-машыністаў сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорый А, B, D, вадзіцеляў аўтамабіляў катэгорыі С.

Таццяна БОНДАРАВА.