Са Смаленска з новымі ідэямі

- 13:41Адукацыйная прастора, Адукацыйныя праекты

Прадстаўнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Віцебска абмяняліся вопытам арганізацыі адукацыйнага працэсу са смаленскімі калегамі і скаардынавалі планы далейшай сумеснай дзейнасці. 

Выязны семінар “Духоўна-маральная спадчына як аснова фарміравання і развіцця асобы навучэнца” прайшоў на базе гімназіі № 1 імя М.М.Пржавальскага. З беларускага боку ўдзельнікамі сталі больш за 40 чалавек — дырэктары, намеснікі дырэктараў, педагогі-арганізатары школ і гімназій Першамайскага раёна. Сустрэча адбылася ў рамках накіраванага на развіццё трансгранічнага супрацоўніцтва культурна-адукацыйнага праекта “Падарожнічаем, ствараем, пазнаём свет!”, што рэалізуе турыстычна-інфармацыйны цэнтр “Ілва” пры падтрымцы аддзела па адукацыі Віцебскага гарвыканкама і ўпраўлення адукацыі і мала­дзёжнай палітыкі адміністрацыі Смаленска.

Гімназія № 1 імя М.М.Пржавальскага мае багатую гісторыю. Заснаваная па загадзе Кацярыны Вялікай як народнае вучылішча, летась яна адзначыла сваё 235-годдзе — гэта адна з найстарэйшых адукацыйных устаноў Расіі. Першы набор складалі 48 навучэнцаў, якія займаліся па пяцідзённай сістэме: звычайна 6 гадзін штодня, субота і нядзеля — выхадныя. А вось канікулы былі карацейшымі, толькі месяц улетку. У 1804 годзе, згодна з імператарскім указам Аляксандра I, установу рэарганізавалі ў губернскую гімназію. Праз паўстагоддзя ўзнікла патрэба ў новым будынку. Першую цагліну ў яго падмурак пасля завяршэння пышнага малебну ўрачыста заклаў у 1858 годзе Аляксандр ІІ. Сярэбраныя малаток і лапатку, скарыстаныя расійскім самадзержцам, некалькі дзесяцігоддзяў захоўвалі ў дамавым храме гімназіі, пасля рэвалюцыі іх змясцілі ў Дзяржаўны гістарычны музей Масквы. Амаль непашкоджаны ў час Вялікай Айчыннай вайны будынак уяўляе сабой узор архітэктуры перыяду эклектыкі сярэдзіны ХІХ стагоддзя з характэрнымі матывамі класіцызму і італьянскага Рэнесансу, прызнаны аб’ектам культурнай спадчыны. 

Знаёмячы з гімназіяй, яе дырэктар Анжэла Слабо­дзіч падкрэсліла, што ўстанова неаднаразова мяняла назвы і вучэбныя праграмы, але нязменна захоўвала пераемнасць і пашану да традыцый. Педагагічны калектыў рэалізуе федэральныя дзяржаўныя стандарты на трох узроўнях агульнай адукацыі. Сёння тут вучыцца 894 дзіцяці, заняткі праходзяць у адну змену. Традыцыйна ў кожнай паралелі па тры класы (чатыры, як сёлета набралі ў пачатковай школе, — рэдкасць). У 2—7 класах гімназісты паглыблена вывучаюць англійскую і нямецкую мовы. Павышаную ўвагу ў віцяблян выклікалі сістэма матывацыі і арганізацыя заняткаў па апошнім з названых прадметаў — нямецкая мова вельмі запатрабаваная сярод смаленскіх навучэнцаў і бацькоў. У 8 класе пачынаецца дапрофільная падрыхтоўка, традыцыйна прапануюцца фізіка-матэматычны, сацыяльна-эканамічны, хіміка-біялагічны і лінгвістычны напрамкі. Дзевяцікласнікі прахо­дзяць першую дзяржаўную выніковую атэстацыю, якая ўключае экзамены па рускай мове, матэматыцы і двух прадметах на выбар, па жаданні ў навучэнцаў ёсць магчы­масць змяніць раней выбраны профіль. Старшакласнікі пераважна займаюцца па індывідуальных вучэбных планах. Для гэтага ў класах фарміруюцца групы па напрамках, зараз самы запатрабаваны — матэматыка, інфарматыка і замежная мова. Гімназісты вынікова ўдзельнічаюць у шматлікіх конкурсах, фестывалях і спаборніцтвах, усерасійскай прадметнай алімпіядзе школьнікаў — напрыклад, нядаўна навучэнка 9 класа стала прызёрам заключнага этапу алімпіяды па біялогіі. Выпускнікі паступаюць у ­прэстыжныя расійскія ВНУ. Варта адзначыць, што некаторыя спыняюць выбар на беларускіх установах вышэйшай адукацыі, даволі папулярны БДУ. 

Гасцей з Беларусі навучэнцы пачатковых класаў віталі гімнам гімназіі. Яго агульнае выкананне — частка традыцыйнага цырыманіялу пасвячэння ў гімназісты ў дзень нараджэння ўстановы. На пачатку навучальнага года тут практыкуюць дзень падарожніка. Кожны клас накіроўваецца па выбраным маршруце: малодшыя — па Смаленску і ваколіцах, старшакласнікі — па Расіі і часта па Беларусі; потым па матэрыялах падарожжаў рыхтуюць відэаагляды. Актыўна дзейнічае навуковае таварыства, штогод праводзіцца дзень навукі, калі дзеці абараняюць свае даследчыя работы. 

Анжэла Слабодзіч рас­казвае: “У 2017 годзе мы былі ўдастоены звання “Вядучая адукацыйная ўстанова Расіі”, а паводле мінулагодняга рэйтынга ўвайшлі ў лік 50 лепшых школ Расіі па канкурэнтаздольнасці выпускнікоў у сферы “Эканоміка і кіраванне”. Гімназія фарміруе глыбокія веды на аснове выхаваўчай сістэмы і шматгадовых традыцый, што грунтуюцца найперш на павазе да асобы навучэнца і педагога. Духоўна-маральныя ідэалы вынікаюць з нашай гісторыі. Арыентуемся на тых, хто дасягае поспеху ўласнымі інтэлектам, працай і талентам. Ганарымся сваімі выпускнікамі і выхоўваем моладзь на іх прыкладах”.

Сярод выпускнікоў гімназіі — яркая плеяда знакамітых дзеячаў навукі і мастацтва, педагогаў і ўрачоў, шасцёра Герояў Савецкага Саюза. Напэўна, найбольш вядомы — знакаміты рускі падарожнік, вучоны і першаадкрывальнік Мікалай Пржавальскі, імя якога ўстанова носіць з 1963 года. Пра асноўныя падзеі і памятныя даты, справы і дасягненні сваіх папярэднікаў з гордасцю расказалі юныя экскурсаводы на чале з настаўніцай гісторыі Аленай Гарохавай. Музею больш за 60 гадоў. 

У ходзе семінара абмяркоўваліся розныя аспекты работы ўстаноў адукацыі: сацыяльнае партнёрства, правядзенне грамадска значных мерапрыемстваў і патрыятычных акцый, дабрачыннасць і валанцёрства, арганізацыя харчавання, пазабюджэтнай дзейнасці, напаўняль­насць класаў, асаблівасці дакументаабароту, падрыхтоўка да Адзінага дзяржаўнага экзамену. У завяршэнне пяцікласнікі запрасілі на прагляд тэатральнай пастаноўкі паводле казкі Карнея Чукоўскага “Муха-Цакатуха”, якую прадставілі ў сучаснай інтэрпрэтацыі. Фестываль мастацтваў, які праводзяць у навучальнай установе, — традыцыя, якая звязвае пакаленні. Сёлета вясной яго правялі 56-ы раз (калі пачалі вывучаць гісторыю гімназіі, высветлілася: да рэвалюцыі былі падобныя тэатральныя гурткі). Да мерапрыемства маштабна рыхтуюцца з пачатку навучальнага года, тэатральную пастаноўку прэзентуе кожны клас. Да работы далучаюцца прафесіяналы: нала­джаны трывалыя кантакты з рэжысёрамі і акцёрамі смаленскіх тэатраў.

Алеся Іванова, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Першамайскага раёна Віцебска: 

“Пабывалі ў гасцях і яшчэ раз пераканаліся: мы больш падобныя, чым адрозніваемся, пункты судакранання ўсюды. Прывяду толькі некаторыя. Так, у нас таксама ёсць школьныя тэатры. Праўда, маштабных фестываляў унутры адной установы адукацыі не праводзім: звычайна рыхтуецца адна пастаноўка, затым яе прадстаўляюць на штогадовых раённым і гарадскім конкурсах. Нашы школьныя музеі выступаюць цэнтрамі грамадзянска-патрыятычнага выхавання і асветы, пошукавай і даследчай дзейнасці, пры кожным існуе аб’яднанне юных экскурсаводаў. Нашы навучэнцы штогод уваходзяць у лік пераможцаў міжнародных алімпіяд сярод школьнікаў. Між іншым на згаданай усерасійскай алімпіядзе перамагаюць. Ёсць і свая спецыфіка, каштоўныя напрацоўкі, цікавасць да іх вывучэння і трансляцыі ўзаемны. Напрыклад, мы многім можам падзяліцца з вопыту супрацоўніцтва з Праваслаўнай царквой, міжведамаснага узаемадзеяння, рэалізацыі аўтарскіх методык. Думаю, далей дыстанцыйнымі кантактамі не абмяжуемся. Чакаем візіту ў адказ, папярэднія дамоўленасці дасягнуты”.

 

Ірына Астапенка, дырэктар сярэдняй школы № 46 Віцебска імя І.Х.Баграмяна: 

“Вельмі цікава было параўнаць установу з вялікай гісторыяй з нашай школай у маладым мікрараёне, якой зусім нядаўна споўнілася 10 гадоў. Па-добраму пазайздросціла, калі даведалася пра кантынгент навучэнцаў. У нас іх 2052 у 79 класах, у смалян менш — з такой колькасцю дзяцей можна ведаць усіх пайменна і ў твар. З іншага боку, у нашай школе больш дасканалая база, лепшае матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу, сучасны выгляд і планіроўка, прасторныя класы, дзве спартыўныя залы і трэнажорная, вялікая актавая на 250 месцаў, што таксама больш, чым у названай гімназіі. Музей грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці сучасны і, хоць і малады, налічвае звыш 100 экспанатаў. Яго стваралі разам педагогі школы і адкрылі ў 2020 годзе, нягледзячы на складанасці кавіднага часу. Загадвае музеем наш выпускнік — студэнт ВДУ імя П.М.Машэрава. Юныя экскурсаводы прымаюць гасцей кожную суботу — у асноўным навучэнскія групы з устаноў адукацыі раёна і горада”.  

Таццяна БОНДАРАВА. 
Фота аўтара.