Рыхтуюцца старанна

- 11:47Адукацыйная прастора
Цяперашнія спякотныя дні, канечне, не спрыяюць актыўнай разумовай дзейнасці, але нашы алімпіяднікі — людзі загартаваныя, таму, нягледзячы на высокі градус па Цэльсію, упарта рыхтуюцца да міжнародных прадметных алімпіяд, якія стартуюць у ліпені.

У вучэбных зборах, як правіла, удзельнічаюць кандыдаты ў каманды для ўдзелу ў міжнародных алімпіядах па матэматыцы, фізіцы, інфарматыцы, біялогіі, хіміі, геаграфіі, астраноміі і астрафізіцы, якія адбіраюцца па выніках рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Зразумела, усе яны з’яўляюцца яе пераможцамі.
Напрыклад, вучэбныя зборы па хіміі, біялогіі, фізіцы праходзяць на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Традыцыйна падрыхтоўчыя вучэбныя зборы падзелены на некалькі этапаў. Напрыклад, у тры этапы праходзяць вучэбныя зборы па фізіцы. Нядаўна завяршыўся ўжо трэці этап. І, як адзначыў Анатоль Іванавіч Слабадзянюк, загадчык кафедры камп’ютарнага мадэлявання фізічнага факультэта БДУ, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт, выкладчык фізікі Ліцэя БДУ, а таксама кіраўнік каманды, зборы прайшлі ў штатным рэжыме.Фота з сайта www.what.in.ua
“Сёлета ў складзе нашай каманды ёсць прадстаўнікі Гродна, Камянца, Полацка, а таксама Ліцэя Белдзяржуніверсітэта. У нас не бывае школьнікаў, якія ў міжнароднай алімпіядзе ўдзельнічаюць другі раз. У алімпіядзе ўдзельнічаюць толькі адзінаццацікласнікі, што з’яўляецца своеасаблівай спецыфікай гэтых інтэлектуальных спаборніцтваў.
Па выніках рэспубліканскай алімпіяды былі адабраны дзесяць лепшых, з якіх у сваю чаргу ў каманду трапляюць толькі пяць. Рыхтаваліся мы, як заўсёды, інтэнсіўна. Займаліся і рашэннем задач, і эксперыментальнымі даследаваннямі. У гэтым годзе было вырашана ініцыятыву ў падрыхтоўцы нашых школьнікаў аддаць студэнтам фізічнага факультэта, якія раней таксама ўдзельнічалі (і заваёўвалі медалі) у міжнароднай алімпіядзе па фізіцы. Хлопцы вельмі дасведчаныя, таму зборы былі яшчэ і цікавыя, хаця, канечне, усе мы працавалі ў межах існуючай праграмы падрыхтоўчых збораў”, — расказаў Анатоль Іванавіч Слабадзянюк.
Юныя біёлагі да пакарэння міжнародных вяршынь рыхтуюцца на базе біялагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Зборы па падрыхтоўцы да міжнароднай алімпіяды па біялогі праходзяць у два этапы. Першы этап быў яшчэ ў маі (з 15 па 24). Тады збіраліся ўсе прэтэндэнты на ўдзел у міжнароднай алімпіядзе. Як адзначыла загадчыца кафедры генетыкі, доктар біялагічных навук, прафесар Наталля Паўлаўна Максімава, школьнікі працавалі ў межах лабараторных і практычных работ.
“Штодзень яны ўдзельнічалі ў своеасаблівых спаборніцтвах, выконваючы адпаведныя заданні. Прапанаваныя заданні, безумоўна, суадносіліся з заданнямі міжнароднай алімпіяды і былі ў форме тэстаў. Сярод гэтых заданняў былі і такія, якія школьнікі нават ніколі не бачылі. Увогуле ўдзельнікам першых збораў трэба было адказаць на больш чым тысячу тэставых пытанняў.
Па выніках гэтых тэстаў і былі адабраны будучыя ўдзельнікі міжнароднай алімпіяды па біялогіі. Першай па выніках адбору стала Аліна Вайцянкова з Магілёўскага абласнога ліцэя № 3. У каманду трапілі і два прадстаўнікі Ліцэя БДУ. Гэта адзінаццацікласніцы Марыя Дунай і Таццяна Дзянісава. Сёлета ў каманду трапіў і навучэнец 10 класа з Любані. Гэта Мікіта Бокшыц, які паказаў выдатныя вынікі як на рэспубліканскай алімпіядзе, так і на зборах. Ён практычна не адстае ад адзінаццацікласнікаў і я думаю, што на міжнароднай алімпіядзе Мікіта прадэманструе добрыя вынікі. Ён, дарэчы, раней удзельнічаў у алімпіядах па хіміі і матэматыцы.
Цяпер у нас праходзіць другі этап збораў. Трэніруюцца чатыры ўдзельнікі каманды і яшчэ адна дзяўчына з Магілёва, для якой такія зборы — задзел на будучыню. Падрыхтоўка ідзе чыста лабараторная. Школьнікі выконваюць заданні па заалогіі, батаніцы, фізіялогіі, генетыцы, біяхіміі, экалогіі.
У гэтым годзе будуць вельмі цікавыя лабараторныя работы па экалогіі. Яшчэ ніколі на алімпіядзе не было такога кабінета, як эвалюцыйная экалогія, таму пры падрыхтоўцы мы робім акцэнт менавіта на экалогіі. Хаця да канца збораў школьнікі будуць займацца і біяхіміяй, і эвалюцыяй. Рыхтуемся старанна”, — адзначыла Наталля Паўлаўна Максімава.
Гэтак жа старанна ідзе падрыхтоўка і да міжнароднай алімпіяды па хіміі. Як адзначыў Віктар Мікалаевіч Хвалюк, дацэнт кафедры агульнай хіміі і методыкі выкладання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, заняткі з удзельнікамі каманды (а іх таксама чацвёра) ідуць па ўсіх раздзелах хіміі. “Сёлета ўдзельнікаў міжнароднай алімпіяды мы выбіралі з 12 прэтэндэнтаў. Калі ўдзельнікі сталі вядомыя, то пачалася больш інтэнсіўная падрыхтоўка. Падрыхтоўчая работа ідзе ў межах пяці раздзелаў хіміі: фізічная хімія, аналітычная, неарганічная, арганічная, навука аб жывым і біяхімія. Мы прапрацоўваем як тэарэтычныя пытанні, так і практыку.
У гэтым годзе міжнародная алімпіяда па хіміі будзе праходзіць у Маскве. Расійская сталіца трэці раз ладзіць алімпіяду па хіміі такога маштабу. Акрамя таго, маскоўскія алімпіяды славяцца сваімі няпростымі заданнямі, але спадзяюся, што ў нас усё атрымаецца”, — адзначыў Віктар Мікалаевіч Хвалюк.
А геаграфія іншых міжнародных алімпіяд выходзіць далёка за межы Расійскай Фэдэрацыі. Міжнародная алімпіяда па фізіцы стартуе 7 ліпеня ў Капенгагене, па геаграфіі — 27 ліпеня ў Кіёта (Японія). Юныя інфарматыкі на гэты раз збяруцца 2 ліпеня ў Брысбене (Аўстралія), матэматыкі — 17 ліпеня ў Сан-Марына (Калумбія), а сустрэча біёлагаў запланавана на 14 ліпеня ў Берне (Швейцарыя).

Вольга ДУБОЎСКАЯ.