“С отРЯДОМ”

- 11:34Вышэйшая школа

Ад бацькоў, дзядуль і бабуль неаднойчы даводзілася чуць гісторыі пра лета ў студэнцкіх атрадах. Гэты час для іх спалучаў, здаецца, усё: працоўны вопыт і першы самастойны заробак, напоўненыя творчым імпэтам актыўнасці і адпачынак. Зараз да гэтых аповедаў далучаецца сённяшняя моладзь, для якой такі вопыт таксама стаў часткай жыцця. І калі гартаеш кнігу “Студэнцкія будатрады Беларусі: гісторыя і сучаснасць”, мінулае і сённяшні дзень руху складваюцца ў агульную карціну, раскрываючы яго вартасці.

Кніга выдавецтва БНТУ падрыхтавана калектывам аўтараў пад агульнай рэдакцыяй Канстанціна Баландзіна. Выданне па­дзелена на часткі па перыядах і адлюстроўвае асноўныя вехі студэнцкага руху краіны. Кніга — адна з буйных работ, якая абагульняе вопыт беларускіх студэнцкіх атрадаў.

Аўтары К.Баландзін, А.Кукса, Р.Машкоўскі, У.Тугай і М.Шчаўлінскі пішуць, што прататыпы першых студэнцкіх працоўных калектываў пачалі з’яўляцца ў 20—30-я гады мінулага стагоддзя. Тады моладзь Томскага тэхналагічнага інстытута, Маскоўскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя М.Э.Баўмана і іншых устаноў вышэйшай адукацыі дапамагала ў будаўніцтве Магнітагорскага металургічнага камбіната, Валхоўскай і Дняпроўскай ГЭС.

Узнаўленне ініцыятывы ў тым выглядзе, у якім яна дайшла да нас сёння, адбылося дзякуючы студэнтам-фізікам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1959 годзе. З цягам часу студэнцкія атрады не толькі аказвалі дапамогу дзяржаве, але і сталі сродкам выхавання моладзі, спрыялі падрыхтоўцы будучых лідараў у розных галінах.

У Беларусі працоўны рух моладзі ўзмацніўся ў 1960-я гады. Студэнты спаборнічалі з працаўнікамі буйных прадпрыемстваў, не саступаючы старэйшым калегам. Сёння мала хто ведае, што ў ства­рэнне “Гродна Азота”, Янаўскай ГЭС Астравецкага раёна, Бярозаўскай ДРЭС і Полацкага нафтаперапрацоўчага завода студэнты таксама зрабілі значны ўклад.

За гады існавання руху прафілізацыя студэнцкіх атрадаў пашыралася. Сёння, акрамя будаўнічых і медыцынскіх каманд, можна сустрэць педагагічныя, сэрвісныя, вытворчыя, сельскагаспадарчыя, археа­­лагічныя і нават ІТ-атрады. Апошнія актыўна ствараліся ў 2007 годзе па ініцыятыве студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі (тады хлопцы і дзяўчаты падтрымлівалі камп’­ютарныя сеткі інтэрнатаў, вучылі пачаткоўцаў працаваць на камп’­ютары, а таксама на “гарачай лініі” адказвалі на пытанні, якія датычацца інфармацыйных тэхналогій). Пазней сталічных калег падтрымалі студэнты Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Сучасная моладзь была задзейнічана ў рэстаўрацыі Косаўскага, Мірскага і Нясвіжскага замкаў, стадыёна “Дынама”, у будаўніцтве Нацыянальнай бібліятэкі, Беларускай АЭС, трэцяй лініі Мінскага метро і на іншых буйных пляцоўках краіны.

Сярод аб’ектаў, на якіх у гэтым годзе працуюць студэнты, вылучаюцца Усебеларуская маладзёжная будоўля Астраўца і праект “Атлант-2020”. З першай пля­цоўкі са званнем лепшага ў краіне дадому вярнуўся будаўнічы атрад “Эўрыка” Полацкага дзяр­жаўнага ўніверсітэта. Каманда знаходзіцца ў лідарах трэці год запар. Нездарма маладыя людзі лічаць дэвізам словы “Пакуль мы адзіныя — датуль непераможныя”.

Старонка атрада ў сацыяльных сетках напоўнена агульнымі фотаздымкамі каманды з мерапрыем­стваў, знаёміць наведвальнікаў з творчасцю студэнтаў і традыцыйнымі святамі змены: “цаліннымі” днём абаронцы Айчыны, 8 Сакавіка і Новым годам. Тут жа становіцца зразумела, што моладзь “Эўрыкі” любіць спяваць і ўпэўнена адчувае сябе ў спартыўных камандных спаборніцтвах — на старонцы можна знайсці шмат аўтарскіх песень і фотасправаздач.

Другі год атрадам кіруе пяцікурснік інжынерна-будаўнічага факультэта Дзмітрый Шчарбёнак: за гэты час хлопец двойчы станавіўся лепшым камандзірам. Упершыню Дзіма прыехаў на змену ў 2018 годзе. А перад гэтым сачыў за студатрадаўцамі, распытваў знаёмых, праглядваў гісторыі ў Instagram. Асвойтаўшыся на новым месцы, ён пачаў прыглядацца да работы камандзіра і камісара: юнак ведаў, што вернецца сюды ў новай якасці.

— Памятаю, што тады мной кіравалі цяга да нязведанага, імкненне змяніць абстаноўку. Хацелася паказаць сябе, даказаць, што я прыехаў на будоўлю не проста так, — дзеліцца пяцікурснік. — Гэта месца з адным інтарэсам на ўсіх. Таму ў мяне была мэта не прайграць, не саступіць сабе і паказаць іншым, што новы склад удзельнікаў нічым не горшы за папярэдні. А пасля прыйшло ўсведамленне, што ў студатрадзе можна зарабіць, развіць свае здольнасці.

І сапраўды, наступным разам Дзмітрый вярнуўся на будоўлю ў якасці камандзіра “Эўрыкі”. Тут і праявіўся яго арганізатарскі талент: на пачатковым этапе — у фарміраванні каманды, на аб’ек­це — у каардынацыі работы атрада, у перамовах па забеспячэнні байцоў належнымі ўмовамі працы і дастойнай заработнай платай. У канцы працоўнага семестра яго каманду прызналі лепшай у краіне.

— Калі я быў байцом і мы сталі першымі, было проста прыемна, а калі атрад адзначылі другі, трэці раз, перапаўняла радасць ад таго, што гэта адбылося пад маім кіраўніцтвам, — успамінае Дзіма.

На пытанне, у чым сакрэт такога поспеху, хлопец адказвае: у матывацыі кожнага і ў часе, які каманда праводзіць разам на працы і падчас адпачынку.

— У пачатку змены мы гаварылі новым байцам, што лепшыя ў краіне не яны, а мы — папярэдні склад. Мабыць, гэта іх натхніла, як некалі нас, — разважае камандзір.

Ён прызнаецца, што, дзякуючы студатраду, раскрыўся творча: пачаў іграць на гітары і спяваць. Перад Дзімам адкрыліся новыя гарызонты: як будучы інжынер-будаўнік ён паглядзеў на вялікую пляцоўку не з пункту гледжання тэарэтычных палажэнняў, а зірнуў на яе вачыма радавога працаўніка. Гэта навучыла пяцікурсніка нівеліраваць розніцу паміж тэорыяй і практыкай.

Але дасягненнямі лідара скарбонка “Эўрыкі” не абмежавалася. Сёлета яна папоўнілася яшчэ двума званнямі: аднакурсніца Дзмітрыя Вікторыя Сысой прызанана лепшым камісарам будоўлі, а чацвёртакурснік Уладзіслаў Гардынец адзначаны як лепшы баец атрада.

Сёлета ў складзе студэнцкіх атрадаў было задзейнічана каля 18 тысяч маладых людзей (найвялікшая колькасць байцоў — з Гродзенскай вобласці: там у 301 атрадзе працавалі 4154 чалавекі). Таксама да студэнтаў далучылася больш за 8 тысяч школьнікаў.

Данііл Ярмольчык — трэцякурснік гістарычнага факультэта Беларускага дзяр­жаўнага ўніверсітэта. Актыўны падчас вучэбнага працэсу (хлопец задзейнічаны ў арга­нізацыі ўнутрыфакультэцкіх мерапрыем­стваў), дома ён больш спакойны. Сведчанне гэтага — захапленні студэнта: мадэляванне і нумізматыка. У першым увасобілася няз­дзей­сная мара Данііла стаць машыністам цягніка, у другім — захапленне гісторыяй.

— Калі трымаеш манету — дакранаешся да гісторыі. Некалі ёй валодаў селянін ці заможны чалавек, пасля яна загубілася, захавалася ў зямлі падчас некалькіх войнаў і дайшла да мяне. Знаходзіш новую манету — і радуешся гэтаму, як самаму неверагоднаму ў тваім жыцці, — дзеліцца трэцякурснік.

Хлопец задзейнічаны ў студэнцкіх атрадах другі год запар. Першы раз Данііл з сябрамі ўжываўся ў ролю кантралёра грамадскага транспарту.

— За некалькі тыдняў я зразумеў, наколькі энергазатратная і складаная гэтая праца. Выпісваць штрафы, спакойна рэагаваць на выпады агрэсіўна настроеных пасажыраў адразу няпроста. Да таго ж, спачатку было цяжка ўставаць на раннія змены. Але калі чалавек цярплівы, хутка ўсё наладжваецца: ён вучыцца, становіцца больш разважлівым. А пасля прыходзіць задавальненне ад таго, што зарабіў уласныя грошы, — успамінае студ­атрадавец.

Потым хлопец быў камандзірам атрада па добраўпарадкаванні месцаў пахавання супрацоўнікаў БДУ. Да пачатку работ многія над­магіллі было няпроста знайсці, але за два тыдні моладзь справілася са сваёй задачай.

Перш чым набыць уласны вопыт, са студатрадаўскім рухам Данііл пазнаёміўся яшчэ ў дзяцінстве дзякуючы аповедам дзядулі, які працаваў у студэнцкіх атрадах у Казахстане.

— Дзядуля адзываўся пра такія паездкі з гумарам, расказваў пра сяброў, якіх знайшоў у гэты час. Яго было цікава слухаць, але я не мог падумаць, што некалі сам буду ўдзельнічаць у нечым падобным, — адзначае студэнт.

Данііл гаворыць, што вопыт работы ў студэнцкім атрадзе даў яму некалькі ўрокаў. Першы — усведамленне каштоўнасці грошай, заробленых самастойна. Другі — асваенне практычных навыкаў, якія спатрэбяцца ў далейшым (валоданне інструментам, навык камунікацыі з людзьмі). Таксама студ­атрад дазволіў трэцякурсніку развіць лідарскія якасці.

— У студатрадах бачна, як яднаецца каманда. Відавочны кантраст паміж першай сустрэчай, калі многія бянтэжацца падчас зносін з незнаёмымі людзьмі, і завяршэннем змены, калі не хочацца развітвацца, — лічыць Данііл Ярмольчык. — Чалавек, які меў такі вопыт, не будзе гаварыць пра штосьці неабгрунтавана — толькі праверыўшы на сабе. Упэўнены, што ў тых, хто працаваў у студатра­дзе, будзе больш успамінаў, у іх пашырыцца кола кантактаў і з’явяцца сябры — жыццё стане больш разнастайным.


Студэнты гавораць, што час, праведзены ў студатрадзе, прыносіць шмат “плюшак”. І справа не толькі ў добрым заробку ці пазачарговым засяленні ў інтэрнат. Падобны вопыт дазваляе ім паспрабаваць сябе ў новай дзейнасці, развіць лідарскія якасці і камунікацыйныя навыкі, вучыць вырашаць складаныя арганізацыйныя пытанні. Галоўнае, чым, на іх погляд, неабходна заручыцца перад паездкай, — жаданнем працаваць, якое не знікне пасля залічэння ў каманду. Але, як кажуць, лепей адзін раз убачыць…

Ірына ІВАШКА.
Фота з асабістых архіваў герояў.