Рыта вялікая, Рыта малая

- 21:29Родная зямля

Назва якога райцэнтра ўтварылася ад слоў “руда”, “руды”? Здагадаліся? Калі не, тады яшчэ адна падказка: у аснове гэтага тапоніма — жаночае імя Рыта… Правільна, Маларыта!

 

Край легенд

Маргарыта — не такое ўжо і рэдкае для Маларыты імя. Але наўрад ці ў даўнія часы яно было распаўсюджана сярод мясцовых дзяўчат. Таму больш праўдападобнай з’яўляецца версія са словамі “руда”, “руды”. Балотная руда ў вялікай колькасці сустракалася на беразе мясцовай рэчкі і надавала вадзе чырванаваты (руды) колер. Дарэчы, і назва рэчкі невыпадковая — Рыта. Там, дзе знаходзіцца райцэнтр, рака вузкая, нешырокая, таму Маларыта. А вышэй па цячэнні яна

Дырэктар Маларыцкага РЦДАДіМ А.М.Шабогіна з гербам райцэнтра, створаным педагогам дадатковай А.Р.Горбік.

больш паўнаводная. Адпаведна і населены пункт, праз які працякае ўжо шырокая Рыта, называецца Велікарыта.

Гэтыя версіі навукова апраўданыя, менавіта іх прытрымліваюцца мясцовыя краязнаўцы. Але ёсць на Маларытчыне і прыгожыя легенды. Адна з іх расказвае пра маладога князя, які са сваёй дружынай прыплыў на чоўнах у гэтыя мясціны. Калі сышлі на бераг, то пачулі стук малатка — недалёка была кузня. Усё спадабалася маладому князю ў доме гасціннага каваля: і смачны абед, і цёплая сустрэча, але больш за ўсё — жонка гаспадара прыгажуня Рута. Князь клікаў яе з сабой, абяцаў шыкоўнае жыццё, але не пагадзілася Рута. Князь пачаў пагражаць, ды насустрач выйшаў мядзведзь, якога трымаў каваль у кузні. Князь выхапіў меч і забіў звера. Заплакала Рута і ў роспачы пабегла да рэчкі… Толькі на трэці дзень знайшлі яе цела. З таго часу рака атрымала назву Рута. Пазней гідронім стаў гу­чаць як Рыта.

Гэтую легенду мне паведаміла дырэктар Велікарыцкай сярэдняй школы імя П.В.Саевіча Ірына Міхайлаўна Наркевіч. Яшчэ некалькі легенд пачуў ад настаўнікаў Олтушскай сярэдняй школы. Маўляў, некалі тут пасяліўся рыбак Еўтух, вельмі мудры і адукаваны чалавек. Да яго часта звярталіся жыхары навакольных вёсак за рознымі жыццёвымі парадамі. Казалі: “Пайду да Еўтуха”, а вёску, дзе ён жыў, сталі называць Еўтушша. З цягам часу Еўтушша стала Олтушам. Яшчэ адна легенда расказвае пра князя Олтуша, які, уцякаючы ад ворагаў, прывёў сюды свой народ.

— Гэтыя легенды хоць і прыгожыя, але наўрад ці праўдзівыя. Больш верагоднай з,яўляецца версія беларускага вучонага Івана Антонавіча Ласкова. На яго думку, першымі жыхарамі Олтуша былі прадстаўнікі фіна-ўгорскіх плямёнаў. Такое меркаванне заснавана на лінгвістычным аналізе беларускіх тапонімаў. Олт перакладаецца як “балоцісты”. Да XIV стагоддзя наш край славянізаваўся, але назвы з асновай олт- (у тым ліку Олтуш) засталіся, — па­дзя­лілася загадчыца школьнага музея кандыдат гістарычных навук Кацярына Якаўлеўна Алесік.

Олтушская святыня

Рамантычныя, часам трагічныя, дзесьці гістарычна апраўданыя, а дзесьці проста фантастычныя — на працягу камандзіровачнага дня мне давялося па­чуць ад настаўнікаў Маларытчыны з добры дзясятак мясцовых легенд. Знаёміцца з гэтымі легендамі мы працягнем у вясновым лесе пад шчэбет птушак і шапаценне галін цар-дуба (лічыцца, што гэтае дрэва, ўзростам каля 800 гадоў, самае старэйшае на Беларусі) каля вёскі Старое Раматова. А пакуль што азнаёмімся з яшчэ адной адметнасцю Маларытчыны — старадаўнімі храмамі, помнікамі драўлянай архітэктуры XVIII стагоддзя, узведзенымі з элементамі барока.

Адзін з гэтых храмаў, праваслаў­ная царква Праабражэння Гасподняга, узвышаецца над Олтушам з 1783 года. Музей Олтушскай сярэдняй школы — адзін з нямногіх музеяў устаноў адукацыі Беларусі, дзе вясковаму храму прысвечаны даволі вялікі раздзел экспазіцыі. Многія матэрыялы сабраны школьнікамі. Значную дапамогу аказаў і сённяшні настаяцель храма протаіерэй Уладзімір Страха, а таксама дачка былога святара Паўла Пашкевіча Людміла Сіланюк.

Кожны наведвальнік можа пагартаць копію олтушскага прыходскага летапісу, арыгінал царкоўнай кнігі шлюбаў 1844 года, азнаёміцца з выпіскай пра шляхецкае паходжанне роду святароў Паўловічаў, пагля­дзець фотаздымкі святароў пачатку ХХ ста­год­дзя. Значная частка матэрыялаў прысвечана служэнню Паўла Пашкевіча. Таксама прадстаўлены царкоўныя рэчы: падсвечнікі, богаслужбовыя кнігі, абразы.

— Наша царква адметна не толькі архітэктурай, але і тым, што тут знаходзіліся ўнікальныя іконы XVII стагоддзя (“Успенне Багаро­дзіцы”, “Цалаванне Іакіма і Ганны. Дабравесце Ганне”), створаныя маларыцкім майстрам. Адносяцца абразы да заходнепалескай іканапіснай школы. Цяпер яны захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Разам з вучнямі мы правялі даследаванне, вынікам якога, спадзяёмся, стане праект па аднаўленні ўнікальных ікон, — па­дзялілася Кацярына Якаўлеўна.

Вучыць працавітасці

Наведвальнікаў музея чакае цікавы аповед не толькі пра храм, але і пра гісторыю вёскі ў міжваенны перыяд, гады Вялікай Айчыннай вайны, пра лёс землякоў воінаў-інтэрнацыяналістаў. Багатым на матэрыялы з,яўляецца і раздзел экспазіцыі, прысвечаны гісторыі школы. Адзін са стваральнікаў новай экспазіцыі, былы майстар працоўнага навучання Вячаслаў Мікалаевіч Зезюкоў, расказваў пра гэты раздзел больш за гадзіну. Чырвонай ніткай у аповедзе пра былых калег, дзейнасць школы ў савецкі час гучала тэма працавітасці.

На занятках гуртка “Аплікацыя саломкай”.

— Музей створаны ў 1981 го­­дзе. Гэта ініцыятыва былога дырэктара Мікалая Сяргеевіча Анішчука і яго жонкі, настаўніцы нямецкай мовы Ганны Георгіеўны. Да працы падключылася шмат людзей, працаваў увесь настаўніцкі калектыў. Так можна сказаць і пра нядаўнюю рэканструкцыю музея. Мы з калегамі не лічыліся ні з часам, ні з рознымі цяжкасцямі. Пад кіраўніцтвам былога дырэктара Наталлі Пятроўны Зезюковай збіралі новы матэрыял, перабіралі стары фонд. Рэалізаваць задуманае змаглі дзякуючы мясцоваму сельгаспрадпрыемству і ААТ “Савушкін прадукт”, — адзначыў Вячаслаў Мікалаевіч.

Па ініцыятыве Мікалая Сяргеевіча Анішчука быў не толькі створаны музей. Разам з калегамі ён браўся за ўсе навінкі, модныя павевы таго часу ў сістэме адукацыі. Гэта і адкрыццё аднаго з першых у краіне ліцэйскіх класаў, і арганізацыя стацыянарнага лагера працы і адпачынку з узвядзеннем летніх домікаў, і нават арганізацыя гуртка па трусагадоўлі. Дарэчы, фермы па вырошчванні трусоў арганізоўваліся ў 1970—1980-я гады па ўсёй Беларусі з мэтай працоўнага і прафесійнага выхавання навучэнскай моладзі. Але ж далёка не кожная школа дзялілася адпаведным вопытам работы на ВДНГ у Маскве. Олтушскія настаўнікі і вучні зрабілі гэта паспяхова і вярнуліся з усесаюзнай выставы ў 1980 годзе з дыпломамі.

Яшчэ адным напрамкам працоўнага выхавання олтушскай моладзі ў савецкі час было супрацоўніцтва з калгасам “Перамога”. Ствараліся вучнёўскія брыгады, якія нарыхтоўвалі кармы. На канікулах падчас работы лагераў працы і адпачынку ствараліся жывёлагадоўчыя звёны.

— Канечне, цалкам аднаў­ляць такую практыку працоўнага выхавання сёння не варта. Усё ж такі моладзь змянілася, іншы час, але ўзяць усё лепшае і адаптаваць да нашых дзён, чаму б не, — па­дзяліўся педагог.

Быць патрыётам

Багатымі традыцыямі славіцца не толькі Олтушская сярэдняя школа. У маларыцкай сярэдняй школе № 2 сабраны багаты вопыт героіка-патрыятычнага выхавання, дзейнічае адпаведны рэсурсны цэнтр. Памяць пра подзвіг чыр­вонаармейцаў у гады Вялікай Айчыннай вайны захоўваецца тут літаральна з першых дзён пасля вызвалення Маларытчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Справа ў тым, што ўжо ў 1944 го­дзе ў горадзе адкрыўся дзіцячы дом. Яго выхаванцы разам з настаўнікамі, выхавальнікамі пачалі пошук сведчанняў зверстваў фашыстаў, пачалі збіраць архіўныя матэрыялы, якія потым сталі асноўным фондам школьнага музея. У 1962 годзе дзіцячы дом быў рэарганізаваны ў школу-інтэрнат. Пошук дакументаў, звестак пра салдат і афіцэраў прадоўжыўся. Калі матэрыялаў сабралася дастаткова, у 1963 годзе быў адкрыты музей баявой славы “Патрыёт”.

Дырэктар маларыцкай сярэдняй школы № 2 Т.М.Жыгалава ырэктар маларыцкай сярэдняй школы № 2 Т.М.Жыгалава і Л.К.Ярмашук з партрэтамі байцоў 75-й стралковай дывізіі.

Экспазіцыя створана пад кіраўніцтвам тагачаснага дырэктара школы-інтэрната ветэрана вайны і працы Васіля Піліпавіча Маркава, аўтара кніг “Дзеці вайны” і “Апаленыя вайной”. Музей займае важнае месца ў ­патрыятычным выхаванні школьнікаў. Хоць акцэнт у экспазіцыі і робіцца на падзеях Вялікай Айчыннай вайны, але матэрыялы расказваюць пра розныя перыяды гісторыі горада пачынаючы са старажытных часоў. Так, у раз­дзеле “Старонкі мінулага” можна даведацца, напрыклад, што ў момант сваёй першай згадкі ў гістарычных дакументах пад 1566 годам Маларыта называлася Рыта Малая.

— Асаблівае месца ў нашым музеі адведзена падзеям Вялікай Айчыннай вайны, у першую чаргу лёсу байцоў 75-й стралковай дывізіі, якая ў першыя дні вайны прыняла бой з нямецкімі войскамі. Значная частка экспанатаў пра байцоў дывізіі была сабрана яшчэ Васілём Піліпавічам, але мы не спынілі гэтую дзей­насць. Кожны год 22 чэрвеня пра­во­дзім сустрэчы з роднымі салдат і афіцэраў дывізіі. Ладзім сумесныя мерапрыемствы, урокі мужнасці, абменьваемся архіўнымі данымі. Кожная такая сустрэча становіцца больш маштабнай, бо прыязджае вялікая колькасць людзей, — паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Людміла Канстанцінаўна Ярмашук.

Паколькі асноўная аўдыторыя экскурсантаў — гэта школьнікі, то акцэнт робіцца на ваенным лёсе равеснікаў сённяшніх вучняў. Напрыклад, расказваецца пра подз­віг школьніцы Вольгі Абрамук (на тэрыторыі Велікарыцкай школы знаходзіцца помнік у гонар дзяўчыны), якая прайшла праз катаванні, але не выдала сваіх баявых таварышаў і была расстраляна. У свой час маларыцкія вучні сустракаліся з яе маці, запісалі ўспаміны, зрабілі фотаздымкі.

Як і ў кожнай установе адукацыі раёна, настаўнікі і вучні маларыцкай сярэдняй школы № 2 рэгулярна ходзяць у паходы па месцах баявой славы. Напрыклад, да курганоў Славы па дарозе з Маларыты на Олтуш і ў вёсцы Хаціслаў, да месца бою каля вёскі Радзеж і магілы камбрыга Зяленіна ў вёсцы Арлянка, магілы сям,і легендарнага абаронцы Брэсцкай крэпасці лейтэнанта Кіжаватава.

— У 1965 годзе нашым вучням пашчасціла наведаць двойчы Героя Савецкага Саюза маршала Васілеўскага. Партрэт, падораны Аляксандрам Міхайлавічам, фотаздымкі з той сустрэчы, успаміны яе ўдзельнікаў даюць магчымасць сённяшнім школьнікам яшчэ раз дакрануцца да подзвігу народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, прапусціць праз сябе ўсе тыя выпрабаванні, што давялося перажыць нашым продкам, і даць сабе адказ на пытанне: “А як бы я паступіў, калі б узнікла неабходнасць абараняць Айчыну?” — адзначыла Людміла Канстанцінаўна.

Каля магутнага дуба

Уявім, што нам прапанавалі сустрэцца з чалавекам, які нара­дзіўся аж 800 гадоў назад. Цікава, ці знайшоўся б той, хто б адмовіўся ад унікальнай магчымасці пагутарыць са сведкам мінулых эпох? Думаю, наўрад ці… Вось і мне падчас падарожжа па Маларытчыне было недаравальна не сустрэцца з дрэвам, якое прарасло з жолуда яшчэ ў часы Сярэднявечча. Тым больш што педагог маларыцкай сярэдняй школы № 2 (да нядаўняга часу настаўнік геаграфіі Пажэжынскай базавай школы) вядомы ў раёне краязнавец Аляксандр Васільевіч Кар­дзялюк ласкава пагадзіўся стаць правадніком. Экскурсія павінна была стаць захапляльнай.

А.В.Кардзялюк каля цар-дуба.

“Няўжо гэтаму дрэву сапраўды 800 гадоў?” — проста не мог не задаць настаўніку-краязнаўцу такое пытанне. Аляксандр Васільевіч заўсміхаўся: “Можаце лічыць, што 800. Тут нядаўна навукоўцы з Мінска прыязджалі, праводзілі даследаванне. Дык яны сцвярджа­юць, што дуб маладзейшы. Але мы, мясцовыя жыхары, скептычна ставімся да іх сцвярджэння. Мы ж хочам, каб самы стары дуб на Беларусі рос менавіта ў нас, на Маларытчыне. Так што няхай бу­дзе 800”.

Калі жыхары некаторых краін лічаць, што іх дубам больш за тысячу гадоў, то чаму нашаму цар-дубу не можа быць хаця б 800? Гэта ж турыстычны брэнд. Хіба можна ад яго адмаўляцца?

Дуб-патрыярх і М.П.Яловы.

Як бы там ні было з узростам, дуб сапраўды ўражвае. Высачэзны, таўшчэзны, велічны. Здаецца, яму нават не 800, а ўся тысяча гадоў. Гэта ж колькі ён бачыў на сваім вяку! Колькі цікавага мог бы паведаміць. Хаця чаму мог бы? Па словах Аляксандра Васільевіча, калі прые­хаць да дуба аднаму, пастаяць каля яго магутнага ствала пэўны час, то можна пачуць, як дрэва пачынае шапацець галінамі, нібыта вя­дзе аповед. Праўда, пачуць аповед дуба-дзядулі можна ўжо не так часта, як раней. Калі ў дрэва трапіла маланка, яно захварэла. Ужо і крона не такая шыкоўная, ды і некаторыя галіны пачалі засыхаць.

— Калі хочаце зрабіць здымкі магутнага дуба з шыкоўнай кронай, то трэба пад,ехаць да дуба-патрыярха, які расце таксама недалёка ад вёскі Старое Рама­това, — адзначыў настаўнік.

Разам з Аляксандрам Васіль­евічам і намеснікам дырэктара Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Мікалаем Пятровічам Яловым адправіліся да брата цар-дуба. Наколькі магутным з,яўляецца дрэва, можаце пераканацца па фотаздымку. А вось пра тое, што бачыў дуб на сваім вяку, сведкам якіх па­дзей яму давялося быць, як шану­юць дрэва мясцовыя жыхары, вам лепш даведацца падчас рэальнага падарожжа па Маларытчыне. Да магутных дрэў распрацаваны спецыяльныя маршруты. Можна пехатой, можна на веласіпедзе, можна і на аўтамабілі. Канікулы — выдатны час для вандровак па роднай зямлі. А ў праваднікі абавязкова запрасіце кагосьці з мясцовых настаўнікаў. А яшчэ перад паездкай прачытайце апавяданне Яраслава Пархуты “Цар-дуб”. Сустрэча з магутным дрэвам і яго братам дубам-патрыярхам стане куды больш радаснай.

Вясновая маляўнічасць

Горад Маларыта, аграгарадок Велікарыта, рака Рыта… Падарожжа па гэтым краі запомніцца не толькі арыгінальнымі тапонімамі. А якой стане маляўнічай маларыцкая зямля, калі на дрэвах з,явіцца маладое лісце, а на вуліцах і падворках, у лясах закрасу­юць вясновыя кветкі! Не прапусціце гэты момант, наведайце Маларытчыну!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.

 

Калі прыедзеце на Маларытчыну:

= завітайце ў госці да цар-дуба і дуба-патрыярха;

= пакаштуйце смачную ваду з пажэжынскай крыніцы;

= палюбуйцеся арыгінальнай архітэктурай драўляных храмаў;

= сустрэньцеся з мясцовымі настаўнікамі-краязнаўцамі;

= азнаёмцеся з экспазіцыяй школьных музеяў;

= адпачніце на беразе Олтушскага возера;

= ускладзіце кветкі да магілы байцоў 75-й стралковай дывізіі.