Шосты абласны турнір матэматыкаў стаў галоўнай падзеяй восені для аматараў царыцы навук на Міншчыне. У гарачых матэматычных баях каманды змагаліся за першае месца.
Перад турнірам каманды даследавалі і рашалі задачы, прапанаваныя для рэспубліканскага турніру юных матэматыкаў. Сярод іх былі задачы пра Карлсана і варэнне, квазішахматныя гульні, дзіўных удзельнікаў турніру, дыскрэтны Сусвет і сюррэалістычнага воўка. Гучыць, можа, і не вельмі сур’ёзна, але задачы насамрэч надзвычай складаныя і патрабуюць для рашэння не толькі ведаў, але і ўмення творча і нестандартна мысліць. Прыняць удзел у абласным турніры маглі каманды, якія добра падрыхтавалі не менш як шэсць заданняў. Такіх каманд аказалася 11 з 10 раёнаў. Свае рашэнні яны загадзя прадаставілі на ацэнку журы і на турнір прыехалі ўжо са стартавым рэйтынгам. І пачаліся баі! Дакладчыкі выступалі, апаненты ацэньвалі прапанаванае дакладчыкам рашэнне задач, саміх апанентаў ацэньвалі рэцэнзенты. За ўсім гэтым пільна сачылі назіральнікі. Журы ацэньвала, як кожны справіўся са сваёй задачай, і выстаўляла балы. Так будуецца работа на матэматычных баях. І баі гэтыя былі гарачыя — спрэчкі, аргументы, доказы, нязгода… Атмасфера была напружанай на кожным баі, удзельнікі стараліся максімальна праявіць сваю сабранасць, граматнасць, лаканічнасць падчас выступленняў. Праўда, менавіта гэты драйв і прываблівае многіх удзельнікаў турніру. “Вельмі цікавыя сам бой, дыскусія, работа ў камандзе, — расказвае Любоў Рамашка, удзельніца зборнай каманды Клецкага раёна. — Мне падабаецца, што турнір патрабуе ад удзельнікаў актыўнай працы. Задачы незвычайныя. Для рашэння некаторых з іх неабходна набываць дадатковыя веды па-за межамі школьнай праграмы. Усё гэта вельмі цікава”.
Пацвярджаюць цікавасць дзяцей да турніру і педагогі. “Наша каманда ўдзельнічала ва ўсіх шасці абласных турнірах, — расказвае кіраўнік каманды Смалявіцкай раённай гімназіі Дзяніс Мар’янавіч Дубаневіч. І той навучэнец, які трапляў на турнір аднойчы, потым ніколі не адмаўляўся паўдзельнічаць у ім зноў. Нават надзвычай занятыя падрыхтоўкай да экзаменаў і ЦТ адзінаццацікласнікі знаходзяць час для турніру, таму што гэта цікава. У нас, акрамя рашэнняў задач, ёсць яшчэ і пэўная стратэгія. Дзякуючы гэтаму пяць мінулых разоў наша каманда была ў ліку прызёраў на абласным турніры. Спадзяёмся, што і ў гэтым годзе не застанёмся без дыплома”.
Па традыцыі журы турніру ўзначаліў Леанід Лаўрыновіч, старшы выкладчык кафедры метадаў аптымальнага кіравання факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. Сярод членаў журы былі таксама выпускнікі і студэнты факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, якія раней удзельнічалі і перамагалі ў рэспубліканскай алімпіядзе і рэспубліканскім турніры юных матэматыкаў. Па выніках баёў і з улікам стартавага рэйтынга журы абвясціла пераможцаў. Імі сталі адразу дзве каманды — зборная каманда Салігорска і каманда гімназіі Дзяржынска. Дыпломамі II ступені ўзнагароджаны каманды Смалявіцкай раённай гімназіі і зборная Барысаўскага раёна. Трэцяе месца падзялілі паміж сабой зборныя Чэрвеньскага, Нясвіжскага, Клецкага раёнаў і каманда гімназіі № 1 Старых Дарог.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.